Асноўная экспазыцыя разьмешчаная ў палацы і прысьвечаная ладу жыцьця гарадзкой знаці, да якой належалі апошнія ўладальнікі сядзібы Любанскія. Яшчэ адна экспазыцыя пад назвай «Кола часу» разьмешчаная ў флігелі і дэманструе гарадзкую і сельскую культуру тых часоў. Гэта прадметы побыту, сярод якіх самавары, грамафоны, швейныя машыны і іншыя прадметы. Паводле рэстаўратараў, на сёньня сядзіба мае выгляд, як пасьля апошняй перабудовы ў 1897 годзе.
У сваю чаргу культуроляг Сяргей Харэўскі назваў рэстаўрацыю Лошыцкага палаца поўным зьнішчэньнем ягонай аўтэнтычнасьці:
«Я прымаў удзел у дасьледаваньнях гэтай сядзібы, калі працаваў у інстытуце «Белспэцпраектрэстаўрацыя» яшчэ ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Мы праводзілі там раскопкі пад кіраўніцтвам Ігара Мяфодзьевіча Чарняўскага — цяперашняга кіраўніка Дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. І тады былі людзі, якія давалі надзею на лепшае ў зьвязку з гэтым палацам, тады панаваў рамантычны настрой. Але гэтым марам не наканавана было зьдзейсьніцца.
Рэстаўрацыя Лошыцкай сядзібы заняла больш за трыццаць гадоў, апошнія восем былі часам, калі непасрэдна праводзіліся працы. У працэсе гэтай рэстаўрацыі сядзібу давялі да аварыйнага стану, у выніку чаго большую частку сядзібнага дома, ягоныя аўтэнтычныя канструкцыі давялося разабраць. Праз гэты разбор былі зруйнаваныя ўнікальныя спараныя нэагатычныя коміны, якія абваліліся бяз гэтай асноўнай першаснай канструкцыі. Я прыходзіў і бачыў, як з кранаў лілася вада проста на драўляную старую падлогу. Складалася ўражаньне, што гэта наўмысна зьнішчаецца на тое, каб гэта зруйнаваць і зрабіць наноў. Натуральна, што і падмуркі, падвалы — усё гэта моцна пашкоджана, але галоўным чынам — унікальныя камінныя і драўляныя канструкцыі.
Тое, што мы бачым, — гэта, канечне, ніякая не рэстаўрацыя, гэта ўзнаўленьне з прыстасаваньнем. Гэта чарговы ляпідарны муляж, хоць былі ўсе шанцы, каб аднавіць гэты ўнікальны помнік архітэктуры, гісторыі і культуры. Шкада і вельмі шкада, бо на момант рэстаўрацыйных працаў сядзіба выглядала амаль ідэальна. Да таго моманту ў палацы месьціўся Інстытут расьлінаводзтва, і ў ім было ацяпленьне, таксама даглядаліся памяшканьні, і дзякуючы гэтаму будынак ацалеў. Але наступныя трыццаць гадоў дзіўнай дзейнасьці — ледзь не наўмыснае давядзеньне да руінаў гэтага палаца — прывяло да таго, што большая частка аўтэнтыкі гэтага палаца была незваротна страчаная. А разам зь ёй сышоў і гэты рамантычны таямнічы дух даўніны.
Лошыцкі парк, у сваю чаргу, ператварыўся ў месца для шашлыкоў, для аматараў выпіць паставілі альтанкі, уклалі туды тоны бэтону, а самыя каштоўныя паркавыя помнікі засталіся ў руінах. Маю на ўвазе капліцу Маці Божай Анёльскай, млын, ня кажучы ўжо пра будынкі на супрацьлеглым беразе ракі. Іх цяперашні стан, фактычна, — яскравае сьведчаньне таго, як у нас ставяцца да гісторыка-культурнай спадчыны. А менавіта — выключна мэркантыльна, для забаўкі. Гэта значыць, што тыя, хто кіраваў працэсам, ад каго залежалі рашэньні, не разумелі ў прынцыпе сэнсу і прызначэньня такіх помнікаў«.
Паводле кіраўніцтва Музэю гісторыі Менску, у склад якога ўваходзіць Лошыцкі палац, гасьцёўня Лошыцкага палаца неўзабаве будзе таксама выконваць камэрцыйныя функцыі. Дзеля таго каб музэйны комплекс мог «зарабляць грошы» тут плянуюць праводзіць творчыя імпрэзы, выставы, фатасэсіі, ладзіць шлюбныя цырымоніі.
Лошыцкі палац разьмешчаны ў адным з найстарэйшых месцаў сучаснага Менску — Лошыцкім парку. Самая раньняя дакумэнтальная ўзгадка пра Лошыцкі палацава-паркавы комплекс датуецца 1493 годам. Паводле архіўных дакумэнтаў, сядзібай у розныя гады валодалі князі Талачынскія, Друцкія-Горскія, Прушынскія і Любанскія. Апошні зь Любанскіх, Яўстафі, у 1896 годзе перабудаваў сядзібу, дзе былі капліца, дом аканома, будынак сьпіртзаводу, вадзяны млын, гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку конезавод, быў закладзены ўнікальны парк. У 30-я гады сямейную капліцу-пахавальню Прушынскіх-Любанскіх узарвалі, а ў палацы разьмясьціліся органы НКВД. Пасьля вайны на базе Лошыцкага парку дзейнічаў беларускі філіял Усесаюзнага інстытуту расьлінаводзтва.