Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сёньня публічна зьвярнуўся да патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў з заклікам правесьці грамадзкую праверку подпісаў, якія яны зьбіраюць за сваё вылучэньне.
Гэтую ініцыятыву ён агучыў на прэсавай канфэрэнцыі, якую праводзілі прадстаўнікі грамадзкай кампаніі па назіраньні за выбарамі «Права выбару-2015». Спадар Губарэвіч патлумачыў, чаму ён другі раз вяртаецца да гэтага закліку.
Юрась Губарэвіч лічыць, што ўлада імкнецца зрабіць выгляд, нібы выбары ў Беларусі пройдуць празрыста і дэмакратычна. І ў гэтую гульню яна, на думку першага намесьніка старшыні руху «За свабоду», уцягвае дэмакратычных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Спадар Губарэвіч згадаў журналістам учорашняе інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі:
«Учора прагучала неадназначнае пасланьне Аляксандра Лукашэнкі як да кандыдатаў, так і да выбарчых камісіяў. Ён заявіў, што ў 1994 годзе, калі ён зьбіраў подпісы, была вельмі жорсткая праверка. Толькі 120 тысяч подпісаў са 170 удалося правесьці празь сіта выбарчых камісіяў. І ён заклікаў камісіі сёлета ставіцца больш ляяльна да тых подпісаў, якія прынясуць кандыдаты. Гэта сыгнал для іх — сабралі вы сумленна альбо не сабралі неабходную колькасьць подпісаў, калі ласка, нясіце ўсё, што хочаце, у мае камісіі. Вынік будзе такі, які патрэбны для стварэньня „карцінкі“. А для „карцінкі“ неабходна вялікая колькасьць кандыдатаў, перадусім дэмакратычных.
Гэта патрэбна дзеля таго, каб Захад альбо прызнаў выбары, альбо адзначыў істотны прагрэс параўнальна з папярэднімі. І тут адказ за самімі дэмакратычнымі кандыдатамі — ці яны спакусяцца і пойдуць на фальсыфікацыю подпісаў і аднясуць іх у выбарчыя камісіі, ці не. Цяпер у кандыдатаў ёсьць шанец паказаць, што адзіная зброя, якую яны маюць, гэта — сумленнасьць, празрыстасьць, чэснасьць. Гэта тое, што іх адрозьнівае ад дзейнай улады.
Я думаю, што ў інтарэсах і саміх кандыдатаў, і незалежнага беларускага грамадзтва — стварыць незалежную камісію па праверцы подпісаў».
Гэтую ініцыятыву Юрась Губарэвіч агучвае ўжо другі раз. На першы зварот, які прагучаў пару тыдняў таму, выразнай рэакцыі ні з боку патэнцыйных кандыдатаў, ні грамадзкасьці не было.
На просьбу «Свабоды» прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацяна Караткевіч так пракамэнтавала сёньняшнія словы Юрася Губарэвіча:
«Наша каманда будзе працягваць зьбіраць подпісы. І фальсыфікаваць іх ня будзе. За гэта адказвае ўся наша каманда. Да грамадзкай праверкі я гатовая. Але да неабходнасьці гэтага ў мяне няма ніякага стаўленьня. У нас ёсьць свая ўнутраная сыстэма праверкі якасьці подпісаў — сапраўдныя яны ці не. Я сваёй службе кантролю давяраю. Калі іншыя кандыдаты палічаць гэта неабходным, я гатовая. Але для мяне цяпер галоўнае — назьбіраць гэтыя 100 тысяч подпісаў, афіцыйна зарэгістравацца кандыдатам і адстойваць інтарэсы значнай часткі грамадзтва».
Крытычна паставіўся да прапановы спадара Губарэвіча стаць незалежным аўдытарам яшчэ адзін прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду — лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін:
«Я яму прапаную лепей пастаяць каля заводаў і пазьбіраць подпісы. А знайсьці кантралёраў — мы знойдзем. Кантралёраў трэба скарачаць. У нас Лукашэнка разьвёў кантралёраў. Краіна кантралёраў! Гляджу, што некаторыя ў апазыцыі ад яго навучыліся. Справай трэба займацца. Было б што правяраць. А праверыць мы знойдзем як. Кантралёры з боку нам не патрэбныя».
Каардынатары кампаніі Дзяніс Садоўскі з партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, якая цяпер ствараецца, і Алесь Сілкоў з руху «За свабоду» выклалі журналістам мноства фактаў таго, што роўнасьці умоваў для апазыцыі ў параўнаньні зь ляяльнымі ўладам суб’ектамі ў гэтай выбарчай кампаніі няма ад пачатку. Напрыклад, 93,5% тэрытарыяльных выбарчых камісіяў будуць працаваць без удзелу прадстаўнікоў апазыцыі. Дэмакратычныя сілы супольна вылучалі ў іх склад 63 чалавек, зь якіх у камісіі ўключылі толькі 10. А вось ад БРСМ было 142 вылучэнцы. Абсалютна ўсе яны сталі чальцамі камісіяў. Скаргі ў суд не даюць плёну — суды яшчэ ні разу не прынялі рашэньня аб пераглядзе складу камісіяў.
«2000 сябраў тэрытарыяльных камісіяў па ўсёй Беларусі. Зь іх 10 — прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. У працэнтах гэта толькі 0,5%. Гэта нават не статыстычная хібнасьць, гэта проста нуль. Фактычна прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у тэрытарыяльных камісіях няма.
Улады пайшлі на пагаршэньне сытуацыі, калі параўноўваць з папярэднімі выбарчымі кампаніямі. І гэта безумоўна сьведчыць, што рыхтуюцца фальсыфікацыі. Гэта нават не хаваецца і ня робіцца выгляд, што можа быць нешта па-іншаму», — заявіў Дзяніс Садоўскі.
Кампанія «Права выбару» аб’ядноўвае восем палітычных і грамадзянскіх структур: партыі БНФ, БХД, БСДП (Грамада), «Зялёныя», рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу, прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці.