У Гомелі, другім па велічыні горадзе Беларусі, былі заўважныя пікеты па зборы подпісаў за чатырох прэтэндэнтаў на рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты — Тацяны Караткевіч, Сяргея Калякіна, Аляксандра Лукашэнкі і Анатоля Лябедзькі.
Ініцыятыўныя групы іншых прэтэндэнтаў у пікетах «не засьвяціліся». Асобныя чальцы групы падтрымкі Сяргея Гайдукевіча падыходзяць да пікетоўцаў, каб абмяняцца подпісамі: мы — за вашых, вы — за нашых.
На пляцоўцы каля новага ўнівэрмагу 4 жніўня шчыравалі адразу тры ініцыятыўныя групы — зьбіралі подпісы за Сяргея Калякіна, Аляксандра Лукашэнку і Анатоля Лябедзьку. За першую гадзіну вынік у зборшчыкаў амаль аднолькавы — паўдзясятка подпісаў плюс-мінус адзін ці два.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Няпомняшчых, зборшчык подпісаў за Анатоля Лябедзьку, стаіць на пікеце ў сваёй традыцыйнай майцы: «За Беларусь без Лукашэнкі».
«Зьбіраем за Лябедзьку, каб пакамунікаваць з народам. Расказваем, што адбываецца ў краіне, што выбараў няма — гэта нібы гульня шарлатанаў з народам у напарсткі пад назваю „выбары“. Людзі падыходзяць, праз аднаго-двух кажуць, што ў дзіцячых садках, на прадпрыемствах прымушаюць усіх прыносіць пашпарты на подпісы — каб паказаць усенародную любоў да нашага сонцападобнага Аляксандра Рыгоравіча».
Цікавімся ў суразмоўніка, як рэагуюць мінакі на такія развагі, калі чуюць іх ад зборшчыкаў подпісаў за дэмакратычных прэтэндэнтаў:
«Прыхільнікі Лукашэнкі могуць і плюнуць, і абазваць. На кантакт, каб пагутарыць, распавесьці, не ідуць. Няхай бы расказалі, а то, можа, я не разумею, што Лукашэнка такі выдатны — тады б я пайшоў за яго подпісы зьбіраць. І назьбіраў бы, можа, яшчэ больш, чым хто іншы. Але яны ня здольныя на дыялёг — у асноўным толькі хамства й хамства. Гэта пераважна пэнсіянэры. Бывае, і маладыя хамаватыя падыходзяць, але яны больш культурныя, чым гараджане сталага веку».
Уладзімер кажа, што нейкіх непаразуменьняў паміж зьбіральнікамі подпісаў за розных прэтэндэнтаў не ўзьнікае. Ёсьць толькі прапановы, у прыватнасьці, ад прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы Гайдукевіча:
«Прыбягаў з ініцыятыўнай групы Гайдукевіча, прасіў, каб мы яму паставілі подпісы, і абяцаў нам падпісаць. Але мы катэгарычна адмовіліся, бо гэта спарынг-партнэр Лукашэнкі. Падпісвацца — гэта сябе не паважаць».
Мэтраў за пяцьдзясят ці крыху болей ад пікету за апазыцыйнага палітыка подпісы за Аляксандра Лукашэнку зьбіраюць пад чырвона-зялёнымі сьцягамі прадстаўнікі «Белай Русі». Нагадваем інфармацыю Цэнтравыбаркаму, што за дзейнага кіраўніка дзяржавы ў тэрытарыяльныя камісіі пададзена ўжо 100 тысяч подпісаў. Дык ці варта далей зьбіраць?
Звычайна зборшчыкі подпісаў за Лукашэнку адмаўляюцца нешта казаць на публіку, аднак гэтым разам дзяўчына ад размовы не ўхіляецца:
«Тэрміны ёсьць, мы зьбіраем далей — яшчэ ёсьць ахвотныя. Ідуць людзі. Тры ці чатыры чалавекі за хвілін 15–20 падпісаліся».
Суразмоўніца кажа, што нейкай асаблівай інфармацыі пра Аляксандра Лукашэнку зборшчыкі подпісаў гараджанам не даводзяць, бо яшчэ ня час гэта рабіць: «Ня маю права ніякай агітацыі весьці».
