Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію праграме «Контуры» тэлеканала АНТ.
«Палова ўдзельнікаў (у складзе выбарчых камісіяў) з боку апазыцыі немагчымая: у апазыцыі занадта мала кадраў. На жаль, нашы мясцовыя выканаўчыя органы не імкнуцца выконваць заяўкі апазыцыі. Але я іх разумею, таму што большая частка тых, хто прэтэндуе на гэтыя месцы, — гэта, як правіла, гарадзкі эпатажны асяродак, які ўвесь час канфліктуе з уладай», — сказала Ярмошына.
Яна дадала, што гэтыя людзі «добра вядомыя ў мясцовых выканаўчых органах» і пакуль не заваявалі сымпатыяў у мясцовых уладаў.
Паводле Ярмошынай, выканкамы «не жадаюць стварыць стала тлеючы пажар, ды яшчэ пажар, які будзе ціснуць на ўсіх астатніх сябраў камісіі, нармальных талерантных людзей».
Разам з тым, падкрэсьліла кіраўнік ЦВК, у апазыцыйным асяродзьдзі ёсьць талерантныя інтэлігентныя людзі, якія ня ладзяць скандалы на пустым месцы.
«Гэтыя людзі ўключаюцца, але гэты адсотак, які задавальняе ўладу, не задавальняе апазыцыю», — заўважыла яна.
«Аддаць на водкуп працу выбарчых камісіяў людзям, якія ні за што не адказваюць і якім выгадны скандал і пажар, будзе недальнабачна, паколькі гэта паставіць пад пагрозу арганізацыю выбарчай кампаніі», — рэзюмавала Ярмошына.