Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пяць чалавек распачалі бестэрміновую галадоўку


Магілёў, ілюстрацыйнае фота.
Магілёў, ілюстрацыйнае фота.

Людзі пратэстуюць супраць незаконнага перасяленьня іх з кватэр у інтэрнат і патрабуюць альбо вярнуць ім альбо старое жыльлё, альбо даць іншыя кватэры ў межах горада, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».

18 траўня пяцёра жыхароў выселенага дома № 59 па вуліцы Ленінскай пачалі бестэрміновую галадоўку. Грамадзяне вычарпалі ўсе магчымыя законныя спосабы, каб бараніць свае правы, і перайшлі да крайняй меры.

Падштурхнула іх да гэтага абыякавасьць да іхняй праблемы чыноўнікаў і судзьдзяў.

У 2014 годзе дом, у якім яны жылі, быў прызнаны аварыйным, і жыхароў у экстраным парадку перасялілі ў інтэрнат будаўнічага трэста № 12. Замест кватэр плошчай 40–60 кв. мэтраў ім выдзелілі ў інтэрнаце пакоі з разьліку 6 кв. м на чалавека. Тым часам грамадзяне маюць на руках ордэры на кватэры, выдзеленыя ім у тым аварыйным доме.

Падчас судовых працэсаў у 2009 годзе жыхары дома даведаліся, што жывуць не ў кватэрах, а ў інтэрнаце. Тэхпашпарта на дом № 59 у архіве не захавалася. Грамадзяне падазраюць, што яго наўмысна зьнішчылі, каб вырашыць праблему з выдзяленьнем ім новага жыльля.

Пра гэта сьведчыць і той факт, што падчас аднаго з судовых паседжаньняў у якасьці сьведкі не была дапушчана былая майстар па абслугоўваньні жылога фонду Пратасава, якая працавала ў будаўнічым трэсьце № 12 з 1973 па 2009 гады. Жанчына пазьней натарыяльна засьведчыла свае паказаньні, паводле якіх дом 59 паводле тэхпашпарта праходзіў як дом без выгодаў. Такі ён быў ад самага пачатку.

Юрыст Алена Барысава цягам году дапамагала грамадзянам бараніць свае правы:

«Шматлікія звароты да чыноўнікаў у розныя інстанцыі не далі ніякага выніку. Ні Адміністрацыя прэзыдэнта, ні Генэральная пракуратура, ні мясцовыя выканкамы ня хочуць вырашаць праблему людзей, якія ў адно імгненьне засталіся без жыльля. У мяне ёсьць падазрэньне, што тут не абышлося без карупцыйных схем. Цяпер чыноўнікі спрабуюць выдаць дом 61 (які некалі існаваў) за дом 59, які існуе цяпер. Адно адрозьненьне — дом 61 сапраўды быў інтэрнатам, а дом 59 ад самага пачатку быў домам без выгодаў».

З афіцыйнай перапіскі жыхароў з будаўнічым трэстам № 12 вядома, што яшчэ ў 2007 годзе будтрэст шукаў інвэстараў, каб зь іх дапамогай вырашыць пытаньне з расьсяленьнем грамадзян і зьнесьці стары дом, які за сваю доўгую гісторыю паступова стаў аварыйным.

Адна з ініцыятарак акцыі пратэсту Сьвятлана Бурак кажа, што да галадоўкі іх падштурхнула істотнае пагаршэньне ўмоваў жыцьця, а таксама тое, што чыноўнікі ня чуюць людзей:

«Напярэдадні галадоўкі мы выслалі паведамленьні на адрас Магілёўскага гарвыканкаму, Магілёўскага аблвыканкаму, у Магілёўскую абласную пракуратуру, Генэральную пракуратуру, Адміністрацыю прэзыдэнта пра тое, што пачынаем галадоўку. Рэакцыя на нашы лісты пакуль нулявая. Праблема наша не вырашаецца, а факты, па якіх нам мусяць даць іншае жыльлё, фальсыфікуюцца».

Дом № 59 па вуліцы Ленінскай знаходзіцца ў самым цэнтры Магілёва, гэта прывабнае месца для патэнцыйных інвэстараў. Напярэдадні 1 траўня камунальнікі пафарбавалі фасад аварыйнага дому ды замянілі з боку цэнтральнай вуліцы выбітыя шыбы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG