Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Англія ўшанавала рэпрэсаванага беларускага вэтэрана


Брытанскія мэдалі Канстанціна Заткоўскага.
Брытанскія мэдалі Канстанціна Заткоўскага.

Амаль праз 70 год пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны чатыры мэдалі за гераізм і адвагу атрымалі родныя героя Монтэ-Касына Канстанціна Заткоўскага з Горадні ад ураду Вялікабрытаніі. Сам ён да гэтага часу не дажыў, а савецкія ўлады саслалі яго ў Сыбір і ніколі не залічвалі да вэтэранаў вайны.

Сьвятлана Заткоўская стараецца гаварыць спакойна, але хвалюецца. Яна паказвае дасланыя летась урадам Вялікабрытаніі мэдалі, якімі быў узнагароджаны ейны тата — Канстанцін Заткоўскі за гераізм і адвагу пры вызваленьні Італіі. Спадарыні Сьвятлане 67 гадоў, вочы сьлязяцца, ужо некалькі гадоў яна прыкаваная да ложка з траўмай хрыбетніка.

Сьвятлана Заткоўская кажа, што ейны тата падзяліў лёс тысяч беларусаў-«заходнікаў», якія ў Другую сусьветную вайну ваявалі ў арміі генэрала Андэрса.

Гераізм таты ў савецкі час быў таямніцай

Канстанцін Заткоўскі
Канстанцін Заткоўскі

Канстанцін Заткоўскі нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Хамікі Гарадзенскага раёну, праваслаўны, беларус. Літаральна за два тыдні да далучэньня Заходняй Беларусі да БССР быў прызваны ў польскае войска, а затым вайна... Дзе і як ваяваў тата, у сям’і ніхто ня ведаў, пра гэта ніколі не было гаворкі. Вярнуўся ён з вайны толькі ў 1946 годзе.

«Са слоў мамы я ведаю, што яго не было дома 7 гадоў, і ніводнай вестачкі за гэты час, ніхто нічога ня мог перадаць. Да мамы нават чалавек ужо сватаўся, але яна адказала, што не хавала мужа і будзе чакаць яго да канца».

Пасьля вяртаньня на радзіму, у 1951 годзе, Канстанціна Заткоўскага разам зь сям’ёй выслалі ў Сыбір. Спадарыня Сьвятлана ўзгадвае, што ўжо ў дарослым веку доўгі час нават не задавалася пытаньнем — за што. Адзінае, што назаўсёды запала ў памяць: тата быў прыстойным чалавекам, працавітым, не канфліктным, ніколі не крычаў на дзяцей, заўсёды дапамагаў людзям.

«Яго паўсюль паважалі за яго працавітасьць. І калі адзначалі 9 траўня, ягонае імя ніколі і нідзе ня ўзгадвалі, бо ён не ваяваў на тэрыторыі СССР і ніколі пра гэта не распавядаў. Але яго заўсёды і паўсюль хвалілі за ягоную працу, узнагароджвалі нават граматамі».

На Дзень перамогі ў таты заўсёды плакала душа

Цяпер спадарыня Сьвятлана кажа, што нават цяжка ўцяміць, наколькі закрытая тэма гэтая была ў іхняй сям’і. Праўда, цяпер стала зразумела, зь якой прычыны. Яна распавядае, што калі адзначалі Дзень Перамогі, у таты заўсёды плакала душа, ён сьпяваў вайсковыя песьні, але больш нічога не казаў. Ёй узгадаўся адзін такі дзень.

«Я памятаю гэты дзень, прыехала дадому з Горадні, дзе працавала на нітачным камбінаце. І вось прыбіраем падворак, а да суседзяў прыехала машына віншаваць вэтэрана. І мама мне ціхенька на вушка кажа, каб тата ня чуў: «Ты падумай толькі, вось гэты чалавек на вайне прабыў паўтара года — і яму такая ўвага, а наш 7 гадоў прабыў — і ніхто ніколі не ўзгадае...»

Рэабілітавалі пасьмяротна, але вэтэранам так і не прызналі

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя Канстанціна Заткоўскага пасьмяротна рэабілітавалі. Спадарыню Сьвятлану запрасілі ў органы, дзе яна і пабачыла асабістую справу свайго таты. Тады яна даведалася, што ейны тата ваяваў з фашыстамі ў арміі генэрала Андэрса ў Афрыцы, Азіі, а затым у Італіі, дзе іхняя армія змагалася ў складзе войскаў Вялікабрытаніі.

Менавіта ў ангельскіх архівах пазьней знойдуцца ягоныя дакумэнты і ўзнагароды. Англічане прышлюць у Горадню сям’і Заткоўскіх «Зорку 1939–1945 гадоў», «Ордэн Зоркі Італіі», «Мэдаль за абарону» і «Вайсковы мэдаль». Яшчэ адну ўзнагароду — крыж за бітву пад Монтэ-Касыіна — сям’я Заткоўскіх чакае ад польскага ўраду.

Аднак Канстанцін Заткоўскі ніколі ня быў прызнаны вэтэранам Другой сусьветнай вайны ў сябе на радзіме і не атрымаў ніводнай савецкай узнагароды. Памёр ён у 1979 годзе, захварэўшы на рак.

Паранены пад Монтэ-Касына

«Я тады вельмі расхвалявалася, плакала, што ён не дачакаўся гэтых часоў, што ўжо мог бы нам шмат расказаць, так, як гэта рабілі іншыя вэтэраны. Было крыўдна за яго, што ён усё жыцьцё насіў гэта ў сабе, а мог расказаць, як і ўсе франтавікі, што змагаўся як належыць. Пад Монтэ-Касына быў паранены, праляжаў у шпіталі ў Нэапалі і мог бы быць камісаваны, але дагнаў сваю часьць і ваяваў да канца», — кажа Заткоўская.

Спадарыня Сьвятлана распавядае, што была ў Італіі, хадзіла па вакзале ў Нэапалі і імкнулася ўявіць, дзе тут праходзіў яе тата, дзе спыняўся, сядзеў... Яна пазнала там шмат цудоўных людзей і там зразумела, чаму памяць пра тату не згубілася, а назаўсёды засталася нават так далёка ад ягонай Радзімы.

Брытанскія мэдалі Канстанціна Заткоўскага
Брытанскія мэдалі Канстанціна Заткоўскага

«Я вельмі рада, што быў заўважаны чалавек, гэта вельмі радуе. Там ён застаўся ўсё ж заўважаным. Столькі гадоў прайшло, а ўзнагароды яго знайшлі, прыслалі іх і нам паведамілі. Мы ўсе вельмі рады гэтаму».

Спадарыня Сьвятлана кажа, што паводле беларускага закону «Аб вэтэранах» вэтэранамі прызнаюцца грамадзяне, якія пастаянна жывуць у Беларусі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях супраць фашыстаў, у тым ліку і на тэрыторыі іншых краінаў. Але сям’я Заткоўскіх значылася ў сьпісе рэпрэсаваных, рэабілітавалі іх толькі пасьля сьмерці франтавіка, а пасьмяротна атрымаць статус вэтэрана немагчыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG