Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль у вас такія лічбы? — экс-кіраўнікі выбарчых штабоў пра хаду падпісной прэзыдэнцкай кампаніі


Выбарчая кампанія-2015. Збор подпісаў
Выбарчая кампанія-2015. Збор подпісаў

Віктар Цярэшчанка заяўляе, што сабраў 105 тысяч подпісаў як патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты. Лібэрал-дэмакрат Сяргей Гайдукевіч тут жа заявіў пра свае 100 тысяч. Тацяна Караткевіч налічыла 75 тысяч, а казачы атаман Мікалай Улаховіч — 72 тысячы.

Да заканчэньня збору подпісаў застаецца 11 дзён, і шанцы Сяргея Калякіна (54 тысячы) і Анатоля Лябедзькі (42 тысячы) дасягнуць неабходнага 100-тысячнага бар’еру для рэгістрацыі выглядаюць ня самымі пэрспэктыўнымі.

Ніхто з прэтэндэнтаў нават блізка не параўняўся зь дзейным кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, які праз тыдзень ад старту падпісной кампаніі заявіў пра збор больш як ста тысяч подпісаў, а ўжо праз два тыдні меў больш за паўмільёна падпісантаў.

Ці вераць у гэтыя лічбы былыя кіраўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты?

Уладзімер Кобец
Уладзімер Кобец

«Лічбы Лукашэнкі бессэнсоўна камэнтаваць. Ён мог і 9 мільёнаў „сабраць“», — кажа Ўладзімер Кобец, экс-кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава ў 2010 годзе. Кобец як каардынатар кампаніі «Эўрапейская Беларусь» сьцьвярджае, што іхныя актывісты сочаць за выбарчымі падзеямі і адзначаюць надзвычайную апатыю людзей.

«Дзьве тысячы нашых чальцоў ініцыятыўнай групы зьбіралі подпісы ў 2010 годзе, і я ведаю, што гэта вельмі складаная і цяжкая праца. Мы сабралі 200 тысяч і здалі ў ЦВК больш за 150 тысяч. Гэта пры тым, што да пікетаў Саньнікава стаялі ў Менску чэргі, — распавядае Кобец. — Сёньня мы такіх чэргаў ня бачым. Мы добра ведаем па 2010-м годзе, хто і як здаваў. Сабралі подпісы толькі дзьве каманды — Саньнікава і Някляева. А тыя ксэракопіі і падробкі, што здавалі іншыя, гэта на сумленьні тых, хто іх здаваў. Як і для чаго гэта рабілі Лукашэнка зь Ярмошынай, гэта зразумела».

Уладзімер Кобец кажа, што ў 2010-м галоўным мабілізацыйным момантам удзелу была Плошча, і пра гэта казалі ўсе кандыдаты.

«Сёньня мне не зразумела, для чаго ўдзельнічаць у выбарах. Апроч таго, што зразумелая мэта Лукашэнкі — гэта атрымаць крэдыт з МВФ, зьняць сындром 2010 году. А для чаго ўдзельнічаць дэмакратычным актывістам і кандыдатам — не зразумела», — заключае Ўладзімер.

У 2010-м Павал Севярынец узначальваў штаб цяперашняга сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

«Лічбы падаюцца мне завялікімі для жніўня, — кажа Павал Севярынец. — У 2010-м мы зьбіралі ў актыўны час, і людзі сядзелі па кватэрах, і было выключна цяжка — і зьбіраць, і каардынаваць. Як зараз з гэтым спраўляюцца людзі зь меншай колькасьцю актывістаў — для мяне загадка».

Паводле Севярынца, найбольш эфэктыўны мэтад — пакватэрны абыход выбарцаў. Адзін чалавек, працуючы ад 17.30 да 21.00 можа сабраць 30-40 подпісаў.

«Калі чалавека ня ведаюць, калі ён не раскручаны, то зьбіраць на пікеце — гэта марнаваньне часу і сродкаў. Трэба траціцца на пікет, а зьбіраецца 10-20 подпісаў за дзень камандай з 2-3 чалавек», — кажа Севярынец. І тут жа сьцьвярджае, што насамрэч выбараў няма, а лічбы, якія агучваюць малараскручаныя кандыдаты, падаюцца яму нерэалістычнымі.

«Улаховіч, Цярэшчанка, Гайдукевіч — я прашу прабачэньня, я проста ня бачыў за гэтых людзей пікетаў, актыўнасьці. Гэта проста, на мой погляд, надзвычай „дзіўныя“ лічбы. Думаю, што гэта частка спэктаклю, які арганізоўвае Лукашэнка. Выбараў няма, і гэта тычыцца і збору подпісаў», — заключае ён.