Нагадваем, што перад трэцім прэзыдэнцкім тэрмінам Аляксандар Лукашэнка публічна прасіў грамадзянаў Беларусі дазволіць першаму прэзыдэнту балятавацца трэці раз. Цяпер Лукашэнка зьбіраецца балятавацца на пяты тэрмін і дазволу ўжо ні ў кога не пытае, бо праз рэфэрэндум была ўнесена папраўка ў Канстытуцыю — абмежаваньне ў два прэзыдэнцкія тэрміны скасаванае:
«Давайце ня будзем пра гэта са мной. Думаю, што ня варта», — кажа зборшчыца подпісаў за дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Крокаў за трыццаць-сорак ад пікету «Белай Русі» былы малалетні вязень фашыстоўскага лягера Ўладзімер Мышак зьбірае подпісы за лідэра партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна. Распавядае, што напярэдадні сярдзітая пэнсіянэрка і двое мужчын нападпітку нават пагражалі яго расстраляць:
«Дзевяноста ці нават дзевяноста пяць адсоткаў людзей, зь якімі камунікаваў, супраць Лукашэнкі. Гэта мяне зьдзівіла. Адчуваецца, што набалела на душы. Нават многія пэнсіянэры супраць. Вядома, ёсьць і пэнсіянэры, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Адна бабуля страшыла, што мяне трэба расстраляць. Ёсьць хамства. Але на хамства мы хамствам не адказваем. Учора падыходзілі два п’яныя мужыкі з прэтэнзіямі: „Мы будзем страляць тых, хто супраць Лукашэнкі. І цябе расстраляем, бо ты супраць“. Лічаць, як і вяшчаюць па тэлебачаньні, што Лукашэнка — гэта гарантыя стабільнасьці, цішыні й спакою».
Спадар Уладзімер кажа, што на такія заявы ў яго свае аргумэнты:
«Дык я й пытаюся: «А хто віноўнік рэвалюцыяў і гэтых войнаў? Улада! Ва Ўкраіне хто вінаваты, што ўзьнікла такая сытуацыя? Канечне, улада, Пажыцьцёва чалавек ня можа быць прэзыдэнтам, бо ўяўляе сябе Богам, разумнейшым за ўсіх на сьвеце. Трэба, каб была зьмяняльнасьць».
Паводле зборшчыка, даволі часта каля пікету гучыць і пытаньне: дзе той жа Калякін возьме сродкі на пераўтварэньні, рэформы?
«Дзе ён грошы возьме? Зь неба ж яны ня зваляцца, калі вытворчасьць скарачаецца. Я адказваю, што Калякін ведае, як выцягнуць бэгемота з балота. Скарачэньне бюракратычнага апарату — гэта ўжо грошы. Усё ён патлумачыць, дайце яму выступіць перад народам».
Малады гамяльчук, які назваўся Іванам, толькі што падпісаўся за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Калякіна:
«Спадабаўся тым, што хоча правесьці рэальныя зьмены ў нашай краіне і прапануе канкрэтныя дзеяньні».
Зрэшты, суразмоўнік ня надта дае веры, што выбары будуць празрыстымі й справядлівымі:
«Якія справядлівыя? У нас толькі адзін кандыдат заўсёды перамагае — гэта Лукашэнка».
На рагу вуліцы Інтэрнацыянальнай і праспэкта Леніна ўжо каторы дзень стаяць поруч пікеты па зборы подпісаў за Тацяну Караткевіч і Аляксандра Лукашэнку. Нават нядоўгае назіраньне паказвае, што больш людзей спыняецца каля пікета за Караткевіч.
Гамельчукі патрабуюць ад зборшчыкаў тлумачэньняў: чаго чакаць ад яе грамадзянам Беларусі? Але зборшчыкі толькі папярэджваюць: 12 жніўня на гэтым месцы будзе сама Тацяна Караткевіч — яна і адкажа на ўсе пытаньні.
Зборшчыца подпісаў Алена Лінкевіч:
«Я баюся штосьці сказаць лішняе, бо яе могуць зьняць з выбараў. Разумееце, што пра сваю праграму яна зможа казаць, калі яе зарэгіструюць як кандыдата на прэзыдэнта. Цяпер жа за яе мы павінны сабраць да 21 жніўня сто тысяч подпісаў. Я тут стаю толькі 15 хвілін — лічыце, колькі ў мяне подпісаў... пяць, шэсьць, сем, восем. Людзі самі спыняюцца, сілай сюды ніхто не зазывае».