У сераду ў Злучаных Штатах былі апублікаваныя першыя канфідэнцыйныя матэрыялы сьледзтва па справе аб карупцыі ў ФІФА, у якіх зьмяшчаецца прызнаньне аднаго з былых кіраўнікоў Фэдэрацыі ў хабарніцтве.
Чак Блэйзэр, які 17 гадоў знаходзіўся ў складзе выканаўчага камітэта ФІФА і ўзначальваў цягам 21 года Канфэдэрацыю футбола Цэнтральнай і Паўночнай Амэрыкі, заявіў у судзе на закрытым пасяджэньні паўтара гады таму пра тое, што ён асабіста і яго калегі прымалі хабары ад прадстаўнікоў краінаў, якія прэтэндавалі на правядзеньне чэмпіянатаў сьвету па футболе 1998 і 2010 гадоў.
Сутыкнуўшыся з пэрспэктывай 20-гадовага турэмнага зьняволеньня, Блэйзэр пайшоў на пагадненьне са сьледзтвам і, паводле крыніц у амэрыканскай пракуратуры, сакрэтна праводзіў аўдыёзапісы перамоваў са сваімі калегамі па кіраўніцтве ФІФА.
На супрацоўніцтва са сьледзтвам таксама пайшлі двое сыноў Джэка Уорнэра, грамадзяніна Трынідада, былога віцэ-прэзыдэнта ФІФА.
Паводле дадзеных сьледзтва, Блэйзэр атрымаў 750 тысяч даляраў за падтрымку кандыдатуры ПАР у якасьці месца правядзеньня чэмпіянату сьвету.
Прадстаўнікі Марока прапаноўвалі Джэку Уорнеру 1 мільён даляраў за падтрымку, але Паўднёвая Афрыка купіла яго голас за большую суму.