Рэгулярна ў сваёй практыцы я сустракаю людзей, якія пакутуюць ад наступстваў зноў папулярнай моды — кетонавай дыеты.
Адметная рыса гэтай дыеты — яна дазваляе досыць тлушчу, мяса і забараняе вугляводы (хлеб,слодычы, выпечку, макароны і г.д.). Пры тым страчаныя кіляграмы (часта гаворка ідзе пра дзесяткі кіляграмаў) вяртаюцца зь лiшкам пасьля выхаду з дыеты. У гэтых людзей назіраецца панічны страх перад вугляводамі. У такіх выпадках я тлумачу кліентам асаблівасьці мэтабалізму нашага арганізму, а затым паступова вяртаю іх на шлях збалянсаванага харчаваньня.
Глюкоза — асноўнае паліва для мозгу
Для таго, каб зразумець, што такое кетозіс, трэба сьпярша ўсьвядоміць асаблівасьці мэтабалізму глюкозы. Глюкоза зьяўляецца палівам для большасьці клетак нашага цела. Невялікая колькасьць глюкозы захоўваецца ў печані і ў цягліцах як «запас». Гэты запас называецца глікаген. Глікаген расходуецца ў той час, калі глюкоза з ежы не паступае, бо глюкоза ж патрэбна нашаму арганізму штосэкунды. Прыкладна траціна запасу глікагену ўтрымліваецца ў печані. Печань выпускае гэтую глюкозу ў кроў па меры неабходнасьці. Запас глікагену ў цягліцах (астатнія дзьве траціны) выдаткоўваюцца пры інтэнсіўных фізычных нагрузках. Вельмі маленькая колькасьць глікагену знаходзіцца ў мозгу. Лічыцца, што гэты міні-запас зьяўляецца рэзэрвам для тых экстрэмальных часоў, калі паступленьне глюкозы цалкам адсутнічае.
Пры ўмове адсутнасьці паступленьня глюкозы зь ежай, усяго запасу глікагену хапае менш чым на суткі, і гэта ў стане спакою. Пры інтэнсіўных фізычных нагрузках запасу хопіць усяго на некалькі гадзін.
Тлушчавая тканіна ня можа быць пераўтвораная ў глюкозу. Калі чалавек не папаўняе запасы глікагену з вугляводнай ежы, бялкі руйнуюцца дзеля таго, каб вырабіць глюкозу і паставіць яе арганізму.
Глюкоза зьяўляецца пераважным палівам для клетак нашага мозгу, нэрвовых клетак і чырвоных крывяных клетак у стадыі фармаваньня. Бялок з нашага цела можа быць перароблены да пэўнай ступені ў глюкозу. Тлушчавая тканіна ня можа быць пераўтвораная ў глюкозу. Такім чынам, калі чалавек не папаўняе запасы глікагену з вугляводнай ежы, бялкі (у тым ліку зь цягліц) руйнуюцца дзеля таго, каб вырабіць глюкозу і паставіць яе арганізму.
Што такое кетозіс
Хімічная рэакцыя, пры якой зь бялку атрымліваецца глюкоза, называецца глюканэагенэзісам. Толькі адэкватнае спажываньне вугляводаў можа прадухіліць глюканэагенэзіс. Дэфіцыт вугляводаў (як у выпадках з безвугляводнымі дыетамі) накіроўвае мэтабалізм у рызыкоўнае рэчышча. Калі ў арганізм паступае менш вугляводаў, чым трэба мозгу, каб атрымаць неабходную глюкозу, тлустыя кіслоты расшчапляюцца альтэрнатыўным спосабам і фармуюць так званыя кетонавыя целы. Кетонавыя целы зьяўляюцца альтэрнатыўным палівам для некаторых клетак мозгу ў пэрыяды галаданьня. Частка клетак мозгу, аднак, можа функцыянаваць толькі на глюкозе, таму падчас галаданьня або працяглай безвугляводнай дыеты (для арганізма гэта практычна раўназначна) заўсёды будзе мець месца расшчапленьне бялку.
Кетонавыя кіслоты з хімічнага пункту гледжаньня — гэта кетонавыя целы з кіслотнай групай. Невялікая колькасьць кетонавых кіслот у арганізьме зьяўляецца нармальнай зьявай. У выпадку, калі прадукцыя кетонавых цел пераўзыходзіць патрэбу, яны назапашваюцца ў крыві і прыводзяць да кетозісу. Кетозіс парушае кіслотна-шчолачны балянс цела. Падвышанае ўтрыманьне кетонавых кіслот у крыві называецца кетанэмія. Лішнія кетонавыя кіслоты выводзяцца з мачой, гэты стан вядома як кетанурыя. Пах ацэтону з роту — дакладная прыкмета кетанэміі.
Мозг і нэрвовыя клеткі расходуюць прыкладна палову ўсіх спажываных намі вугляводаў
У мэтах прадухіленьня разбурэньня цягліцавага бялку і кетозісу, нам неабходна штодня зьядаць прыкладна 100 грамаў вугляводаў.
Дарэчы, мозг і нэрвовыя клеткі расходуюць прыкладна палову ўсіх спажываных намі вугляводаў (прыкладна 500 калёрый).
У чым небясьпека кетонавых дыет?
Як было апісана вышэй, арганізму для нармальнай жыцьцядзейнасьці неабходная глюкоза. Самая лягічная крыніца глюкозы для яго — гэта вугляводная ежа. Пры адсутнасьці вугляводаў з прадуктаў харчаваньня арганізм будзе здабываць глюкозу з бялкоў. Нават калі ваша харчаваньне будзе ўтрымліваць вялікую колькасьць бялку, страта мышачнай масы абсалютна непазьбежная, бо ваша дыета ў любым выпадку будзе ўтрымліваць менш калёрый, чым вам неабходна (інакш пахудзеньне немагчыма ў прынцыпе). Так, кетонавыя дыеты могуць прывесьці да істотнай страты вагі, але вялікая частка гэтай вагі — гэта ваша ўласная бялковая тканіна. Вам ужо стала страшна? Збалянсаваныя (г.зн. з добрымі суадносінамі тлушчаў-бялкоў-вугляводаў) нізкакалярыйныя дыеты значна здаравей, бо яны захоўваюць цягліцы у большай ступені.
Кетонавыя дыеты могуць прывесьці да страты вагі, але вялікая частка гэтай вагі — гэта ваша ўласная бялковая тканіна.
Кетозіс можа прывесьці да млоснасьці, запораў, галавакружэньня, страты раўнавагі, немагчымасьці сканцэнтравацца, стомленасьці. Кетозіс можа драматычна пагоршыць існуючыя праблемы са здароўем, асабліва гэта тычыцца хваробаў нырак. Дыеты з вельмі высокім утрыманьнем бялку, асабліва калі прытрымлівацца іх доўга, могуць прывесьці да ныркавых камянёу, остэапарозу, сардэчна-судзінных захворваньняў.
Тры абсалютныя факты пра кетонавыя дыеты
Факт 1: Кетонавыя дыеты не прыводзяць да большай страты тлушчавай тканіны, чым іншыя тыпы дыет.
Факт 2: Кетонавыя дыеты прыводзяць да падвышанага ўзроўню мачавой кіслаты. Гэта, у сваю чаргу, можа справакаваць або пагоршыць захворваньні нырак, а таксама выклікаць запаленьне суставаў у людзей, схільных да падагры.
Факт 3: Арганізм расцэньвае кетонавую дыету як галаданьне. Пасьля выхаду зь яе ён будзе ўзмоцнена назапашваць усю энэргію, якая паступае. Вядома, у выглядзе тлушчу. Таму, вага неўзабаве вернецца, прычым досыць хутка, і яна пераўзыйдзе вагу да дыеты.
Пра аўтара. Лера Красоўская — родам зь Менску, экспэрт у харчаваньні, якая атрымала прафэсійную адукацыю ў Галяндыі, дзе мае сваю дыеталягічную кансультацыю. На пэрсанальным сайце Леры вы знойдзеце больш яе артыкулаў, парад і рэцэптаў.