Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэтэран-«вораг народу»: Узнагароды забралі ды саслалі ў Сыбір


Гісторыя вэтэрана Другой сусьветнай вайны, якога абвінавацілі ў здрадзе ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00

На відэа Канстанцін Кляўчэня распавядае, як ссылалі ў Сыбір

У 1951 годзе у Сыбір былі вывезеныя каля тысячы жаўнераў арміі генэрала Андэрса. Карэспандэнт Свабоды наведаў вёску Будча, дзе жыве брат аднаго з «андэрсаўцаў» — Канстанцін Кляўчэня.

У 1951 годзе зь Беларусі ў Іркуцкую вобласьць Расеі былі вывезеныя разам зь сем’ямі каля тысячы жаўнераў арміі генэрала Андэрса. Чаму савецкая ўлада так паступіла з вайскоўцамі, якія змагаліся з нацызмам?

Сёньня ў Беларусі не засталося ў жывых ніводнага вэтэрана Арміі Андэрса. Карэспандэнт Свабоды наведаў вёску Будча Ганцавіцкага раёну, дзе жыве брат аднаго з «андэрсаўцаў» — Канстанцін Кляўчэня.

Вэтэрана Другой сусьветнай вайны абвінавацілі ў здрадзе

76-гадовы Канстанцін Кляўчэня быў падлеткам, калі ў 1951 годзе па іх сям’ю прыехалі «аўтаматчыкі», каб адправіць у Сыбір.

«Прыехала НКВД з аўтаматамі. Двое на вуліцы чакалі, а двое зайшлі ў хату. Пачалі брата Івана дапытваць, каб нейкія паперы падпісаў, быццам „здраднік Радзімы“. Потым забралі ўсе дакумэнты і нас, усю сям’ю, завезьлі ў Сыбір у Іркуцкую вобласьць, Чарамхоўскі раён, у пасёлак Кірпічны», — успамінае Канстанцін Кляўчэня.

Канстанцін Кляўчэня
Канстанцін Кляўчэня

Разам зь Іванам ды Канстанцінам быў сасланы і іх бацька — 77-гадовы Аляксей Кляўчэня.

Саслалі Кляўчэняў, бо Іван, брат Канстанціна, у часе Другой усясьветнай вайны служыў у польскай Арміі Андэрса пад брытанскім камандаваньнем.
Канстанцін Кляўчэня доўгі час ня ведаў усіх абставінаў баявога шляху свайго брата. Толькі ў 2008 годзе яму стала вядома, што сям’ю рэабілітавалі ў 1994 годзе. А зь Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі прыйшоў ліст з апісаньнем заслугаў Івана Кляўчэні.

Баявы шлях: вайна супраць Чырвонай Арміі, палон, вайна супраць Нямеччыны на Захадзе

На вайну Іван Кляўчэня пайшоў у верасьні 1939 году. Заходняя Беларусь у той час была часткай Польшчы. Вёска Будча, дзе жылі Кляўчэні, знаходзілася на мяжы з БССР. За 5 кілямэтраў ад вёскі разьмяшчаліся казармы батальёну Корпусу аховы памежжа «Людвікова».

Парэшткі памежных казармаў у Людвікове
Парэшткі памежных казармаў у Людвікове

1 верасьня, у дзень нападу Нямеччыны на Польшчу, 27-гадовага Івана Кляўчэню выклікалі з рэзэрву на службу ў корпусе «Людвікова». Пасьля 17 верасьня 1939 году корпус адступаў на захад пад ціскам Чырвонай Арміі, якая напала на Польшчу.

Іван Кляўчэня патрапіў у савецкі палон у ліку тысяч жаўнераў і афіцэраў польскага войска. Палонных жаўнераў-памежнікаў дахаты не адпускалі, таму Іван Кляўчэня патрапіў у лягер для ваеннапалонных у глыбіні Расеі.

Паводле гісторыка Юрася Грыбоўскага, беларусаў сярод ваеннапалонных на ліпень 1941 году было 2848 чалавек.

У адмысловых лягерах у Расеі іх выкарыстоўвалі як дармавую працоўную сілу. У жніўні 1941 году паміж СССР і ўрадам Польшчы ў эміграцыі была падпісаная дамова аб стварэньні зь ліку гэтых палонных Польскай арміі на чале з генэралам Уладыславам Андэрсам. У гэтую армію патрапіў і Іван Кляўчэня.

Канстанцін і Алена Кляўчэні
Канстанцін і Алена Кляўчэні

У 1942 годзе Армія Андэрса была выведзеная з Савецкага Саюзу на Бліжні Ўсход (Іран, Ірак, Палестына), затым у Эгіпэт. Напачатку 1944 года польская Армія Андэрса пад брытанскім камандаваньнем была накіраваная на вызваленьне Італіі.

Іван Кляўчэня браў удзел у гэтай кампаніі ў складзе 3-яй дывізіі Стральцоў Карпацкіх. Менавіта гэтая дывізія штурмавала непрыступны кляштар Монтэ-Касына ў траўні 1944 года.

Пасьля Монтэ-Касына Іван Кляўчэня ўдзельнічаў у бітве за горад Анкона на нямецкай абарончай лініі Гота, потым у баявых акцыях у Паўночных Апэнінах і на рацэ Сэніо.

На поўначы Італіі Іван быў паранены, і яго перавезьлі на лекаваньне ў шатляндзкі горад Сьцюартан (Вялікая Брытанія), дзе ён заставаўся да 18 сьнежня 1946 году.

За вызваленьне Італіі Іван Кляўчэня ўзнагароджаны чатырма брытанскімі мэдалямі, а таксама польскім Крыжам Монтэ-Касына № 6524.

Вяртаньне на Радзіму: замест ушанаваньня — халодная Сыбір

Пасьля сканчэньня вайны брытанскія ўлады прапаноўвалі ўсім жаўнерам Арміі Андэрса грамадзянства, або аплочвалі пераезд у любую краіну сьвету. Іван Кляўчэня пасьля лекаваньня вярнуўся на Радзіму.

Яго брат, Канстанцін, цяпер успамінае:

«Мы і ня думалі ўжо, што ён жывы, што вернецца. Яго ж забралі ў 1939, а вярнуўся недзе ў 1947 годзе... Мы тады жылі з бацькам Аляксеем, у калгас яшчэ не ўступалі, мелі каня, кароў. Іван — мой старэйшы брат ад бацькавага першага шлюбу. Бацькава першая жонка памерла, як і большасьць з васьмі яго дзяцей, шмат хваробаў усялякіх было ў той час, а лекаваньня ж ніякага... Я самы малодшы ў сям’і — нарадзіўся толькі ў 1939. Таму ў 1947 годзе я, можна сказаць, упершыню ўбачыў брата».

Канстанцін Кляўчэня кажа, што ведаў, што брат быў паранены, бо «ён моцна кульгаў».

У сыбірскай ссылцы Кляўчэні працавалі на цагляным заводзе, ды іншых прадпрыемствах. Канстанцін скончыў там 4 клясы расейскай школы, ён і дагэтуль ня ўмее пісаць па-беларуску. Спадар ня вельмі любіць успамінаць, як жылося ў Сыбіры. Кажа — «было цяжка». Аднойчы падлетак Канстанцін нават задумаў адтуль уцячы, узьлез на таварны цягнік, але быў зьняты «за 100 кілямэтраў ад Іркуцку, і вернуты назад».
Кляўчэняў вызвалілі з Сыбіры 17 жніўня 1957 году. Але жаўнер Арміі Андэрса Іван Кляўчэня не дажыў да вяртаньня на Радзіму крыху больш месяца — ён памёр 6 ліпеня 1957 году, Канстанцін кажа, «хварэў на сэрца».

Пасьля вяртаньня Канстанцін Кляўчэня ніколі болей ня быў на магіле брата ў Сыбіры. Цяпер, кажа ён, цяжка высьветліць дзе Іван пахаваны. Расейскія архівы на запыт Канстанціна нават не даслалі копію пасьведчаньня аб сьмерці Івана, сьціпла паведаміўшы, што «запіс акту аб сьмерці [...] адсутнічае. Архіўны фонд захаваны ня поўнасьцю».

Канстанцін спрабаваў здабыць хоць фотаздымак брата, або вярнуць яго ўзнагароды, якія канфіскавалі ў часе арышту ў 1951 годзе. Пісаў у КДБ і МУС Берасьця, але адтуль паведамілі, што ні фотаздымку, ні мэдалёў у іх няма.

Даведка аб пасьмяротнай рэабілітацыі Івана Кляўчэні
Даведка аб пасьмяротнай рэабілітацыі Івана Кляўчэні

Толькі Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла спадару, што ён можа зьвярнуцца ў амбасаду гэтай краіны, і яму будуць выдадзеныя копіі ўзнагарод Івана Кляўчэні.

Ліст зь Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі аб баявым шляху Івана Кляўчэні
Ліст зь Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі аб баявым шляху Івана Кляўчэні

З Сыбіры — у калгас

Пасьля вяртаньня з Сыбіры Канстанцін з бацькам Аляксеем пасяліліся ў сваёй хаце ў Будчы:

«Хата наша стаяла. Пакуль рамантавалі, то пажылі ў сваякоў... Па вёсцы праехалі, людзі нам сабралі бульбы, яшчэ нечага, пакрыху разьвялі. Потым я ажаніўся, а бацька хутка памёр, бо старэнькі ўжо быў...»

Старая дарога ў Будчу
Старая дарога ў Будчу

У 1957 годзе ўсе сяляне ўжо былі калгасьнікамі, маёмасьць ды жывёлу, якая ў Кляўчэняў была да ссылкі, калектывізавалі. Канстанцін Кляўчэня пайшоў у калгас пасьвіць жывёлу, так і працаваў усё жыцьцё.

«Пры Хрушчове», як кажа Канстанцін, яму яшчэ раз давялося зьведаць савецкай турмы за «напад на старшыню сельсавета». Ён кажа, што старшыня «падмануў і ня даў бярвёнаў на новую хату, бо тая зусім старая была». У запале паляшук і кінуўся да вясковага чыноўніка з нажом, але быў «своечасова затрыманы».

Парэшткі польскіх казармаў зарастаюць лесам

Напамінам аб падзеях 1939 году застаюцца парэшткі аднаго з будынкаў казармаў Корпусу аховы памежжа «Людвікова». Канстацін Кляўчэня распавёў, што там «было шмат будынкаў, але пасьля вайны жыхары Будчы ды Чудзіна разабралі іх на цэглу ды бярвеньне для сваіх дамоў».

Каля старой дарогі паміж вёскамі Будча і Чудзін засталіся толькі парэшткі цэнтральнага будынку, які быў узьведзены ня з цэглы, а з камянёў ды бэтону.

У 1927 годзе адзін з Радзівілаў збудаваў тут вузкакалейную чыгунку, каб перавозіць лес на свой тартак у вёску Дзяніскавічы. Ідэя аказалася нерэнтабэльнай, у выніку Радзівіл перадаў «калейку» памежнаму корпусу «Людвікова».

Да Людвікова была праведзеная тэлефонная лінія, тут былі каналізацыя, водаправод, электрычная і воданапорная станцыі. Арганізаваныя былі лесанарыхтоўкі, дзе працавалі некалькі соцень чалавек з навакольных вёсак.

Цяпер парэшткі цэнтральнага будынка казармаў польскага памежнага корпусу зарастаюць лесам. Канстанцін Кляўчэня кажа, што чуў, што «нейкі прадпрымальнік быццам бы хацеў выкупіць Людвікова, каб зрабіць там аграсядзібу». Але пакуль справа зь месца ня зрушылася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG