Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы ацэньваюць антыалькагольную кампанію Гарбачова. Праз 30 год


30 гадоў таму, у траўні 1985 году, у Савецкім Саюзе пачалася антыалькагольная кампанія. Нядаўна ініцыятар той кампаніі Гарбачоў прызнаў яе памылковай. Магілёўцы аб прызнаньні Гарбачова і аб п’янстве ў Беларусі. Апытаньне Свабоды.

«Гэта напэўна была памылка. Людзі пачалі гнаць самагонку. Многа народу патруцілася. Цяпер катастрафічная сытуацыя. Дужа шмат моладзі сьпіваецца праз наша беспрацоўе. Штодня гэтая колькасьць расьце. Калі наша кіраўніцтва што-небудзь ня зробіць, мы многа людзей згубім».

«Напэўна, нешта ў гэтым было слушнае. Але як у нас робіцца — калі нешта разумнае, то перагібы пайшлі. Вінаграднікі секлі. Навошта? Нібыта нехта добрыя віны піў. Хто п’е, таго можна толькі пашкадаваць».

«Вядома ж, памылковая. У нечым нават шкодная. Дужа шмат людзей тады стала, якія пачалі ўжываць іншыя напоі, гнаць самагонку пачалі масава. Цяпер п’юць многа. Сытуацыя мо і катастрафічная».

Наўпроставы лінк

«Задума была не паганая, а вось рэалізацыя дык паганая. Цяжка сказаць, якім спосабам дамагчыся, каб народ перастаў піць, аднак да гэтага трэба імкнуцца. Але не такім радыкальным чынам. Цяпер сытуацыя нядобрая. Я бачу па сваім двары, дзе зьбіраюцца розныя таварышы і п’юць абы-што, прычым адкрыта. Дужа шмат народу сьпіваецца».

«Вядома ж, была памылковая. Столькі народу памерла! Колькі вінаграднікаў павысякалі! Трэба людзей прывучаць да культуры піцьця. А ня так, што напіўся і пайшоў. І віно гэтае трэба прыбіраць. Чарніла гэтае, бырла. Труцяцца людзі масава».

«Гэта ня толькі была памылковая, але бессэнсоўная, звыродлівая кампанія. Тады, відаць, у краіне ўсе праблемы былі вырашаныя, толькі засталася антыалькагольная кампанія. Змагацца з п’янствам, я думаю, бессэнсоўна. Піць жа меней ня сталі. Барацьба з алькаголем паўплывала на іншую праблему — пайшла ў рост наркаманія».

«Гэта яго памылка была. Я і сам люблю выпіць. Ёсьць грошы — п’ю, няма — то ня п’ю. Іншыя ідуць крадуць. Іх садзяць у турму. Потым прэзыдэнт амністыю робіць».

«Я пра Гарбачова зусім не хачу гаварыць. Гэта быў засланы казачок. Калі вы маеце на ўвазе тых алькаголікаў, якія ходзяць па вуліцах, то няхай іх усіх зьбяруць ды няхай будуюць атамную станцыю. Іншага выйсьця я ня бачу».

«А наагул мне падабаецца гэта. Калі алькаголік муж і б’е жонку, то гэта, канечне, нядобра. Паўсюль п’юць, мне здаецца, аднолькава».

«Зразумела, памылковае. Усё роўна ж людзі неяк выкручваліся. Мітусьня была. Людзі шукалі і выпівалі. З п’янствам змагацца трэба, але як — дужа складана адказаць. Цяпер замнога п’юць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG