Суд вызваліў абвінавачанага ад крымінальнай адказнасьці, прызначыўшы яму прымусовае псыхіятрычнае лячэньне і прызнаўшы, што злачынствы былі зьдзейсьненыя ў стане неcьвядомасьці, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду Беларусі. Рашэньне Менскага гарадзкога суду можа быць абскарджана ў ВС цягам 10 дзён.
Судовы працэс у гэтай справе праходзіў у закрытым рэжыме, каб не разгалошваць лекарскую таямніцу, паколькі абвінавачаны прызнаны неасудным, безь яго прысутнасьці. З такой просьбай выступіла дзяржаўная абвінаваўца.
Бізнэсовец абвінавачваўся ў прычыненьні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў чальцам сваёй сям’і, прычыненьні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў іншым асобам у выніку сутыкненьня транспартных сродкаў, якія прывялі да сьмерці пацярпелых, прычыненьні шкоды (ч. 1 арт. 14; п.1, 2, 6 ч. 2 арт. 139 ; п. 1, 5, 16 ч. 2 арт. 139; ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэксу).
Згодна з судовай псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызай, у момант злачынстваў мужчына не ўсьведамляў сваіх дзеяньняў з прычыны псыхічнага стану. Крымінальная справа была накіраваная ў суд для прыняцьця рашэньня аб ужыцьці да абвінавачанага прымусовых захадаў бясьпекі і лекаваньня.
Мянчук 1976 году нараджэньня раніцай 8 лістапада 2014 году, знаходзячыся дома, нажом параніў сваю жонку і малалетніх сына і дачку. Адразу пасьля гэтага ён сеў у свой аўтамабіль «Аўдзі-А8» і зьдзейсьніў дарожна-транспартнае здарэньне, у якім загінулі муж і жонка, якія ехалі на «Аўдзі-100», а таксама пашкодзіў яшчэ некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў.
Дзеяньні абвінавачанага на пачатковым этапе сьледзтва былі кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства, зьдзейсьнены пры абцяжарваючых абставінах), ч. 3 арт. 317 КК (парушэньне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць двух асобаў). Расьсьледаваньне праводзіла галоўнае сьледчае ўпраўленьне цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Беларусі.
За дзень да трагедыі мужчына прыходзіў з нажом у дзіцячы садок, які наведвалі яго дзеці. Загадчыца дзіцячага сада выклікала міліцыю, але да яе прыбыцьця мужчына сышоў. А патрапіць да яго ў дом супрацоўнікі органаў унутраных спраў не змаглі.
Як паведаміў журналістам 2 красавіка міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, некалькі супрацоўнікаў МУС атрымалі дысцыплінарныя спагнаньні ў сувязі з трагедыяй на вуліцы Гая.
«Пакараныя яны за непрафэсіяналізм. Фармальна яны выканалі ўсё тое, што патрабуюць нашы загады. Але загадамі кожную жыцьцёвую сытуацыю не апішаш, і мы патрабуем нефармальнага падыходу кожнага супрацоўніка. Яны не знайшлі чалавека з нажом, а павінны былі знайсьці, нягледзячы на тое, што яго не было на месцы. Пакараныя трое ці чацьвёра афіцэраў», — сказаў тады Шуневіч.