Юры Меляшкевіч, які на папярэдніх выбарах узначальваў штаб Алеся Міхалевіча, задаецца пытаньнем, дзе Аляксандар Лукашэнка сабраў паўмільёна подпісаў.

Юры Меляшкевіч
Юры Меляшкевіч

«Вакол іх пікетаў ніякіх чэргаў і асаблівай актыўнасьці не назіралася. У пана Цярэшчанкі я бачыў за ўвесь час два пікеты, хаця я ўвесь час перамяшчаюся па Менску. І актыўнасьць вакол іх была вельмі нізкая. Найбольшая актыўнасьць была вакол пікетаў Караткевіч», — кажа Меляшкевіч. Ён сьцьвярджае, што ў 2010-м кампаніі тых жа Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава былі нашмат мацнейшымі.

«Ва ўмовах апатыі сабраць сто тысяч подпісаў у гэты выбарчы цыкль вельмі цяжка. Усе гэтыя заяўкі я разглядаю як палітычныя. Можа, яны спадзяюцца такім чынам падтрымаць свой актыў», — кажа ён. — Пабачым, як яны адрэагуюць на прапановы сумленнага кантролю, калі грамадзтва прапануе прайсьці праз працэдуру праверкі подпісаў у межах Руху «За свабоду» і кааліцыйных сяброў, якія зробяць грамадзкую ацэнку якасьці і збору подпісаў. Я спадзяюся, што на гэтую працэдуру хоць хтосьці пагодзіцца».

Працэдуру «грамадзкага кантролю» падпісных лістоў Рух «За свабоду» прапанаваў правесьці яшчэ ў сярэдзіне ліпеня. Аднак сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік адразу назваў падобную грамадзкую камісію «незаконным фармаваньнем».

Андрэй Дзьмітрыеў, экс-кіраўнік штабу Ўладзімера Някляева на выбарах-2010 і цяперашні кіраўнік штабу Тацяны Караткевіч, ацэньваць лічбы сваіх канкурэнтаў адмаўляецца, каб не выглядала занадта «непрыгожа». Але пагаджаецца распавесьці пра тое, якая сытуацыя ў іхным штабе.

Ён адзначае, што настроі выбаршчыкаў зьмяніліся за апошні час. Калі раней украінскія падзеі прывялі беларусаў у стан «агрэсіўнай апатыі» і боязі паўтарэньня крывавага сцэнару, то цяпер людзей нашмат больш хвалююць унутраныя праблемы.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Самы галоўны вораг для зборшчыкаў подпісаў — гэта лета, — кажа Дзьмітрыеў. — Людзі, якія зьбіраюць па кватэрах, асабліва ў вялікіх гарадах, кажуць, што дамы стаяць пустыя».

А вось у пікетах за Аляксандра Лукашэнку, сьцьвярджае Дзьмітрыеў, «выгналі стаяць і стар і млад».

«А ў рэгіёнах мы амаль нікога іншага не заўважаем. Таму мне падаецца, што ў гэтую кампанію подпісы зьбіраюцца нашмат марудней, чым у мінулую, — распавядае Андрэй Дзьмітрыеў. — Мы прыблізна ў гэты час за Някляева мелі ўжо 150 тысяч. А за Караткевіч у нас сёньня 75 на суботу раніцы. У два разы меней. І гэта таму, што і лета, і апатыя, і рэсурсы зусім іншыя — і чалавечыя, і ўвогуле».

Збор подпісаў сканчаецца 21 жніўня, і гэта ж апошні дзень іх здачы ў выбарчыя тэрытарыяльныя камісіі. Камісіі адбіраюць для праверкі ня менш за 20 працэнтаў сабраных подпісаў. Несапраўднымі лічацца подпісы ад няісных асобаў; калі няма ўсіх неабходных зьвестак пра падпісанта; калі адзін чалавек падпісаўся ад імя некалькіх розных асобаў і калі дата подпісу пастаўленая не самім падпісантам; калі падпісваецца чалавек, які ня мае выбарчага права ці нават калі подпіс зроблены алоўкам ці не рукою.

Усе подпісы на выбарчым лісьце могуць быць прызнаныя несапраўднымі, калі яны сабраныя не сябрам ініцыятыўнай групы, калі ліст не завераны сябрам ініцыятыўнай групы ці калі завераны сябрам групы, які насамрэч подпісы не зьбіраў.

5-я выбары прэзыдэнта Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка 2015 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG