Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежны журналіст Зьміцер Лупач: Мне прапанавалі стаць «стукачом»


Зьміцер Лупач
Зьміцер Лупач

Глыбачанін Зьміцер Лупач распавёў Радыё Свабода, як прадстаўнікі КДБ схілялі яго да супрацоўніцтва.

Зьміцер Лупач меў некалькі сустрэч са службоўцамі гэтай структуры і адмовіўся ад іхнай прапановы «час ад часу сустракацца і сёе-тое распавядаць».

«Усё пачалося напрыканцы чэрвеня, калі мяне раптам выклікалі ў фінансавую міліцыю. Незадоўга да таго я меў праблемы з падатковай інспэкцыяй, на мяне нават наклалі штраф. Таму выклік менавіта ў гэтую структуру мяне надта не зьдзівіў. Дзівіцца давялося пазьней: там мяне сустрэлі двое невядомых людзей, сказалі, што яны зь Менску. Наколькі я зразумеў, зь нейкай службы контравыведкі. Магу памыляцца, бо дужа ўжо нечаканая атрымалася гутарка. Адзін са спадароў, паказаўшы „чырвоную кніжачку“, пачаў распытваць мяне пра паездкі ва Ўкраіну, а таксама пра мае кантакты з замежнікамі», — апавёў Зьміцер Лупач.

Адзін з «кантактаў з замежнікамі» якраз адбыўся ў чэрвені. Зьміцер сустракаўся з палякамі, якія прыяжджалі на Глыбоччыну. Пазьней на сайце Эўрарадыё і ў газэце «Вольнае Глыбокае» выйшаў артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году». Ён стаў падставай для адміністрацыйнай справы супраць Зьмітра Лупача: яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з замежнымі СМІ без акрэдытацыі — у парушэньні артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Суд над незалежным журналістам быў прызначаны на 10 ліпеня, але не адбыўся — дакумэнты адправілі на дапрацоўку ў міліцыю.

Ці будзе працэс над незалежным журналістам і калі — пакуль невядома. Але ж мясцовае прадстаўніцтва КДБ дужа цікавіцца ягоным сяброўствам у ГА «БАЖ» і дзейнасьцю арганізацыі, працягвае Зьміцер Лупач:

«30 чэрвеня мне патэлефанаваў мясцовы супрацоўнік КДБ. Нагадаў, што мы зь ім сустракаліся ў фінансавай міліцыі. Сапраўды, пасьля гутаркі зь менскімі прадстаўнікамі зьявіліся мясцовыя. Распытвалі мяне пра супрацоўніцтва з замежнымі СМІ і папярэдзілі пра недапушчальнасьць парушэньня крымінальнага артыкула 369 (прым 1) — даваць замежнай дзяржаве непраўдзівыя зьвесткі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае становішча грамадзян і гэтак далей. Адным словам, пра недапушчальнасьць дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Аднак цяпер супрацоўніка КДБ цікавіла іншае: ён прапанаваў мне інфармаваць „органы“ пра палітычнае жыцьцё рэгіёна, расказваць нейкія падрабязнасьці пра актывістаў. Асабліва прасіў паведамляць пра сустрэчы зь сябрамі ГА „БАЖ“, калі хто прыяжджае ў Глыбокае зь іншых гарадоў».

Паводле Зьмітра Лупача, не абышлося і без пагрозаў: супрацоўнік КДБ сказаў, што ведае пра штраф ад падатковай і нават пра тое, што ён ужо сплочаны. А таксама абяцаў стварыць «праблемы» для жонкі і дзяцей Зьмітра, калі той не пагодзіцца супрацоўнічаць. Даў некалькі дзён на роздумы, а потым патэлефанаваў, кажа Зьміцер Лупач:

«Чарговы раз прапанаваў сустрэцца, і падчас гэтай сустрэчы я сказаў „не“. Што ня буду „стукачом“, нават калі мяне шантажуюць. Напачатку я думаў, што КДБ ад мяне адчэпіцца, калі я ня буду сам праяўляць ахвоты да супрацоўніцтва. Аднак цяпер бачу, што мяне схіляюць зноў і зноў. Таму я вырашыў зьвярнуцца да журналістаў, каб расказаць ім пра захады КДБ. А таксама папярэдзіць сяброў і калегаў, што ў такіх выпадках ня трэба маўчаць і баяцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG