10 ліпеня ва Ўфе на саміце краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) кіраўнікі дзяржаў, што ўваходзяць у гэтую міжнародную арганізацыю, вырашылі надаць Беларусі новы статус — «краіны-назіральніцы пры ШАС». Выкарыстоўваючы спартыўную тэрміналёгію, можна казаць, што Беларусь паднялася з трэцяй лігі ў другую. Дагэтуль у нашай краіны быў статус «партнэра па дыялёгу».
Сёньня ШАС спачатку правяла ўнутраныя перастаноўкі. Статус чальцоў арганізацыі атрымалі Індыя і Пакістан, якія дагэтуль былі ў групе «краін-назіральніц». Затым Беларусь перавялі з «партнэраў па дыялёгу» ў назіральнікі. А ўжо пасьля гэтага арганізацыя пашырылася на чатыры новыя краіны — Азэрбайджан, Армэнія, Камбоджа і Нэпал цяпер будуць «партнэрамі па дыялёгу».
«Ад таго, што Беларусь паднялася на прыступку вышэй, вялікіх дывідэндаў чакаць не даводзіцца», — кажа Свабодзе аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў:
«Я думаю, што гэта збольшага такое фармальнае зьмяненьне статусу. Магчыма новы статус дазволіць Беларусі больш дэталёва абмяркоўваць вялікія праекты, кшталту „Шаўковага шляху“, які Кітай зьбіраецца рэалізаваць у тым ліку і празь Беларусь. Але нейкіх прарыўных наступстваў назіральніцкага статусу чакаць не выпадае».
Не чакае прарываў ад новага статусу і кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў, які адзначае, што тут шмат што залежыць ад асабістых кантактаў кіраўнікоў краін, незалежна ад таго, да якой «катэгорыі» ўнутры ШАС яны належаць:
«Прэзыдэнты там размаўлялі паміж сабой, і можна паспрабаваць нешта з гэтага выкарыстаць. Вось перадаюць пра размову Лукашэнкі з прэзыдэнтам Бразыліі (дарэчы, гэтая краіна наагул не ўваходзіць у ШАС, а толькі ў БРІКС). І агульны сэнс размовы такі — у нас ёсьць чым гандляваць, і ў вас ёсьць чым. Няхай дэлегацыя зьезьдзіць у Бразылію, а іхная — у Беларусь.
Такая ініцыятыва праяўляецца пры першай сустрэчы. пры завязваньні кантактаў. І падаецца гэта пра эканамічныя кантакты — маўляў, давайце мы, прэзыдэнты, падштурхнем нашы ўрады. Карацей, курс такі — ісьці туды, дзе нас яшчэ ня ведаюць».
«На першы погляд, уздым Беларусі на адну прыступку ў структуры ШАС — невялікая справа. Але, як мне падаецца, гэта зроблена з ініцыятывы Расеі і зусім не выпадкова», — адзначае ў размове са Свабодай кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін:
«Гэта спроба Расеі ўмацаваць свае пазыцыі ў супрацьстаяньні з Захадам, у тым ліку і праз БРІКС і ШАС. І, вядома, Расея цягне за сабою Беларусь як свайго найбліжэйшага сатэліта. Дарэчы, у свой час Беларусь падавала заяўку на ўступленьне ў ШАС — адразу ў чальцы гэтай структуры. Але тады нам адмовілі на той падставе, што Беларусь — не азіяцкая краіна. Так бы яе прынялі, бо там такія краіны нармальна будуць глядзецца.
А што цяпер прыпаднялі гэты статус, то гэта якраз і адбываецца ў кантэксьце гэтага супрацьстаяньня — Расея супраць Захаду».
Наступны саміт ШАС заплянаваны на 2016 год, і пройдзе ён у Ташкенце.