Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары пройдуць без палітвязьня Статкевіча, рудой Першынай і бізнэсоўца Канаўца


Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік

ЦВК зарэгістраваў 8 з 14 ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты.

Першай разглядалі справу бізнэсоўца Андрэя Канаўца. Яму адмовілі ў рэгістрацыі, бо ён адбываў турэмнае пакараньне на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і ў выніку перапыніў 10-гадовы тэрмін знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі.

Затым зарэгістравалі ініцыятыўныя групы Тацяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Было адзначана, што сьпіс ініцыятыўнай групы лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі падрыхтаваны на вельмі высокім узроўні.

Асноўныя баталіі разгарнуліся вакол рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча. Жонка палітвязьня і кіраўніца ягонай ініцыятыўнай групы Марына Адамовіч спрабавала даказаць, што рэгістрацыя ініцыятыўнай групы і рэгістрацыя кандыдата ў прэзыдэнты — гэта розныя рэчы. Паводле яе слоў, магчыма, можна спрачацца наконт рэгістрацыі Мікалая Статкевіча як кандыдата ў прэзыдэнты, але не выклікае ніякага сумневу, што ягоную ініцыятыўную групу трэба рэгістраваць.

Яе падтрымаў і былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў. Ён задаў пытаньне: якія канкрэтна параграфы Выбарчага кодэксу парушаны пры падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча? Адказу на сваё пытаньне ён не атрымаў.

Статкевіч ня можа быць кандыдатам. Калі вас не задавальняе мой адказ, вы можаце зьвярнуцца ў Вярхоўны суд

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сказаў: «Статкевіч ня можа быць кандыдатам. Калі вас не задавальняе мой адказ, вы можаце зьвярнуцца ў Вярхоўны суд». Пасьля гэтага Лазавік паставіў пытаньне на галасаваньне, і ўсе сябры ЦВК прагаласавалі за тое, каб адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча.

Пасьля гэтага Ўладзімер Някляеў, зьвяртаючыся да сябраў ЦВК, на ўсю залю заявіў: «Вы злачынцы. Не Статкевіч злачынца, а вы злачынцы».

Марына Адамовіч, пакінуўшы залю паседжаньня, сказала карэспандэнту Свабоды, што сёньня пасьля 17.00 яна атрымае афіцыйныя дакумэнты пра разгляд справы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, пасьля чаго на рашэньне ЦВК будзе пададзеная скарга ў Вярхоўны суд Беларусі.

Таксама не былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы Аляксандра Юдаева, Ірыны Першынай, Сяргея Заблоцкага і Тамары Біруковай. Падстава тая, што ў ініцыятыўных групах не набіралася нават 100 чалавек і дакумэнты былі дрэнна аформленыя.

Ініцыятыўныя групы Жанны Раманоўскай, Віктара Цярэшчанкі і Мікалая Ўлаховіча былі зарэгістраваныя.

На мінулым тыдні ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG