Парадаксальны аналіз сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны прапанаваў амэрыканскі дасьледчык украінскага паходжаньня Аляксандар Мотыль у артыкуле ў Foreign Policy. Ён адзначае, што акупаваны Расеяй Данбас знаходзіцца на мяжы эканамічнага і сацыяльнага краху. Як правіла, тэрыторыя — гэта прыз у вайне, пераможцы яе атрымліваюць, тыя, хто прайграў — страчваюць. З Данбасам сытуацыя адваротная — мяркуе Аляксандар Мотыль. Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце.
Як чалавек, які валодае Данбасам і, хутчэй за ўсё, будзе валодаць ім у агляднай будучыні, Уладзімер Пуцін — той, хто прайграў. І Расея і Ўкраіна гэта ведаюць.
Паводле дадзеных Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, з 5 мільёнаў людзей, якія раней засялялі Данбас, амаль 2 мільёны пакінулі яго з сакавіка 2014 году. Дзеля таго, што многія з гэтых уцекачоў — адукаваныя прафэсіяналы сярэдняй клясы, якія наўрад ці калі-небудзь вернуцца ў зону вайны, Данбас непапраўна страціў свой інтэлектуальны і чалавечы капітал.
Паводле дадзеных Нацыянальнага банку Ўкраіны, прамысловая вытворчасьць у Данбасе зьнізілася ў 2014 годзе больш чым на траціну, а будаўніцтва — больш чым напалову. Многія масты і чыгуначныя шляхі разбураныя. Толькі траціна жыхароў атрымліваюць стабільны заробак. Вялікія часткі тэрыторыі пакутуюць ад недахопу газу, вады, электраэнэргіі. Кіеў перастаў плаціць пэнсіі жыхарам тэрыторыі з канца 2014 году.
Паток уцекачоў зьменшыўся — тыя, хто быў здольны ўцячы, ўжо ўцёк. Але эканамічны спад будзе працягвацца да таго часу, пакуль будзе працягвацца вайна. Чым далей будуць працягвацца баявыя дзеяньні, чым менш будзе Данбас у стане падтрымліваць сябе і сваю баяздольнасьць і тым менш сэпаратысты будуць у стане стварыць палітычную арганізацыю, якая магла б функцыянаваць. Што самае сумнае для Пуціна, дык гэта тое, што крыніцай эканамічнага выжываньня Данбасу зьяўляецца краіна, якая найбольш зрабіла для яго разбурэньня — Расея. Пуцін аддаў бы перавагу таму, каб Кіеў узяў на сябе выдаткі па забесьпячэньні і аднаўленьні рэгіёну, паводле ацэнак ўкраінскага ўраду шкода інфраструктуры Данбасу ацэньваецца на 2 мільярды даляраў. Але Ўкраіна ніколі ня будзе гэтага рабіць, пакуль Данбас кантралюецца сэпаратыстамі, якія сьцьвярджаюць, што яны ніколі не адмовяцца ад сваіх памкненьняў да незалежнасьці.
Улічваючы эканамічны спад Данбасу і недахоп працаздольных мужчынаў, ня дзіўна, што сэпаратысцкія войскі ў значнай меры спадзяюцца на добраахвотнікаў з Расеі і па расейскія рэгулярныя войскі. Але іх наяўнасьць разбурае хлусьлівую тэзу пра тое, што сэпаратысты вядуць грамадзянскую вайну супраць «фашысцкай хунты» ў Кіеве. І іх наяўнасьць можа адштурхнуць ад сэпаратыстаў мясцовае насельніцтва, якое, магчыма, адчувае пэўную салідарнасьць зь мясцовымі «апалчэнцамі», але менш верагодна — з расейскімі авантурыстамі.
Такім чынам абвастрэньне супрацьстаяньня нявыгаднае для сэпаратыстаў і іх заступніка Пуціна. Чым даўжэй яны трымаюць тэрыторыю, якую Кіеў ня можа вызваліць, тым вышэйшая эканамічная цана і большая рызыка акупацыі. Аднаўленьне баявых дзеяньняў прывядзе да гібелі большай колькасьці ўкраінцаў і нанясе шкоду рэформам ва Ўкраіне, але абвяшчэньне незалежнасьці ДНР і ЛНР ніяк ня зьменшыць праблемы Крамля ў рэгіёне. Пашырэньне памераў занятай тэрыторыі проста паглыбіць праблемы для Пуціна, бо будзе азначаць далейшыя разбурэньні і пашырэньне патоку ўцекачоў.
Калі Расея зможа нанесьці рашучую паразу Ўкраіне, яна можа прымусіць Украіну вярнуць Данбас на ўмовах Расеі. Але гэта запатрабуе масіраванай атакі, якая, хутчэй за ўсё, выкліча ўзмацненьне заходніх санкцый, прымусіць адміністрацыю Абамы распачаць пастаўкі зброі ва Ўкраіну. Вынікам стане рашучы ўкраінскі супраціў і ўцягваньне Расеі ў крывавую доўгатэрміновую вайну.
Лягічным рашэньнем гэтай галаваломкі было б абвясьціць перамогу над «фашысцкай хунтай» у Кіеве, вывесьці расейскія войскі, і зваліць Данбас на рукі Ўкраіне, якая настойвае на тым, што Данбас зьяўляецца ўкраінскім, і таму ня будзе мець іншага выбару, акрамя як паспрабаваць аднавіць яго. Аднак каб зрабіць гэта, Пуцін мусіць адмовіцца ад усіх ідэалягічных мантраў, якія ён выкарыстоўваў на працягу апошніх некалькіх гадоў. Акрамя таго, такія прымірэнчыя крокі паставяць пад пагрозу легітымнасьць крамлёўскага «мача».
У адрозьненьне ад гэтага, працяг супрацьстаяньня зьяўляецца найлепшым з усіх магчымых варыянтаў для Кіева. Украіна можа атрымаць выгаду ад пазыцыі, пры якой яна заяўляе, што ніколі не адмовіцца ад Данбасу, і разам з тым на самой справе ня робіць нічога, каб вызваліць яго. Час працуе на Ўкраіну менавіта таму, што перамога ў гэтай «гібрыднай» вайне азначае страту тэрыторыі. Раней ці пазьней Пуцін будзе вымушаны або замарозіць канфлікт, або анэксаваць яго, як Крым. У любым выпадку Расея, набыўшы рэгіён бяз будучыні, затрымае разьвіцьцё сваёй эканомікі на дзесяцігодзьдзі наперад.