Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страшная праўда гнілога Захаду: геяў прымушаюць быць лесьбіянкамі


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Сярод камэнтатараў Свабоды ёсьць такі Бенедзікт – дзядзя абстаяцельны і рассудзіцельны. У кожным разе, ягоныя допісы іншы раз змушаюць мяне засяродзіцца – што ня так думаю я сам.

Гаворкі нашыя зь Бенедзіктам доўжацца да пэўнае мяжы. Я працягваю сумнявацца ў нейкіх пастулятах, а Бенедзікт ужо апускае шлягбаўм – канец размовы, далей пачынаецца запаведнік сьвятых стэрэатыпаў, куміраў і тых вучэньняў, якія «ўсемагутныя, таму што верныя».

У адрозьненьне ад многіх камэнтатараў, Бенедзікт старанна падбірае словы, каб максымальна дакладна выказаць сваю думку. Гэта імпануе ў суразмоўцу, і мы, бывае, дыскутуем. Але, паўтаруся, да пэўнай мяжы.

Адзін такі нядаўні ступар змусіў мяне да рэфлексіі.

Бенедзікт: Няма змаганьня супраць Захаду. Ёсьць іншае – непрыняцьце пэўных зьяваў, якія навязваюцца беларускаму грамадзтву з Захаду.

Я: Беларускаму грамадзтву нешта навязваецца з Захаду? Хацеў бы я паглядзець, якім чынам гэта адбываецца, факты – каб менавіта «грамадзтву» і менавіта «навязвалася». Г. зн. каб усім і каб нельга было прайсьці міма.

Бенедзікт: Тролінгам не займаюся.

Для мяне істотна, што пасыл суразмоўцы пра «пэўныя зьявы, якія навязваюцца беларускаму грамадзтву з Захаду», распаўсюджаны ў гэтым самым грамадзтве дзякуючы расейскім прапагандысцкім тэлеканалам і іх менскім філіям. Што да самой зьявы «навязваньня», дык яе нідзе, ні ў якім аб’ёме і ні ў якім маштабе няма. Гэта чысьцейшай вады прапагандысцкі жупел.

Бенедзікт, яшчэ раз, заўсёды вельмі дакладны ў словах. Чаму я і прыстаў да яго з гэтым ягоным пастулятам.

«Пэўныя зьявы» можа «навязваць грамадзтву» толькі прапаганда. У Беларусі заходняя прапаганда (калі такая ёсьць) прысутнічае толькі і выключна ў крамлёўскай інтэрпрэтацыі. Згаданы пастулят штодня паўтараецца на ўсе лады і крэпка засеў у сярэднестатыстычнай беларускай галаве, а таксама ў маргінальных галовах сэктанцкага толку (але гэта ўжо не пра грамадзтва).

Але на пастулятах далёка не заедзеш, яны – што ўладныя, што апазыцыйныя – галоўныя «скрэпы» застою ў грамадзкім жыцьці.

Я так думаю.

І, як заўсёды, пакідаю камэнтатарам прастору для абвяржэньня маіх высноваў. Дайце факты наўпроставае заходняе прапаганды ў Беларусі, таго, як «пэўныя зьявы навязваюцца беларускаму грамадзтву з Захаду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG