«Ці можа ў Беларусі зьмяніцца ўлада бяз выхаду людзей на Плошчу?» На гэтае пытаньне адказваюць мінакі на вуліцах Менску.
Спадар перадпэнсійнага веку: «Можа, канечне: я ў гэта веру. Плошча, плошча... Я і так, і гэтак думаў... Гэта ня выйсьце. Але калі плод своечасова не зрываюць, то ён становіцца непрыдатны для харчаваньня. І тады пытаньне, як сам гаспадар і вырашыць».
Юначка: «Гэта вельмі складанае пытаньне, не магу на яго адказаць».
Спадар сярэдніх гадоў: «Я ўвогуле на баку неабходнасьці зьмяняць уладу. Бо ў нас усё ж такі цяпер стабільнасьць, і калі ў грамадзтве нешта рэзка зьменіцца, то нестабільнасьці стане больш, чым на той жа Ўкраіне».
Спадарыня пэнсійнага веку: «Ня можа. Сто адсоткаў ня можа зьмяніцца. Каб людзі не абурыліся. Заробкі самі за сябе кажуць. Я вось маю амаль семдзесят гадоў і мушу яшчэ ўсё працаваць. Я не палітык, але думаю, што нельга зьмяніць, бо ўладу проста так не аддаюць».
Спадар сярэдніх гадоў: «Гэтае пытаньне не да мяне — я патрыёт, але выходзіць на плошчу не зьбіраюся. У нас няма ніякіх узрушэньняў, вайны, як ва Ўкраіне, а таму мяне ўсё задавальняе. Ня ў нашых інтарэсах выходзіць, бо лепш ня будзе ўсё роўна».
Спадарыня старэйшых гадоў: «Я б не выбірала іншага. Я працую, атрымліваю грошы — ужо дзесяць гадоў пасьля пэнсіі. Усё нармальна. Не, не. Я думаю, што нашы людзі нават ня пойдуць на гэта — у нас іншы мэнталітэт, у нас усё іншае».
Юнак: «Складанае пытаньне. Калі зьбіраецца вялікая колькасьць людзей і яны скідаюць уладу, то гэта, пэўна, ня лепшы сродак выказаць сваю пазыцыю. Але калі больш нічога іншага не застаецца... Складанае пытаньне, асабліва для беларусаў».
Юначка: «Не, немагчыма. Нічога ня зьменіцца, калі ня будзе нейкага масавага дзеяньня».
Спадар сярэдніх гадоў: «Складанае пытаньне... Мне падаецца, што ў нашай сытуацыі мы маем аптымальны варыянт».
Спадар маладых гадоў: «Канечне, можна. Было б жаданьне. Я ў гэта веру, бо радыкальныя меры ні да чога добрага не прыводзяць. Гэта ня наш шлях».