Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іміджы прэтэндэнтаў у выбарчай кампаніі


Які свой вобраз прапануе грамадзтву дзейны кіраўнік дзяржавы на сёлетніх выбарах? Як прэзэнтуюць сябе апазыцыйныя прэтэндэнты? Чым іміджы сёлетняй кампаніі адрозьніваюцца ад іміджаў папярэдніх?

Які свой вобраз прапануе грамадзтву дзейны кіраўнік дзяржавы на сёлетніх выбарах? Як прэзэнтуюць сябе апазыцыйныя прэтэндэнты? Чым іміджы сёлетняй кампаніі адрозьніваюцца ад іміджаў папярэдніх?

Па гэтых пытаньнях у Праскім акцэнце вядуць гутарку: палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі, філёзаф, палітоляг Уладзімер Падгол і палітычны аглядальнік парталу TUT.BY Арцём Шрайбман.

Цалкам перадачу можна паслухаць тут

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:24:42 0:00
Наўпроставы лінк

Прапануем вам таксама тэкст гутаркі ў скароце.

Дракахруст: Якія вобразы прэтэндэнтаў паўстаюць у гэтай выбарчай кампаніі? Пачнём з дзейнага кіраўніка дзяржавы. Сустрэча з Дэпардзьё, гутарка з журналістамі TUT.BY, Свабоды і Эўрарадыё, лёзунгі пікетаў зборшчыкаў — які вобраз прэтэндэнта складаецца з гэтых элемэнтаў? Чым перадвыбарчае пасланьне Лукашэнкі ўзору 2015 адрозьніваецца ад папярэдніх чатырох? І як на гэты вобраз уплывае фон — складанае эканамічнае становішча і канфлікт ва Ўкраіне?

Падгол: Кампанія Лукашэнкі 2010 году была ў ідэалягемным полі мірнага будаўніцтва. Адсюль і абяцанкі заробку ў 1000 даляраў, і кватэру амаль кожнаму — карацей, беларускі рай. А ў 2015 годзе вайна ва Ўкраіне ўсё памяняла. І гэтая кампанія трапіла ў ідэалягемнае поле вайны. Адсюль і іміджы Лукашэнкі.

Лукашэнка «свой», як ніхто іншы з кандыдатаў

Першы імідж — міратворцы, які дамогся спыненьня вайны ва Ўкраіне. Другі імідж — Лукашэнка той палітык, які ня даў гэтай вайне перакінуцца на Беларусь. Трэці імідж — на нарадзе з прэм’ерам Кабяковым ён заявіў, што ў Беларусі ідзе «эканамічная вайна», і ён тут выступае ваяром і абаронцам беларускага народу. І чацьвёрты імідж ваяра і абаронцы — ён той, хто ня хоча дапусьціць расслаеньня паміж багатымі і беднымі, каб не дапусьціць рэвалюцыі.

Вы прыгадалі пра сустрэчу з Дэпардзьё. Ёсьць у Лукашэнкі іміджы, зьвязаныя зь ідэнтыфікацыяй «свой-чужы». Ён косіць траву, езьдзіць на камбайне, вучыць усяму гэтаму свайго сына. Ён «свой», як ніхто зь іншых прэтэндэнтаў.

Яшчэ адзін аспэкт вобразу — ён не змагаецца за ўладу, ён не ідзе на прэзыдэнцкія выбары, ён нязьменны кіраўнік дзяржавы.

Быкоўскі: Упершыню пасьля 1994 году прэзыдэнцкая кампанія адбываецца на фоне не павялічэньня, а зьніжэньня даходаў насельніцтва. Менавіта таму Лукашэнка адмовіўся ад лёзунгу «За моцную, квітнеючую Беларусь» і замяніў яго на лёзунг, які мы пабачылі пры зборы подпісаў — «За будучыню незалежнай Беларусі».

Лукашэнка адмовіўся ад лёзунгу «За моцную, квітнеючую Беларусь» і замяніў яго на «За будучыню незалежнай Беларусі»

Гэты лёзунг улічвае і небясьпеку вайны, якая віруе ў суседняй Украіне, і пагрозу з боку Расеі, якую адчувае частка насельніцтва. Што да антыбуржуазных сэнтэнцыяў, то гэта гучала і раней. Варта прыгадаць хаця б вызначэньне «вашывыя блохі» на адрас бізнэсоўцаў. Прадпрымальнікаў у Беларусі ня так і шмат. І стрэлкі на іх перавесьці заўсёды можна.

Шрайбман: Ня ўпершыню калі прэзыдэнту задаюць пытаньне пра канкрэтныя пляны, пра бачаньне, што будзе з эканомікай краіны, ён ухіляецца ад канкрэтных адказаў, гаворачы агульныя словы, што ўсё, маўляў, будзе добра. Гэта адлюстроўвае псыхалёгію многіх аўтарытарных лідэраў, якія лічаць, што важна паказаць людзям, што ўсё пад кантролем. Тое самае казаў Уладзімер Пуцін на прэсавай канфэрэнцыі напачатку гэтага году — што крызіс ня можа быць вечна, што праз пэўны час будзе «адскок». І там таксама гучаў тэрмін — праз два гады. Ідзе апэляцыя да базавай патрэбы людзей, каб іх супакоілі ў крытычнай сытуацыі.

У гэтай кампаніі прапаганда калі і будзе гаварыць пра эканоміку, то толькі ў плашчыні параўнаньня цяперашняга стану з 90-мі

І я б не перабольшваў значэньне лібэралізацыйных мэсіджаў, якія прагучалі ў інтэрвію прэзыдэнта тром недзяржаўным СМІ. Прэзыдэнт проста добра адчувае сваю аўдыторыю. Таму ў камунікацыі з расейскімі СМІ у яго гучаць саюзныя акцэнты, ў інтэрвію заходнім мэдыям — антырасейскія ноткі. Адказваючы на пытаньні беларускіх дзяржаўных журналістаў, ён будзе граміць апазыцыю. Адказваючы на пытаньні СМІ, якія ён успрымае, як апазыцыйныя, ён будзе паводзіць сябе больш стрымана.

Што да іміджаў, то я б адзначыў яшчэ адно пасланьне афіцыёзу і самога кандыдата — што абраньне любога іншага палітыка азначае вайну. Незразумела як і чаму, але гэта гучала і ў інтэрвію і ўсё часьцей гучыць у дзяржаўных СМІ.

Яшчэ адна цікавая рэч — акцэнт, які Лукашэнка і дзяржаўныя СМІ робяць на 90-х гадах. У эканоміцы зараз ганарыцца няма чым, таму даецца больш шырокі гістарычны погляд, маўляў, прыгадайце, дзе мы былі ў 90-я і дзе мы зараз. У гэтай кампаніі прапаганда калі і будзе гаварыць пра эканоміку, то толькі ў плашчыні параўнаньня цяперашняга стану з 90-мі. А будзеце патрабаваць шмат — дык паглядзіце на Ўкраіну.

У цэлым ўлада будзе падкрэсьліваць посьпехі ў зьнешняй палітыцы, а апазыцыя рабіць акцэнт на памылкі ва ўнутранай палітыцы.

Дракахруст: А зараз — пра іншых прэтэндэнтаў. Як яны прэзэнтуюць сябе праз свае інтэрвію, заявы падчас сустрэчаў з людзьмі, праз тое, што яны і іх паплечнікі гавораць на пікетах па збору подпісаў? Гэтыя вобразы адрозьніваюцца ад тых, празь якія падавалі сябе апазыцыйныя кандыдаты падчас папярэдніх кампаніяў?

Быкоўскі: Складана сказаць пра іміджы альтэрнатыўных кандыдатаў, бо ўсе яны кажуць, што выбараў няма. Лябедзька кажа, што яму патрэбныя 100 тысячаў подпісаў не дзеля таго, каб трапіць у выбарчы бюлетэнь, а каб яшчэ 2 месяцы камунікаваць з людзьмі ў рэжыме вялікіх магчымасьцяў. Яны тлумачаць, што атрымалі «доступ да мікрафону». Нешта падобнае кажуць і Калякін, і Караткевіч.

Калі па Менску ідзеш каля Кастрычніцкай плошчы і бачыш некалькі пікетаў, то толькі па сьцягах можаш вызначыць, што гэта пікет за Лукашэнку, а гэты за Караткевіч ці некага яшчэ.

Толькі па сьцягах можаш вызначыць, што гэта пікет за Лукашэнку, а гэты за Караткевіч ці некага яшчэ

Наколькі я бачыў, асаблівых размоваў пры зборы подпісаў не адбываецца. Туды прыходзяць ці людзі, якія ўжо вызначыліся, ці тыя, якія прыходзяць проста паспрачацца, але пра «касьмічныя караблі» — па пытаньнях кшталту добрая апазыцыя ці кепская. Пра праграмныя рэчы размоваў я ня чуў.


Шрайбман: Апатыя сапраўды назіраецца. Калі ў 2010 годзе да апазыцыйных пікетаў стаялі чэргі, то зараз ня толькі чэргаў няма, але дай Бог, каб хоць нехта падышоў.

Эканамічны крызіс дзейнічае не як каталізатар, а як інгібітар, ён не паскарае, не актывізуе, а падаўляе палітычную актыўнасьць

Я назіраў за некалькімі пікетамі ў розных гарадах, 80-90% людзей проста праходзяць міма. Але я мяркую, што прычына ня толькі ў тым, што лета. Зборшчыкі подпісаў распавядалі мне, што ў сярэднім нават увечары 8 з 10 кватэраў пустыя.

Але прычына і ў апатыі. У 2010 годзе, калі ўпершыню адбылася лібэралізацыя, людзям гэта было ў навіну. Не было Ўкраіны, якая зараз ёсьць палітычным фактарам, якая стрымлівае палітычную актыўнасьць.

Нават эканамічны крызіс дзейнічае не як каталізатар, а як інгібітар палітычнай актыўнасьці, калі карыстацца хімічнай тэрміналёгіяй. Гэта значыць крызіс не паскарае, не актывізуе, а падаўляе палітычную актыўнасьць. Людзі засяроджаныя на індывідуальным выжываньні, а не на высокіх матэрыях зьмены курсу.

Па маіх назіраньнях актыўна вядуць кампанію Тацьцяна Караткевіч і Анатоль Лябедзька. У мяне няма сумневаў, што Караткевіч будзе зарэгістраваная, гледзячы па тым, як да яе ставяцца дзяржаўныя СМІ.

Караткевіч прадставіла новы і паліттэхналягічна правільны вобраз. Яна спрабуе нэўтралізаваць страх, які ўзьнік пасьля Ўкраіны. Афіцыёз кажа: прыход да ўлады апазыцыі — гэта вайна. Караткевіч адказвае: якая вайна, калі мы за мірныя перамены? Якая вайна, паглядзіце на наш плякат — мілы, малады твар. Ня можа такі твар несьці вайну.

І многіх гэта пераконвае. Я быў на пікеце Караткевіч у Заслаўі. Нават прыхільнікі Лукашэнкі пасьля 5 хвілінаў гутаркі з прэтэндэнткай ставілі за яе подпісы. І пагаджаюцца, што альтэрнатыва на выбарах павінна быць.

Што тычыцца Лябедзькі, то ён шмат у чым паўтарае традыцыйныя апазыцыйныя схемы — гэта апанаваньне рэжыму ва ўсім. Але сытуацыя ва Ўкраіне і зьнешнепалітычныя посьпехі ўлады зрабілі адбітак і на яго кампаніі. Нават Лябедзька асноўны націск робіць на эканоміку, яго праграма — мільён новых працоўных месцаў і барацьба з карупцыяй.

Рэдкімі дзёрзкімі «выхадкамі» (у добрым сэнсе слова) робяцца пікеты наконт зьніклых палітыкаў і палітвязьняў. Але з выбаршчыкамі Лябедзька гаворыць пераважна пра эканоміку і карупцыю, на тэмы, якія, як ён лічыць, і не беспадстаўна, хвалююць выбаршчыкаў.

