Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі лекар у Нью-Ёрку: Мэдыцына ў Беларусі лепшая, чым у ЗША


Беларускі лекар у ЗША: «У Беларусі мэдыцына лепшая, чым у Амэрыцы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:05 0:00

Беларускі лекар у ЗША: «У Беларусі мэдыцына лепшая, чым у Амэрыцы» ВІДЭА

У Беларусі кардыёляг Андрэй Бандарчук працаваў па разьмеркаваньні і жыў «ад палучкі да палучкі». У ЗША ён вучыць іншых лекараў мэдыцыне і заўважае шмат плюсоў у беларускай мэдычнай сыстэме.

Пра тое, чаму амэрыканскія лекары дапускаюць больш памылак, чаму індусу прасьцей стаць доктарам у ЗША, чым беларусу, а таксама дзе больш вучацца студэнты мэдыцыны, беларускі лекар у Нью-Ёрку Андрэй Бандарчук распавядае ў інтэрвію Радыё Свабода.

«Студэнты-мэдыкі ў ЗША ведаюць больш за беларускіх лекараў»

— Як ты апынуўся ў Амэрыцы?

— Я прыехаў у ЗША ў 2007 годзе — тады зь Беларусі было прасьцей сюды трапіць мэдбратам і лекарам. У Менску я скончыў мэдычны каледж і пайшоў у мэдунівэрсытэт. Адпрацаваў тры гады ў Магілёве па разьмеркаваньні, потым працаваў у Менску. Калі прыехаў у ЗША, вырашыў паспрабаваць паступіць тут у рэзыдэнтуру, каб атрымаць ліцэнзію на прафэсійную дзейнасьць. Каб было зразумела: пасьля рэзыдэнтуры лекар можа лячыць пацыентаў самастойна, без нагляду старэйшых калегаў. Цяпер я — шэф-рэзыдэнт у вялікай праграме па ўнутраных хваробах у Нью-Ёрку, якая налічвае амаль сотню рэзыдэнтаў. Мая задача — арганізоўваць і кантраляваць іхнюю працу, калі яны працуюць з маімі пацыентамі, вучыць іх мэдыцыне і практычнай працы з хворымі.

— Наколькі я ведаю, тут вельмі высокая канкурэнцыя сярод лекараў.

— Так, іспыт на лекара трэба было здаць ня проста добра, а на вельмі высокую адзнаку. Бо калі ты здасі на кепскі бал, то цягам сямі гадоў ня маеш права на пераздачу. А зь нізкім, неканкурэнтным балам цябе нават на інтэрвію на працу не паклічуць. Таму людзі тут вучацца сапраўды шмат. Мы ня вельмі да такога прыстасаваныя, нават ангельская мова не ўва ўсіх добрая. Тыя ж індусы яшчэ зь першага курсу ўнівэрсытэту вучацца паводле амэрыканскіх падручнікаў і вывучаюць тое, што трэба, каб здаць іспыты ў ЗША.

— Колькі ты мусіў рыхтавацца?

— Я вучыўся паўтара года, але сядзеў як манах у кельлі — дзень у дзень, па 10 гадзінаў, з рэдкімі кароткімі выходнымі. Трэба было здаць тры іспыты, зь іх адзін практычны, каб атрымаць дазвол на паступленьне ў рэзыдэнтуру. У мяне атрымалася, і мяне ўзялі ў шпіталь «Ямайка» ў Нью-Ёрку. Ня самы лепшы шпіталь, але імігрантам цяжка адразу знайсьці працу ў добрым шпіталі. У Беларусі я спэцыялізаваўся ў кардыяхірургіі — майго бала на іспытах у ЗША было дастаткова, каб быць канкурэнтным у гэтай сфэры. Але я вырашыў заняцца ўнутранымі хваробамі.

— Ты сказаў, што ў Беларусі скончыў мэдкаледж, вучыўся ў мэдычным унівэры, працаваў лекарам. І нягледзячы на гэта, мусіў паўтара года вучыцца, каб здаць іспыты? Няўжо праграма так адрозьніваецца?

Тут студэнты мэдыцыны ведаюць больш, чым некаторыя беларускія лекары.

— Тут студэнты мэдыцыны ведаюць больш, чым некаторыя беларускія лекары. Бо тут вельмі грунтоўна ўсё выкладаецца. Я мусіў зноў вывучаць нэўралёгію, псыхіятрыю, біяхімію і іншыя прадметы. На псыхіятрыю, напрыклад, у Беларусі даецца ў суме некалькі тыдняў — здаў і забыў. Тут гэта вельмі істотна, бо ты мусіш ведаць, чаму пацыент паводзіць сябе так, а не інакш. Таксама мы ня ведаем мікрабіялёгіі на такім узроўні, малекулярнай біялёгіі, генэтыкі.

