Адкрыцьцё Эўрапейскіх гульняў у Азербайджане было азмрочана інцыдэнтам у алімпійскай вёсцы. Напярэдадні тры аўстрыйскія спартоўкі атрымалі сур'ёзныя траўмы пасьля таго, як на іх наехаў аўтобус.
Спартовак вярнулі на радзіму ў самалёце, які належыць прэзыдэнту Азербайджану Ільхаму Аліеву.
Гэта першыя ў гісторыі Эўрапейскія гульні. Намаганьні уладаў Азербайджану, якія яны прыклалі да таго, каб гульні прайшлі гладка, параўнальныя з выдаткамі Расеі перад правядзеньнем алімпійскіх гульняў у Сочы.
Ці стануць першыя Эўрапейскія гульні самай важнай спартовай падзеяй у Эўропе?
Улады Азербайджану надалі асаблівую ўвагу ня толькі фінансаваму забесьпячэньню падрыхтоўкі гульняў, але і забесьпячэньню бясьпекі.
Бясьпекі ад непажаданых журналістаў і праваабаронцаў. У прыватнасьці, за некалькі дзён да гульняў у Баку быў зачынены офіс АБСЭ і забаронены ўезд у краіну супрацоўнікам міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.
За апошні год 80 грамадзянскіх актывістаў і журналістаў былі затрыманыя ў Баку за крытыку ўраду. Дзясяткам журналістаў эўрапейскіх СМІ адмовілі ва ўезьдзе ў краіну для аьвятленьня гульняў. У прыватнасьці, у акрэдытацыі адмовілі карэспандэнту брытанскай газеты Guardian.
Каля дзевяці мільярдаў даляраў было выдаткавана ўладамі краіны на падрыхтоўку да гульняў. У Азербайджане, які займае сто дваццаць шостае месца ў сьвеце па ступені карумпаванасьці і дзе сярэдні заробак складае каля чатырохсот даляраў, шмат у каго выклікае зьдзіўленьне адкуль узяліся такія сродкі для арганізацыі гульняў.
Шахіда Якуб, Дар'я Кудраўцава, Аляксандар Касаткін