Вярхоўны суд Расеі ў чацьвер разглядае калектыўны пазоў адваката, старшыні фонду «Свабода інфармацыі» Івана Паўлава, расейскіх журналістаў і актывістаў да Ўладзімера Пуціна. Пазоўнікі патрабуюць прызнаць незаконным указ прэзыдэнта, якім ён засакрэціў страты асабовага складу расейскіх ваенных «у мірны час у пэрыяд правядзеньня спэцыяльных апэрацыяў». На думку пазоўнікаў, з аднаго боку, указ накіраваны супраць расьсьледаваньняў аб гібелі расейскіх вайскоўцаў у Данбасе, з другога — закліканы адбіць у родных і блізкіх тых, хто загінуў, жаданьне мець зносіны з журналістамі ці патрабаваць матэрыяльных кампэнсацыяў у Міністэрства абароны.
Пазоў у Вярхоўны суд быў пададзены ў пачатку чэрвеня, указ Пуціна, які ўносіць папраўкі ў закон 1995 году «Аб дзяржаўнай таямніцы», быў падпісаны 28 траўня. Адбылося гэта пасьля таго, як адзін з пазоўнікаў — грамадзянскі актывіст Руслан Левіеў — выправіўся са сваім сябрам Вадзімам Каровіным у паездку па Расеі, каб знайсьці магілы загінулых ва ўкраінскай «камандзіроўцы» расейскіх салдат. Левіеву і Каровіну ўдалося ня толькі знайсьці пахаваньні, але і пагутарыць са сваякамі і мясцовымі жыхарамі, якія пацьвердзілі, што загінулыя былі кадравымі вайскоўцамі і загінулі «ў баі». Магілы былі сьвежымі, паводле дадзеных актывістаў, пахаваныя ў іх ваенныя загінулі 4 і 5 траўня.
Ужо вядома, што інтарэсы прэзыдэнта Расеі ў судзе будзе прадстаўляць Натальля Еліна, начальнік аддзела прэтэнзійнай і судова-прававой работы Мінабароны. У якасьці пазоўнікаў у справе акрамя Паўлава і Левіева выступаюць ваенны журналіст Аркадзь Бабчанка, аўтар рэпартажаў з Данбасу для тэлеканала «Дождь» Цімур Алеўскі, рэпарцёр «Новой газеты» Павел Каныгін, журналіст і былы палітвязень Рыгор Пасько, а таксама пскоўскі дэпутат Леў Шлосбэрг, які быў адным зь першых у Расеі, хто паведаміў пра пахаваньне ў Расеі загінулых на Ўкраіне дэсантнікаў, і іншыя. У інтэрвію Радыё Свабода Іван Паўлаў і Руслан Левіеў распавялі, чаму яны вырашылі аспрэчыць указ Пуціна, і пра свае чаканьні ад гэтага працэсу.
Іван Паўлаў, адвакат: «Зьяўленьне гэтага ўказу наўпрасткі зьвязанае з удзелам расейскіх салдат у канфлікце ва Ўкраіне»
«Цэнтральным аргумэнтам нашай скаргі стала тое, што ўказ прэзыдэнта аб засакрэчваньні стратаў асабістага складу ў мірны час не адпавядае закону «Аб дзяржаўнай таямніцы». У законе ўтрымліваецца вычарпальны пералік зьвестак, якiя складаюць дзяржаўную таямніцу. Гэта такі сьпіс катэгорыяў зьвестак, унутры якіх можа ўтрымлівацца сакрэтная інфармацыя. Зьвесткі пра страты асабістага складу ўзброеных сілаў не трапляюць ні пад адну з гэтых катэгорыяў, якія пазначаныя ў артыкуле 5 закону «Аб дзяржаўнай таямніцы». Міма гэтага аргумэнту суд прайсьці ня зможа, так ці інакш, яму давядзецца даць ацэнку. Мы ўжо атрымалі пярэчаньні на нашу скаргу прадстаўніка прэзыдэнта, яго ў дадзенай справе будзе прадстаўляць кіраўнік прававога дэпартамэнту Міністэрства абароны Натальля Еліна. У яе адказе была спроба «завесьці рака за камень», пагаварыць пра тое, што зьвесткі пра страты асабовага складу нібыта могуць раскрываць колькасьць войскаў. Мы паспрабуем прывесьці ёй нейкія прыклады, каб яна сама з колькасьці стратаў паспрабавала вылічыць колькасны склад вайсковага падразьдзяленьня, якое прымала ўдзел у той ці іншай спэцыяльнай апэрацыі.
Зразумела, што суд і ў іншых, менш рэзанансных справах, у якіх прасочваецца дзяржаўны інтарэс, ставаў на бок дзяржаўнага органа. Думаю, што і ў гэтай справе нам спадзявацца на прыхільнасьць суда было б, скажам так, бязглузда. Але мы гатовыя адстойваць сваю пазыцыю, у нас нарыхтавана некалькі хадайніцтваў, закліканых назапасіць доказную базу і запытаць з дапамогай суда іншыя дакумэнты, якія адносяцца да прадмета нашай спрэчкі. Можа быць, суд адкрые перад намі новыя пэрспэктывы, таму што Вярхоўны суд можа вытлумачыць указ такім чынам, што ён увойдзе ў супярэчнасьць і з канстытуцыяй. Тады для нас адкрыецца дарога ў Канстытуцыйны суд Расеі, да чаго мы таксама гатовыя.
Суд пакуль адкрыты, перадумоваў для яго закрыцьця няма, але калі ў судзе зьявяцца нейкія дакумэнты, якія ўяўляюць таямніцу, гэта можа адбыцца. У падобнага кшталту спрэчках гаворка ідзе не пра факты, а пра права, таму прадстаўляць суду доказы ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у канфлікце ва Ўкраіне мы не плянуем. Хоць мы разумеем, што адно з другім зьвязана, і зьяўленьне гэтага ўказу прэзыдэнта абумоўленае якраз падзеямі на паўднёвым усходзе Ўкраіны».
Іван Паўлаў выклаў у Фэйсбуку копіі як тэксту самой скаргі, так пярэчаньні Міністэрства абароны. У скарзе гаворыцца пра тое, што засакрэчваньне «стратаў асабовага складу» парушае канстытуцыйнае права грамадзян на пошук, атрыманьне і распаўсюд інфармацыі і закон аб сродках масавай інфармацыі. У пярэчаньні міністэрства, сярод іншага, гаворыцца, што крымінальнай адказнасьці падлягаюць толькі непасрэдна вінаватыя ў яе разгалошваньні, а значыць, указ не парушае закон аб СМІ.
Руслан Левіеў, грамадзянскі актывіст: «Мы працягваем расьсьледаваньне. Гэты ўказ — рычаг ціску і на журналістаў, і на сваякоў»
«Калі страты сталі сакрэтнымі, гэта стала дзейнічаць на ўсіх сваякоў нашых загінулых салдат. Сваякі пра гэты ўказ ведаюць і цяпер яшчэ больш баяцца прызнаваць, што іх сыны загінулі ва Ўкраіне, таму што баяцца, што іх пасадзяць. Мы таксама разумеем, што гэта „маячок“ нам, што калі мы будзем працягваць наша расьсьледаваньне, нас таксама могуць пасадзіць. Самі сваякі, з прычыны страты блізкага чалавека, зараз ні за што не гатовыя змагацца. Але я думаю, калі б не рэжым сакрэтнасьці, яны б падтрымалі наш пазоў, прынамсі вусна, словамі, а ня выступіўшы ў якасьці пазоўнікаў — гэта для іх занадта, вядома. Гэты ўказ — рычаг ціску і на журналістаў, і на сваякоў, напрыклад, каб не маўчалі, калі ім не выплочваюць кампэнсацыі. Пакуль жа мы працягваем сваё расьсьледаваньне, ня толькі шукаем сьвежыя пахаваньні ў сацыяльных сетках у інтэрнэце, але і адсочваем ў рэальнай абстаноўцы перамяшчэньне расейскай ваеннай тэхнікі да расейска-ўкраінскай мяжы і далей ва Ўкраіну».
Разгалошваньне дзяржаўнай таямніцы ў Расеі падпадае пад артыкул 283 Крымінальнага кодэксу і пагражае сям’ю гадамі калёніі. Паводле слоў Івана Паўлава, тут варта ўлічваць і такі артыкул КК, як «Дзяржаўная здрада»: «Пад гэты артыкул можна падвесьці, увогуле, нават дзеяньні, зусім ня злучаныя зь дзяржаўнай таямніцай. А ўжо тое, што зьвязана з гэтай таямніцай, дакладна падпадае пад такі артыкул. Там тэрмін пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі ад 12 да 20 гадоў».