У Натальлі Кастагладавай, у якой язва, пачалася рвота. У Натальлі Машкоўскай праблемы з сэрцам, падскочыў ціск. Ім выклікалі хуткую дапамогу.
Галадоўку пяцёра жыхароў Магілёва распачалі 18 траўня. Яны заяўляюць, што вычарпалі ўсе магчымыя законныя спосабы, каб бараніць свае правы, і перайшлі да крайняй меры.
У 2012 годзе дом, у якім жылі галадоўнікі, прызналі аварыйным. Жыхароў у экстраным парадку праз суд перасялілі ў інтэрнат будаўнічага трэсту № 12. Замест кватэр ім выдзелілі ў інтэрнаце пакоі.
Пратэстоўцы кажуць, што дамоваў на пражываньне ў інтэрнаце за год, што яны там жывуць, зь імі так і не заключылі. Прапануюць аформіць дамовы на пяць год. За гэты час яны мусяць вырашыць свае жыльлёвыя праблемы.
Дом № 59 па вуліцы Ленінскай — у самым цэнтры Магілёва, гэта прывабнае месца для патэнцыйных інвэстараў. Напярэдадні 1 траўня камунальнікі пафарбавалі фасад аварыйнага дому ды замянілі з боку цэнтральнай вуліцы выбітыя шыбы.