Віцэ-спікер Дзярждумы Расеі Ігар Лебедзеў (ЛДПР), які прэтэндуе на пасаду кіраўніка Расейскага футбольнага саюзу, лічыць, што сыход Ёзафа Блатэра з пасады прэзыдэнта ФІФА можа пацягнуць за сабой перагляд рашэньня аб правядзеньні чэмпіянату сьвету па футболе ў 2018 годзе ў Расеі.
«Я не выключаю, у рэжыме санкцый супраць нашай краіны пасьля сыходу Блатэра можа быць прынятае ФІФА новае рашэньне, вельмі непрыемнае для нашай краіны, аб пераносе чэмпіянату сьвету па футболе ў іншую эўрапейскую дзяржаву — любая з эўрапейскіх краін гатовая прыняць гэты чэмпіянат хоць заўтра», — сказаў Лебедзеў агенцтву «Інтэрфакс».
Ён мяркуе, што рашэньне Блатэра пакінуць сваю пасаду наўпрост зьвязана зь нейкай угодай паміж ім і швэйцарскай пракуратурай.
«Блатэр пакідае пасаду прэзыдэнта ФІФА ў абмен на тое, што ён, хутчэй за ўсё, ня будзе фігураваць у нейкіх карупцыйных справах у тым расьсьледаваньні, якое вядзе цяпер швэйцарская пракуратура, і наогул не патрапіць пад судовы разбор», — цытуе «Інтэрфакс» Лебедзева.