На Тацяну Смоткіну і Зьмітра Лупача склалі пратаколы за парушэньне заканадаўства аб СМІ і артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Абодва журналісты ня лічаць сваю прафэсійную дзейнасьць правапарушэньнем.
«25 чэрвеня нас абаіх апытаў старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла. І тады, і сёньня, калі ўжо складаўся пратакол аб правапарушэньні, я сябе вінаватай не прызнала. Сказала, што адмаўляюся адказваць на пытаньні, бо 27 артыкул Канстытуцыі дазваляе ня сьведчыць супраць самой сябе. А ў судзе гатовая паўтарыць, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае права кожнаму грамадзяніну і здабываць інфармацыю, і дзяліцца ёй зь іншымі», — сказала Радыё Свабода Тацяна Смоткіна.
Супраць Тацяны распачатая адміністрацыйная справа за выраб матэрыялу «Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі», разьмешчанага 9 чэрвеня на сайце «Беларускага Радыё Рацыя» (Польшча). Ініцыявала справу Глыбоцкая пракуратура, даручыўшы міліцыі спраўдзіць, ці мае журналістка акрэдытацыю ад замежнага СМІ і ці не зьяўляецца журналісцкая дзейнасьць Тацяны Смоткінай правапарушэньнем. Міліцыя падрыхтавала справу супраць журналісткі для перадачы ў суд.
Суд над Тацянай прызначаны на 9 ліпеня, а над яе калегам Зьмітром Лупачам — на 10 ліпеня. Яго вінавацяць паводле таго ж артыкула 22.9 КаАП за артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 года», разьмешчаны на сайце «Эўрарадыё». Пратакол аб правапарушэньні на яго склаў таксама старшы інспэктар Вячаслаў Барыла.
«У маёй справе ёсьць раздрукоўка гэтага тэксту з інтэрнэт-сайта без пазначэньня аўтарства, а таксама ксэракопія з газэты „Вольнае Глыбокае“, дзе пад артыкулам стаіць маё прозьвішча. На думку міліцыянта, аўтарства артыкула ў газэце — гэта доказ таго, што я супрацоўнічаю і з замежным СМІ. Вінаватым ён лічыць мяне за тое, што я „разьмясьціў гэты матэрыял у кампутарнай сетцы Інтэрнэт“, — менавіта так сфармулявана ў пратаколе. І запісана непісьменна, і не адпавядае рэчаіснасьці», — кажа Зьміцер Лупач.
Прозьвішча судзьдзі, які будзе разьбіраць справы журналістаў, пакуль не вядомае.