Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін 20 ліпеня ня змог адкрыць рахунак для стварэньня асабістага фінансавага фонду прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду.
Пра гэта палітык паведаміў БелаПАН.
Калякін зьвярнуўся ў 514-е аддзяленьне «Беларусбанку» ў Менску з усімі неабходнымі дакумэнтамі, каб адкрыць рахунак. Аднак яму сказалі, што нічога адкрыць ня могуць, і запатрабавалі пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты.
«Я паспрабаваў растлумачыць, што яшчэ да кандыдата ў прэзыдэнты трэба сабраць подпісы. Яны ў выніку сказалі, што нічым дапамагчы ня могуць», — распавёў палітык.
Затым Калякін патэлефанаваў у кол-цэнтар «Беларусбанку», дзе яму таксама сказалі, што ніякіх указаньняў яны не атрымлівалі на гэты конт і будуць разьбірацца. Тое ж самае палітыку сказалі ў Нацыянальным банку. У Цэнтравыбаркаме сказалі, што будуць разьбірацца. У выніку Сяргей Калякін так і ня змог адкрыць рахунак.
«Лукашэнка заяўляў, што ўлада здае экзамэны на гэтых выбарах. Маё ўражаньне, што яны ўжо дапрацаваліся наагул да ручкі, калі такія простыя рэчы, як узгадненьне паміж двума ведамствамі, ня могуць вырашыць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, ня ведаюць нормаў закону. Гэта кажа пра поўны параліч улады. Я не дзіўлюся, што яны ня могуць забясьпечыць людзей працай, выплаціць ім нармальны заробак. Ім трэба „адзінку“ за арганізацыю выбараў ставіць. Адзіная магчымасьць фінансаваньня кампаніі праз выбарчы фонд проста ня можа быць рэалізаваная з-за бяздарнасьці і няспраўнасьці чыноўнікаў», — адзначыў Калякін.
Калякін кажа, што па законе мог адкрыць рахунак яшчэ 17 ліпеня, калі ЦВК зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу.