Тут ужо ішлося пра мілагучнасьць беларускае мовы — не паэтычную гіпэрбалу, а навукова сфармуляваную моўную зьяву: чаргаваць зычныя з галоснымі, унікаць шмат якіх зьбегаў зычных і зьбегаў галосных. Нагадаю, што першы ўвёў тэрмін «мілагучнасьць» для абазначэньня гэтае зьявы паэт і мовазнаўца Ўладзімер Дубоўка (у савецкім мовазнаўстве пасьля арышту Дубоўкі тэма і праблема доўга замоўчвалася, у афіцыйным правапісе мілагучнасьць перадаецца непасьлядоўна).
Усе ведаюць верш Алеся Ставера «Жураўлі на Палесьсе ляцяць» з дыскусійнай, на маю думку, філязофіяй: каб любіць Беларусь нашу мілую, абавязкова трэба ў розных краях пабываць. Маўляў, інакш Радзіму не ацэніш. Але да верша. Ён таленавіта пакладзены на музыку Ігарам Лучанком, шмат хто гэтую песьню сьпявае.
Робім тэксталягічнае дасьледаваньне. Спачатку паслухайма ўважліва другі радок другога куплету ў выкананьні гурта «Сябры» і Анатоля Ярмоленкі (ад 0:45 да 1:12):
[СЛУХАЦЬ]
Цяпер слухайма «Песьняроў» (канцэрт з твораў Лучанка ў Маскве, 1983 год, ад 17:52 да 18:18):
І ўрэшце той самы радок сьпявае Данчык (ад 0:50 да 1:20):
Што ім тыя пагоды паўднёвыя,
Што ім зелень платанаў і айв, —
выводзяць «Сябры» ўсьлед за паэтам, які экзотыку асацыяваў з плятанам і пладом айва.
Што ім пышны платанавы рай, — падаюць іншую вэрсію «Песьняры».
А Данчык выпраўляе жураўлёў яшчэ далей — у бананавы рай. Тут ужо няма ніякіх сумневаў у экзатычнасьці іхнага выраю (давялося правяраць: сапраўды, нашыя жураўлі ў Паўночнай Афрыцы й на Блізкім Усходзе могуць сутыкацца з завезенымі туды бананавымі дрэвамі).
Вось жа «Песьняры» не імправізавалі з тэкстам. Яго зь цягам часу зьмяніў сам аўтар. Магчыма, учуў у песьні на свой верш, як ненатуральна гучыць у слове айв зьбег зычных [й] і [в].
Беларуская мова імкнецца нязручныя зьбегі зычных, асабліва ў канцы слова ці склада, разбаўляць галоснымі. Так і хочацца сказаць ці то «аяў» — але тады слова зусім цьмянае, ці то «айваў» — будзе правільна, але ж рассыпаецца паэтычны радок. То Ставер памяняў радок цалкам. Пышны платанавы рай — зусім бяз айваў.
Пагатоў можна знайсьці іншую беларускую назву гэтага плада — не цюркізм айва, а даўні агульнаславянскі грэцызм ґдуля (як у Ластоўскага); назва гатунку грушы дуля — таго самага паходжаньня.
Апошняя рэзэрва маіх нэрваў
Прычына супраціву мовы тут і ў тым, што ў канцы слова апынуўся гук [в]. Беларускі гук [в] розьніцца ад расейскага, ён плаўнейшы, санорны (санорныя гукі можна цягнуць і яны не аглушаюцца), бо ў многіх пазыцыях вымаўляецца дзьвюма вуснамі, а расейскі — толькі шумны, губна-зубны. «Рыса гэтая кідаецца ў вочы нярускім назіральнікам», — казаў Яўхім Карскі.
Таму беларускі [в] лёгка пераходзіць у «паўгалосны» [ў]: раве — роў. А расейскі шумны зычны [в] аглушаецца ў [ф]: корова — коров, вымаўляецца [кароф]. Па-расейску скажуць [платанаф и айф], [нерф], [резерф]. Нездарма клясыкі нашай лексыкаграфіі Сьцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў у вялікім Расейска-беларускім слоўніку 1928 году замацавалі формы назоўнага склону нэрва, рэзэрва (зрэшты, абодва словы ў звычайнай мове часьцей бываюць у множным ліку: нэрвы, рэзэрвы). Дадам: як кансэрвавы завод — не «кансерўны» — так і рэзэрвовыя магутнасьці, і нават драйва на рэйвавай вечарыне.
Калі канцавы зьбег зычных заканчваецца на іншы санорны гук — [р], [м], [л], [н] — у вымаўленьні таксама зьяўляецца галосны гук або паміж зычнымі, або пасьля.
Некрашэвіч і Байкоў усьлед за народным вымаўленьнем далі назву зьвера ў двух варыянтах: тыгар і тыгра.
Васіль Вітка, пісаная пасьля 2-й Усясьветнай вайны дзіцячая паэма «Вавёрчына гора». Бусел знаходзіць для каваля жалеза:
А праз гадзіну ўжо бусел
Вярнуўся:
— Так і так.
Ляжыць у канаве «тыгра» —
Нямецкі танк.
Пайшоў каваль
З прыладамі, —
Чоран воран, —
Паставіў кавадла,
Распаліў горан,
Скінуў кажух,
Надзеў хвартух,
Узяў абцугі,
Прайшоў раз-другі.
Жалеза не відаць —
Гара іржы.
Такая гістарычная памяць. Дарэчы, відаць, яшчэ доўга немагчыма будзе надаваць новай вайсковай тэхніцы назвы ад Вэрмахту. Прынамсі, у Беларусі.
Што дазволена Юпітэру — не дазволена пюпітру
(С. Сокалаў-Воюш)
Народныя словы горан (печ), дзёран, сябар і сябра, даўно асвоеныя імёны накшталт Зьміцер, Францішак, Пётра й Пятро і вымаўляюцца, і пішуцца з устаўнымі ці далучанымі галоснымі і ў савецкім правапісе. Але ж папраўдзе ў вымаўленьні (а ў клясычным правапісе — і на пісьме) устаўныя галосныя пашыраныя значна больш. Напрыклад, аркестар, а ў дыялектным вымаўленьні — аркестра, што добра ведае Віктар Шалкевіч:
Заплаціце аркестры, каб болей ня йграла...
Імя А-ля-ксан-дар мае чатыры выразныя склады. (Сказаць «Александриванч» і нават «Алексанванч» можна толькі па-расейску, бо там галосныя рэдукуюцца аж да зьнікненьня.) Таксама тэатар, цэнтар, літар, мэтар, пюпітар, майстар (і майстра).
Але: да тэатру сто мэтраў, сёньня там п’еса «Пан Міністар» Францішка Аляхновіча: устаўны галосны пры зьмене слова прападае.
Увага: словы катэр, лідэр, Юпітэр зьбегаў зычных гістарычна ня мелі, пры скланеньні «э» ў іх не выпадае, таму яно і зьберагаецца ў клясычным правапісе.
Дзеля мілагучнасьці ды зручнага вымаўленьня не абсякаецца канчатак роднага склону множнага ліку ў словах накшталт нормаў, формаў, сарнаў, выдраў.
Электрастанцыя — Навалукамская
Старадаўнія назвы, у канцы якіх некалі быў зьбег «зычны + ль», цяпер маюць устаўныя галосныя або іншыя зьмены дзеля мілагучнасьці: Амсьціслаў, Браслаў, Заслаўе, Рослаў, Бягомель (Бегамля і Бегам’е), Хотамель і Хотамле, Відамля, Супрасьля, Лукам’е.
Прыметнікі ад іх таксама бязь зьбегаў: лукамскі, рослаўскі, бегамскі, Супраскі манастыр.
Таксама цэлая чарада назваў гарадоў, што ўтварыліся ад імёнаў рэк, па-беларуску ў назоўным склоне вымаўляецца (а ў тарашкевіцы і пішацца) з устаўным галосным а дзеля зручнасьці й мілагучнасьці: Полацак, Слуцак, Клецак, Друцак. Але: у Полацку, у Слуцку.
***
У расейскай літаратурнай мове падобныя ўстаўныя галосныя не дазваляюцца ані на пісьме, ані ў вымаўленьні. Хаця ў тамтэйшых гаворках і ў гутарковай мове яны ёсьць. Таму ахоўнікі чысьціні расейскай мовы з гэтых жывых рысаў кпяць:
Весь мир — театор,
а ты в нем негор,
допивай свой литор,
замеряй свой метор.
(Іван Сальнікаў)
Расейскія мовазнаўцы (напр., Дз. Ермаловіч) патрабуюць вымаўляць слова джентльмен у два склады, хаця расейскія літаратары клясычнае пары чулі ў ім тры склады: «...Царь Александр Первый / Настал ему взамен, / В нем слабы были нервы, / Но был он джентльмен». (А. К. Талстой).
Тут, дарэчы, і імя Александр у чатыры склады. Затое пракруставаму ўзору адпавядае нейкая Людмила Скабрёзная (а не Талстой):
Фигура — класс, большого роста,
одетый стильно, как джентльмен.
Ну я поправила причёску,
зашла... Тьфу, пакость! Манекен!!!
***
Мы ж спакойна вымаўляем гэтае пазычаньне з ангельскай у тры склады, а ў клясычным правапісе так і пішам: джэнтэльмэн.