Жыхары гэтага партовага гораду на Азоўскім моры назвалі цяперашнія артабстрэлы самымі інтэнсіўнымі за апошнія тры месяцы. У рэпартажах з раёну баёў паведамляецца аб разбураных дамах у паселішчы Сартана, у пяці кілямэтрах ад Марыюпалю, а таксама аб пашкоджаньні нафтасховішча. Мясцовая паліцыя паведамляе, што ў Сартане пры абстрэлах загінулі жанчына і мужчына.
Паводле сэпаратыстаў, прынамсі тры чалавекі сталі ахвярамі абстрэлу ўкраінскімі войскамі горада Горлаўка, буйнога прамысловага цэнтру на паўночны ўсход ад Данецку. Паступалі паведамленьні і аб інтэнсіўным мінамётным абстрэле 17 жніўня гарадзкіх кварталаў Данецку, кантраляванага сэпаратыстамі. Прадстаўнікі мясцовай улады кажуць пра гібель дваіх гараджанаў.
Злучаныя Штаты ўсклалі віну на аб’яднаныя сілы сэпаратыстаў і Расеі за эскаляцыю нападаў на ўкраінскія падразьдзяленьні ва ўсходняй Украіне.
«Не можа быць ніякіх сумневаў у тым, хто адказны: Расея і сэпаратысты арганізуюць гэтыя атакі дакладна так, як яны абвастрылі канфлікт у жніўні мінулага году, — заявіў прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту Джон Кірбі. — Справаздачы АБСЭ паказваюць, што пераважная большасьць парушэньняў перамір’я ўчыняюцца аб’яднанымі сіламі Расеі і сэпаратыстаў».
Паводле словаў Кірбі, нападнікі спрабуюць стварыць пагрозу Марыюпалю. Ён падкрэсьліў, што спробы сэпаратыстаў захапіць новыя тэрыторыі будуць каштаваць высокую цану Маскве.
У адказ на пытаньне аб парушэньні ўмоваў перамір’я ўкраінскім бокам прадстаўнік дзярждэпартамэнту заявіў аб тым, што ЗША заклікаюць абодва бакі выконваць умовы менскіх дамоўленасьцяў. Аднак, паводле яго словаў, украінскія сілы адказваюць на атакі, яны маюць права на самаабарону.
Масква абвяргае абвінавачваньні Захаду ў падтрымцы сэпаратыстаў, якія ваююць у Данбасе.