Вечарам 30 ліпеня у сусьветны пракат выйшаў пяты фільм з цыклю «Місія невыканальная: Нацыя ашуканцаў». Аднымі зь першых стужку пабачылі гледачы ў Чэхіі. У беларускіх кінатэатрах фільм зьявіцца 6 жніўня.
Паводле сюжэту, амэрыканскія сакрэтныя агенты спрабуюць выкрыць міжнародны тэрарыстычны «Сындыкат», які забівае палітыкаў ды ладзіць тэракты па ўсім сьвеце. Задача ўскладняецца тым, што ў змове з тэрарыстамі многія высокапастаўленыя службоўцы і палітычныя дзеячы.
Дзея стужкі распачынаецца ў Беларусі. Агенты сакрэтнай службы спрабуюць пранікнуць на борт самалёта, які вось-вось узьляціць з вайсковага аэрадрому ў Менску. Пакуль напарнік пры дапамозе айпаду спрабуе ўзламаць расейскамоўную сыстэму кіраваньня Аэробусам і адамкнуць дзьверы, агент Ітан Хант (Том Круз) на ўзьлёце чапляецца за крыло, адкуль пераскоквае ў багажны адсек. Там партыя хімічнай зброі, якая мае ляцець зь Менску ў Дамаск. Спэцагенту ўдаецца спыніць перасылку небясьпечнага грузу.
Іншыя публікацыі па тэме: Беларусь сярод 20 найбуйнейшых гандляроў зброяй
Дзеяньне фільму зь Беларусі перамяшчаецца ў Малайзію, пазьней ЗША, Вялікабрытанію, Кубу, Францыю, Аўстрыю, і ўрэшце ў Марока.
Сцэна ўзьлёту аэробуса «А400М Атлас» здымалася на вайсковай базе ў Вялікабрытаніі. Зялёныя палі і лясы сапраўды нагадваюць Беларусь.
У сьпісе актораў на партале IMDB ажно тры ролі адведзеныя беларускім вайскоўцам і злачынцам. Напрыклад, ролю беларускага салдата, які суправаджае хімічную зброю і на борце самалёта сутыкаецца з Томам Крузам, сыграў Дзяніс Харашко, беларускі актор, які жыве і працуе ў Лёндане.
Як сьцьвярджаюць аўтары стужкі, большасць трукаў у фільме Круз выканаў самастойна. Да прыкладу, ён навучыўся затрымліваць дыханьне пад вадой на шэсьць хвілінаў і праляцеў за бортам ваенна-транспартнага самалёта на вышыні 1700 мэтраў над зямлёй.
Ужо абвешчаны пачатак працы над баевіком «Місія невыканальная 6». Здымкі фільму пачнуцца наступным летам.
Чатыры папярэднія карціны цыклю «Місія невыканальная» сабралі ў сусьветным пракаце больш за два мільярды даляраў. Такім чынам, франшыза стала адной з самых прыбытковых для студыі Paramount Pictures.
Варта ведаць!
Паводле справаздачы Стакгольмскага інстытуту дасьледаваньня праблемаў міру (SIPRI), Беларусь уваходзіць у першую дваццатку найбольшых дастаўнікаў зброі ў сьвеце. Гэты рэйтынг быў складзены на падставе зьвестак па сусьветным экспарце звычайных ўзбраеньняў у 2008–2012 гадах. Пяцёрку найбольшых пакупнікоў зброі ў 2008–2012 складалі: Індыя, Кітай, Пакістан, Паўднёвая Карэя і Альжыр.