Крэмль не зьмяніў сваёй пазыцыі адносна ўкраінскага штурмана Надзеі Саўчанкі, якую працягваюць утрымліваць у Расеі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў, камэнтуючы рэзалюцыю Эўрапарлямэнта аб Саўчанцы.
«Ідзе сьледзтва, абвінавачваюць яе ў датычнасьці да вельмі сур’ёзнага злачынства, будзе суд. Прэзыдэнт пра гэта казаў, нічога не зьмянілася, і дадаць да гэтага няма чаго», — сказаў Дзьмітры Пяскоў, адказваючы на пытаньне, ці абмяркоўвалася з Пуціным магчымасьць амністыі Надзеі Саўчанкі.
30 красавіка Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да Расеі вызваліць народнага дэпутата, члена дэлегацыі Ўкраіны ў ПАРЭ Надзею Саўчанку. У Эўрапарлямэнце адзначаюць, што ў Расеі няма законных падставаў або юрысдыкцыі для ўтрыманьня Саўчанкі. Дэпутаты Эўрапарлямэнту адзначаюць, што асобам, якія адказныя за незаконнае ўтрыманьне Саўчанкі, пагражаюць міжнародныя санкцыі ці суд.
У сьнежні летась Саўчанка абвясьціла галадоўку на знак пратэсту супраць затрыманьня. 5 сакавіка адвакаты Саўчанка паведамілі, што яна вырашыла часткова прыпыніць галадоўку, якую трымала больш за 80 дзён. 16 сакавіка яна аднавіла галадоўку. 3 красавіка прадстаўнікі Савета па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі паведамілі, што Саўчанка пакрысе прымае ежу.
У Расеі Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расійскіх журналістаў на Данбасе, а таксама ў незаконным перасячэньні мяжы Расейскай Фэдэрацыі. Надзея Саўчанка ўсе абвінавачваньні абвяргае.
Самае папулярнае
1