Падгол: Мае суразмоўцы казалі — я стаяў у пікеце, чуў тое і тое. Я бачыў, што ў пікеце Лябедзькі, калі ён «працаўладкоўваў» Лукашэнку, стаяла тры чалавекі. Лукашэнка стварае сабе яшчэ адзін імідж — ён маральны пракурор і судзьдзя. Ён, маючы магчымасьць з экрану ТБ ацэньваць і апазыцыю, і чыноўнікаў, назваў Лябедзьку папулістам, а Караткевіч пахваліў за любоў да беларускай мовы. А на наступны дзень сказаў, што добра было б, калі кандыдатам у прэзыдэнты быў кіраўнік ТБМ Алег Трусаў.

Кандыдаты, як жабракі, стаяць у пікетах і просяць подпісы

Лябедзька і Караткевіч — вобразна кажучы, студэнты ў палітычнай школе, якім трэба здаць іспыт — 100 тысячаў подпісаў. Лукашэнка ў першы дзень здаў гэтыя 100 тысячаў подпісаў, ён акадэмік і пра выбары ня думае.

Я прадбачу, што калі іх зарэгіструюць, ён абавязкова скажа, што пашкадаваў іх і адсьцягнуў ад свайго мільёну подпісаў Лябедзьку, Караткевіч і астатнім, каб іх зарэгістраваць і каб эўрапейцы не зьвягалі. А тое, што вы казалі — «мільён працоўных месцаў» і іншае — гэта пустата. Ёсьць кандыдаты, якія, як жабракі, стаяць у пікетах, і просяць подпісы.

Быкоўскі: Я ня згодны з такім падыходам. Сапраўды, ў інфармацыйнай прасторы дамінуе Аляксандар Лукашэнка. А той, хто кіруе інфармацыйнымі патокамі, можа ляпіць ярлыкі на іншых. Лукашэнка рабіў гэта і раней, наўрад ці нешта будзе перашкаджаць яму рабіць гэта і надалей.

Што тычыцца таго, што «людзі ў пікетах стаяць, як жабракі», то я з гэтым нязгодны. Там, дзе зьявіліся пікеты, мы бачым, да якіх зь іх падыходзяць людзі, а да якіх не. Часам бачна, што пікеты Фэдэрацыі прафсаюзаў ці «Белай Русі» стаяць без наведнікаў, а да апазыцыйных пікетаў падыходзіць хоць нехта.

Шрайбман: Уладзімер спрачаецца з вымысьленнымі апанэнтамі. Я не кажу, што словы Лябедзькі пра «мільён новых працоўных месцаў» чуе ўся Беларусь. Я гаварыў пра тое, як альтэрнатыўныя прэтэндэнты спрабуюць прэзэнтаваць сябе.

Я нязгодны зь яго ацэнкай пікетаў. Я вывучаў, як яны працуюць, назіраў за імі некалькі гадзінаў, і ня толькі ў Менску. Так, ёсьць масавая апатыя. Але пэўны сэгмэнт грамадзтва станоўча ставіцца да альтэрнатывы. Нямала тых, хто адмоўна рэагуе і на альтэрнатыву, і на дзейную ўладу. Нельга сказаць, што гэтыя пікеты ніхто не заўважае.


Падгол: Караткевіч і Лябедзька будуць «дзяўчынкай і хлопчыкам для біцьця». Я мяркую, што ў станоўчых ацэнках Караткевіч з боку афіцыёзу хаваецца пастка. Пачакаем да рэгістрацыі.

Караткевіч і Лябедзька будуць «дзяўчынкай і хлопчыкам для біцьця»

У пэўны момант гучыць каманда «Фас», і Караткевіч ператвараецца ў звычайную абыватэльку, сьціплую жанчыну, да якой будзе ўжывацца формула Ярмошынай — «хай боршч варыць». Яна добры чалавек, маці, жонка, паварыха... Чалавека можна зьнішчыць і камплімэнтамі. І гэта мы пабачым, калі Караткевіч зарэгіструюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG