Былы віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі футбольных асацыяцый (ФІФА) Джэфры Уэб не прызнаў сваю віну ў судзе Нью-Ёрка, дзе разглядалася справа аб маштабнай карупцыі ў ФІФА .
Ён быў адпушчаны пад даўгавое абавязальніцтва на 10 мільёнаў даляраў.
50-гадовы грамадзянін Вялікабрытаніі і Кайманавых выспаў, Джэфры Ўэб здаў свае пашпарты ФБР і павінен заставацца ў межах 20-кілямэтровага радыюсу ад будынка суду.
Даўгавое абавязальніцтва падпісалі яго жонка, грамадзянка ЗША, яе бацькі і бабуля, а таксама яшчэ 6 чальцоў сям'і.
Ўэб стаў першым былым чыноўнікам ФІФА, які паўстаў перад судом у сувязі са скандалам, які літаральна скалануў увесь футбольны сьвет.
Былы віцэ-прэзыдэнт міжнароднай футбольнай фэдэрацыі - адзіны зь сямі арыштаваных у Цюрыху футбольных чыноўнікаў, хто не аспрэчваў экстрадыцыю ў ЗША. Ён быў дастаўлены ў Нью-Ёрк з Швайцарыі 15 ліпеня.
Усяго па справе праходзяць 14 чалавек, якія абвінавачваюцца ў вымагальніцтве, рэкеце, адмываньні грошай, махлярстве і атрыманьні хабараў на суму ў 150 мільёнаў даляраў на працягу 24-х гадоў.
Абвінавачваньне чыноўнікам і прадпрымальнікам было прад'яўлена судом Нью-Ёрка ў траўні.