Вядома, тыя беларускія лекары-спэцыялісты, якія ўжо працуюць, будуць ведаць практычна тое самае, што і іхнія амэрыканскія калегі. Галоўнае адрозьненьне ў тым, што ў Беларусі гэтыя веды атрымліваюць на працы, а тут — ва ўнівэрсытэце і рэзыдэнтуры. Тут унівэрсытэт рыхтуе спэцыяліста, які адразу пойдзе працаваць. І тут хочаш ня хочаш, але дзеля здачы іспытаў на добрыя балы і магчымасьці трапіць у рэзыдэнтуру мусіш вучыць усё — нават тое, чым не плянуеш пазьней займацца.

«У Беларусі мэдыцына лепшая, чым у Амэрыцы»

— З тваёй сёньняшняй пэрспэктывы як можна параўнаць мэдычныя сфэры ў абедзьвюх краінах?

У Беларусі мэдыцына ў нейкім сэнсе лепшая, чым у Амэрыцы. Яна больш накіраваная на чалавека. Калі пацыент паступае ў шпіталь у Амэрыцы, ягоны перавод з прыёмнага пакоя ў палату можа заняць да пяці гадзін. У Беларусі мы цягам 90 хвілін мусілі паглядзець чалавека, зрабіць аналізы і перавесьці на паверх. Таксама лекары ў Беларусі значна недаацэненыя, бо тут, каб трапіць да кардыёляга ці іншага лекара, можна адстаяць месяц у чарзе, калі няма такой вострай неабходнасьці. У Беларусі да галоўурача зайшоў — і цябе абавязкова прымуць па-за чаргой, нават калі няма экстраных паказаньняў. У Штатах твой лекар — primary medical doctor — вырашае, ці даць табе накіраваньне да спэцыяліста. Калі накіраваньня няма, ты ўсё роўна можаш пайсьці на кансультацыю, але мусіш заплаціць. А кошты мэдычных паслуг тут вельмі высокія.

— Дзе больш якасная мэдыцына?

У Беларусі можна зрабіць усё тое самае, што і тут. У Менску дакладна можна знайсьці такі шпіталь, дзе робяць самыя высокатэхналягічныя апэрацыі. Наконт інтэрвэнцыйнай кардыялёгіі і арытмалёгіі ў Беларусі магу сказаць, што нашы лекары не адстаюць ад амэрыканскіх. Вядома, у Беларусі, магчыма, крышачку не даганяюць Амэрыку і астатні сьвет наконт тэхналёгіяў. Вынаходзіцца ўсё менавіта тут, у Амэрыцы і іншых заходніх краінах, а потым ужо прыходзіць у Беларусь і далей на ўсход.

«З інфарктам у Беларусі ляжаць два тыдні, у ЗША — пару дзён»

— Бясплатная мэдыцына ў Беларусі — міт ці праўда?

— Праўда! Мэдыцына ў Беларусі адносна бясплатная. Я ў Беларусі палячыў свой зуб за 7 даляраў у платнай паліклініцы. Тут нават са сваёй страхоўкай я б заплаціў каля 100 даляраў. Вядома, калі параўнаць заробкі ў абедзьвюх краінах, то гэтая розьніца ўжо такой відавочнай ня будзе. У Беларусі людзі лечацца са сваіх падаткаў, у Штатах — па страхоўцы. Тут страхавыя кампаніі рэгулююць выдаткі на лячэньне.

Я лічу, што невялікая плата за мэдычныя паслугі дапаможа больш адказна ставіцца да свайго здароўя.

Чытаў навіны, што ў Беларусі зьбіраюцца браць сымбалічную плату за наведваньне паліклінікі ці прапаноўваць людзям з алькагольнай ці наркатычнай інтаксыкацыяй аплачваць сваё лячэньне. Я лічу, што невялікая плата за мэдычныя паслугі дапаможа больш адказна ставіцца да свайго здароўя.

Яшчэ ў Беларусі нашмат даўжэй трымаюць пацыента ў шпіталі: даглядаюць, даюць бясплатныя лекі, ежу — гэта ўжо твая справа, падабаецца яна табе ці не. У Амэрыцы адзін-два лішнія дні цябе наўрад ці будуць трымаць у шпіталі. Бо гэта ўсё выдаткі, а шпіталь цябе ня будзе лячыць ад таго, што лічыцца ўжо вылечаным. Таму, калі з інфарктам міякарда ў Беларусі можаш ляжаць пару тыдняў, то ў ЗША — толькі два-тры дні. Штосьці са страўнікам — у першы дзень лёг, на другі — выпісалі. Даглядаюць тут у залежнасьці ад якасьці шпіталя і яго фінансавага становішча.

— Але ты кажаш, што нешта ўжо лічыцца вылечаным — тады навошта трымаць пацыента ў шпіталі так доўга?

— Цяжка сказаць. 30% хваробаў ня маюць ніякай саматычнай падставы. Чалавек папросту можа неяк псыхалягічна адчуваць сябе кепска. Калі ты яго выпісваеш, а ён лічыць сябе недалечаным, то для яго гэта дрэнна. Тут пра гэта ведаюць, таму тут кожны дзень клічаш псыхіятра, сацыяльных працаўнікоў, якія дапамагаюць з чалавекам паразмаўляць і пераканаць яго, што ўсё ўжо добра і можна ісьці. У Беларусі гэта ня так разьвіта. Калі б такіх людзей там выпісвалі адразу, то было б больш скаргаў, незадавальненьня пацыентаў.

— То бок бальнічнага тут ня выпрасіш нават за цукеркі?

— Не, тут такога няма. Ня хочаш на працу — табе не заплацяць. Але звычайна працоўны кантракт прадугледжвае, скажам, 12 дзён бальнічных. Ты тэлефануеш на працу і кажаш, што кепска сябе адчуваеш. Калі ў кантракце гэта прапісана, то гэты дзень табе аплацяць.

Цукеркі тут прыносяць рускія пацыенты, але гэта хутчэй такі знак падзякі. Мы іх адразу адкрываем і частуем усіх. Грошай ніколі не даюць, але лекар і ня меў бы права іх узяць, бо гэта незаконна.

«Любая памылка мэдыка ў ЗША будзе задакумэнтаваная»

— Як беларускія лекары выглядаюць на тле іншых у ЗША?

Калі ў Беларусі нейкія рэчы робяцца толькі на паперы, то тут ты мусіш рабіць сваю працу як належыць.

— Беларускія лекары добрыя і адказныя. Але нам сапраўды ёсьць чаму павучыцца ў амэрыканскіх калегаў. Яны вельмі прадуктыўныя. Калі ў Беларусі нейкія рэчы робяцца толькі на паперы, то тут ты мусіш рабіць сваю працу як належыць. Гэта і таму, што іншыя цябе могуць «залажыць», і таму, што заробкі тут нашмат вышэйшыя — тут няма такога, што жывеш «ад палучкі да палучкі», як у Беларусі. Таму сапраўды баісься за сваё месца працы. Але, зь іншага боку, калі нешта не ўваходзіць у абавязкі амэрыканскага лекара, то ён гэтага ня робіць.

— У Беларусі нядаўна здарыліся трагічныя выпадкі ў прыватных мэдцэнтрах, калі загінулі маладыя дзяўчаты. Пасьля гэтага Міністэрства аховы здароўя зладзіла праверкі ў такіх цэнтрах. Чаму такое магло здарыцца і ці сьведчыць гэта пра няякасную мэдыцыну ў Беларусі? Магчыма, раней такія праверкі рабіліся на паперы?

— Такія памылкі здараюцца паўсюль, «чалавечы фактар» будзе заўсёды. Але ў ЗША нашмат больш кантролю і менш «прыпісак». Напрыклад, тэрапэўт прызначыў прэпарат, на які ў пацыента алергія. Фармацэўт абавязкова патэлефануе і скажа: «Слухай, ня той прэпарат». Убіваеш у кампутары назву лекаў — тэхніка пакажа, што нельга такое выпісваць, бо ў чалавека алергія.

У ЗША лекары адзін аднаго правяраюць, каб зьменшыць колькасьць памылак.

Калі памылка ўсё ж здарылася або нават калі яе прадухілілі, гэтае здарэньне будзе абавязкова задакумэнтаванае. Менавіта таму ў ЗША памылак больш, бо іх проста лепш улічваюць. Мадэль гэтых памылак — як сыр зь дзірачкамі, дзе дзіркі — слабыя веды, безадказнасьць, стомленасьць, няўважлівасьць. Важна, каб кавалкі сыру былі складзеныя так, каб дзірак не было. Таму ў ЗША лекары адзін аднаго правяраюць, каб зьменшыць колькасьць памылак. Напрыклад, падчас апэрацыі — абавязковая праверка, скажам, з 10 пунктаў: ці той пацыент — некалькі чалавек зьвяраюць бірку; ці тое месца апэрацыі; і гэтак далей. І пасьля апэрацыі тое ж самае. У Беларусі магу сказаць дакладна, што падчас апэрацыяў таксама ўсё правяраюць. Але тое, што адбылося ў прыватных мэдцэнтрах, азначае, што кантролю адзін за адным не было, таму адны лекары не прадухілілі памылкі іншых.

— Я чула шмат нэгатыўных водгукаў пра рэформу мэдыцыны ў ЗША. Ці праўда, што калі ў цябе няма страхоўкі, то цябе не палечаць?

— Не, табе абавязкова зробяць усё тое, што патрэбна, каб падтрымаць тваё жыцьцё і здароўе. Табе проста ня будуць рабіць нейкіх высокатэхналягічных і дарагіх працэдур, безь якіх ты зможаш абысьціся на дадзены момант. Калі ў цябе інфаркт міякарда, табе бясплатна паставяць стэнты, пры арытміі сэрца і рэдкім пульсе бясплатна паставяць стымулятар.

У любым амэрыканскім шпіталі ёсьць пацыенты, якія прыехалі ў ЗША нелегальна і зь імі нешта здарылася. Таму ў шпіталі ім зробяць, што трэба, але пазьней ёсьць праблема з тым, каб іх выпісаць. Гэтым людзям часта патрэбная рэабілітацыя, а ніводзін цэнтар не пагаджаецца іх браць, бо няма каму аплаціць далейшае лячэньне. Рэдка, але шпіталь сам можа арганізаваць транспарт і суправаджэньне да краіны, адкуль прыехаў той ці іншы пацыент. Але гэта сапраўды высокія выдаткі. Я ведаю такіх пацыентаў, якія ўжо па 300–500 дзён знаходзяцца ў шпіталі і ня могуць быць выпісаныя.

А гэтую рэформу я падтрымліваю і лічу, што ў кожнага, хто жыве ў ЗША, павінна быць страхоўка.

«У Амэрыцы лекарам давяраюць больш за ўсё»

— Ты казаў, што заробкі тут нашмат вышэйшыя. Гэта таму што стаўленьне да лекараў тут, скажам, лепшае? Ці прэстыжная прафэсія лекара ў ЗША?

— Тут любы чалавек з адукацыяй будзе мець большы заробак, чым астатнія. Лекары тут вучацца больш, і так склалася, што заробкі лекараў тут высокія. І гэта сапраўды лічыцца прэстыжнай прафэсіяй, таму тут ніколі не бывае дэфіцыту ахвотных пайсьці ў мэдыцыну. Рэклямныя кампаніі праводзілі дасьледаваньне, прадстаўніку якой прафэсіі найбольш давяраюць у ЗША, чый вобраз выкарыстоўваюць у рэкляме. Лічыцца, што ў Амэрыцы лекарам давяраюць больш за ўсё.

— А як звычайнае жыцьцё адрозьніваецца ў ЗША і Беларусі? Што цябе шакавала, калі ты прыехаў сюды?

Людзі заўсёды адкрытыя да крытыкі і просяць, каб ім указвалі на іхнія памылкі.

— Я думаў, што тут усё блішчыць, што ўсё самае новае, самае сучаснае, а ўсё наадварот. Краіна досыць сярэдняя ў гэтым пляне. Скажам, той жа Менск значна прыгажэйшы і чысьцейшы за Нью-Ёрк. Але за ўсім гэтым стаяць грошы — тут іх выдаткоўваюць столькі, колькі патрэбна, каб прыбраць. І прыбіраюць ня штодня, а празь дзень-два ці колькі патрэбна. У Беларусі больш на гэта выдаткоўваюць грошай, таму там чысьцей.

Падабаецца, што ў ЗША ты сам на сябе разьлічваеш і ўсё залежыць ад тваіх талентаў, працавітасьці і рызыкоўнасьці. Таксама падабаецца, што людзі заўсёды адкрытыя да крытыкі і просяць, каб ім указвалі на іхнія памылкі. Некалькі дзён таму я спыніў брыгаду свайго боса і прымусіў іх вымыць рукі, калі заўважыў, што некаторыя зь іх зьбіраліся глядзець наступнага пацыента, не памыўшы рук пасьля першага. І бос быў мне толькі ўдзячны за ўважлівасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG