Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід з рыцарскім характарам


Аварыйная кватэра для інваліда
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:02 0:00

Аварыйная кватэра для інваліда

Да апошняга часу 47-гадовы інвалід Юры Ляшэнка са Сьветлагорску заступаўся больш за іншых гараджанаў, чым за сябе. Як актывіст дабрачыннай грамадзкай суполкі «Папярэднік», праяўляў клопат пра малалетніх інвалідаў-вазочнікаў, шчыраваў на ніве прафіляктыкі наркаманіі, ВІЧ-інфэкцыі, займаўся прадпрымальніцтвам.

Аднак летась публічна заявіў і пра парушэньне сваіх правоў падчас капітальнага рамонту дома на вуліцы Леніна, 10, дзе Юры з жонкай Аленай мае двухпакаёвую кватэру.

Плошча, інвалід-вазочнік, хуткая зь мігалкай

25 лістапада Ляшэнка на сваім інвалідным вазку выехаў на плошчу перад райвыканкамам — меўся прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Глядзіце, людцы добрыя: дом камунальнае прадпрыемства «Сьветач» капітальна рамантуе, ды яшчэ з элемэнтамі мадэрнізацыі, а інвалідаў у разьлік не бярэ — ні пад’ехаць да яго на інвалідным вазку, ні забрацца на другі паверх самастойна. У ванну дзьверы такія, што інвалідны вазок у іх наагул не пралазіць.

Пікет Ляшэнка меўся правесьці па ўсіх правілах: падаў замову ў райвыканкам, папрасіў дазволу. Адна чыноўнікі адправілі яго выказваць свае погляды і патрабаваньні ў лесапарк на ўскраіну гораду, на неіснуючую «сцэнічную пляцоўку». Гэта выглядала сапраўдным зьдзекам — і Ляшэнка выехаў на плошчу.

Не пасьпеў Юры разгарнуць плякат «Стоп беззаконьне», як прымчала хуткая мэдычная дапамога зь мігалкай. Людзі ў халатах мігам падхапілі інваліда зь ягоным вазком, аднесьлі у машыну і замчалі ў шпіталь. Там яму зрабілі некалькі ўколаў, а міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП — парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства. Праз суд інваліда аштрафавалі на 360 тысяч рублёў.

Гэта адзін бок справы. Іншы: камунальнікі пасьля гэтага выпадку ўсё-ткі прыбілі пару парэнчаў у калідоры, разгарадзілі ў кватэры інваліда праход у закутак для ванны — і палічылі сваю місію цалкам выкананай.

19 сакавіка камісія зь ліку прадстаўнікоў мясцовага «Жылфонду», камунальнага прадпрыемства «Сьветач», ягоных будаўнікоў і праектантаў, якую ачоліў намесьнік старшыні райвыканкаму Павал Сілівончык, прыняла капітальна адрамантаваны дом у эксплюатацыю. Ну, а чаго ж не прыняць: дах новы, трубы ўнутры замянілі, звонку дом пафарбавалі — 2 мільярды 111 мільёнаў рублёў бюджэтных грошай уклаў горад у так званую мадэрнізацыю.

Дом на вуліцы Леніна,10
Дом на вуліцы Леніна,10

Бягом жыхары назад у мадэрнізаваны дом! Але тыя вяртацца ня хочуць. Юры Ляшэнка таксама:

«Мяне праз суд высяляюць з падменнага жытла на вуліцу, спадзеючыся, відаць, што мне ня будзе куды падзецца, і я вымушана засялюся ў сваю кватэру ў доме па вуліцы Леніна,10. Яны так яе „мадэрнізавалі“, што немагчыма паставіць ванну — яна ня ўлазіць на ранейшае месца. Санвузел таксама невядома як ставіць. І яшчэ. У 2008 годзе дом быў прызнаны аварыйным з-за драўлянага перакрыцьця. Але яго не мянялі на жалезабэтоннае. Таго й глядзі — рухне. Альбо, ня дай Бог, кароткае замыканьне ці маланка стукне ў дом, як гэта было ў 2011 годзе — ён жа ўспыхне, як пачак запалак».

У суд, як на Парнас

У Сьветлагорскім раённым судзе на папярэднім разглядзе пазову наконт прымусовага высяленьня Ляшэнкі з кватэры падменнага жылога фонду прадстаўніца «Жылфонду» Любоў Рынеўская тлумачыла:

«У нас ёсьць акт прыёмкі дому № 10 у эксплюатацыю пасьля капітальнага рамонту. Просім выселіць Ляшэнку з падменнай кватэры — яна давалася яму на час капітальнага рамонту дома, і спагнаць зь яго 360 тысяч рублёў судовай пошліны».

Інвалід Ляшэнка не пагаджаецца: «З пазовам ня згодны. Камунальнікі зрабілі касмэтычны рамонт, а не мадэрнізацыю, не забясьпечылі безбар’ерны доступ у кватэру».

Судзьдзя Людміла Сапоненка патрабуе ад заказчыка — КЖУП «Сьветач» — прынесьці на наступнае паседжаньне суду праектна-каштарысную дакумэнтацыю на мадэрнізацыю дома па вуліцы Леніна, 10.

Выселяць ці ня выселяць інваліда з падменнай кватэры ў ягоную напалову адрамантаваную, будзе ясна пасьля рашэньня суду. Пакуль жа Ляшэнка паказвае даволі цікавую паперу з рэгіянальнай інспэкцыі Дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам. У ёй пералік зробленага па доме, а пры канцы рэмарка: «У складзе праектнай дакумэнтацыі не прадугледжаныя мерапрыемствы па забесьпячэньні безбар’ернага асяродзьдзя для інвалідаў-вазочнікаў».

«Пэўна, хочуць, — кажа Юры Ляшэнка, — каб мяне жонка цягала ў вазочку на другі паверх гэтаксама, як і сёньня ў суд. Ну, дык тут хоць праваабаронца Ігар Песікаў, дзякуй яму, дапамог. А на Леніна,10 ён жа ня будзе кожны дзень хадзіць, каб насіць мяне ўверх-уніз».

Дарога ў суд
Дарога ў суд

У судзе з інвалідам сапраўды здарылася досыць паказальная гісторыя. Выклікаць яго выклікалі, але пакоі судзьдзяў — на другім паверсе. Адзіная заля на першым паверсе была занятая пад крымінальны працэс. Заехаў інвалід у хол на сваім вазку — і стоп. Ліфта ў будынку няма. Давялося ягонай жонцы са знаёмым праваабаронцам цягнуць Юрыя з вазком па прыступках на другі паверх, у кабінэт судзьдзі.

Дарэчы, у гэты ж дзень у судзе была папярэдняя гутарка і па скарзе самога інваліда на дзеяньні мэдыкаў Сьветлагорскага раённага шпіталя — тых самых, што ў лістападзе на машыне хуткай мэдычнай дапамогі прыехалі на плошчу, забралі яго зь пікету і завезьлі ў прыёмны пакой, дзе яму ўшпілілі некалькі ўколаў. Аднак на гутарку да судзьдзі Ўладзімера Сьцяпанава Юры ня трапіў — за яго хадзіла на другі паверх жонка Алена.

Наверх у кабінэт судзьдзі
Наверх у кабінэт судзьдзі

Укалоць... і забыцца

У суд на мэдыкаў Ляшэнка падаў пасьля працяглай перапіскі зь Міністэрствам аховы здароўя і ягонай абласной управай. Хоча, каб прызналі іхнія дзеяньні неправамернымі,

Чыноўнікі, вядома, адмаўляюць, што хуткая дапамога была выкарыстана на пікеце ў палітычных мэтах — спыніць пратэст інваліда перад райвыканкамам. Намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму Дзьмітры Папкоў напісаў у лісьце да інваліда: «У ходзе праверкі ўстаноўлена, што выезд брыгады хуткай мэдычнай дапамогі ажыцьцёўлены на падставе выкліку, які паступіў з грамадзкага месца ад невядомага мужчыны».

А ўкалолі інваліду ў прыёмным пакоі шпіталя, куды прывезьлі з плошчы, як напісана, «унутрымышачна: р-р магнію сульфату 25% — 5,0 мл, р-р анальгіну 50% —2,0 мл, р-р дымэдролу 1% — 1 мл».

Паводле Папкова, камісія ўпраўленьня ня выявіла нейкіх парушэньняў пры аказаньні мэдычнай дапамогі інваліду Ляшэнку. Адзіная заўвага — мэдыкі ня выдалі даведку інваліду пра агляд.

Аднак прэтэнзіі ў інваліда да супрацоўнікаў шпіталя — іншага характару: мэдыкі празь невядомых лялькаводаў, «невядомага мужчыну з грамадзкага месца» былі задзейнічаныя ў перасьледзе пікетоўца:

«Хуткую дапамогу не выклікаў, не запрашаў. Яна самастойна прыехала, пагрузіла мяне гвалтам, без маёй згоды, без маёй волі, і адвезла ў шпіталь. Там накалолі мяне невядомымі ўколамі. Пасьля гэтага, калі я расплюшчыў вочы, убачыў: перада мною міліцыянты, яны нешта ў мяне дапытваюцца, складаюць паперы на адміністрацыйнае пакараньне. Замест таго каб займацца сваімі непасрэднымі абавязкамі, хуткая дапамога, па сутнасьці, выкрала мяне з плошчы, а Міністэрства аховы здароўя і абласная ўправа проста адпісаліся. Таму я й хачу праз суд прыцягнуць да адказнасьці тых, хто займаўся захопам, палітычным перасьледам — замест таго каб аказваць мэдычную дапамогу тым, хто сапраўды меў патрэбу».

Мадэрнізацыя па-сьветлагорску

З суду Ляшэнка з жонкай павезьлі паказваць сваю кватэру ў «мадэрнізаваным доме». Юры сам кіруе аўтамашынай, абы толькі дапамаглі сесьці за стырно.

Звонку васьмікватэрнік на вуліцы Леніна, 10 выглядае сьветлым, нават зіхоткім. Велікоднае яйка, дый годзе! Але для інваліда перашкоды пачынаюцца ад дзьвярэй — парожак ён самастойна пераадолець ня можа. Можна, вядома, вазок разьвярнуць задам наперад, але тады дзьверы не адчыніш. Парэнчаў па пляцоўцы паміж лесьвічнымі маршамі няма.

Інвалід-вазочнік Юры Ляшэнка спрабуе патрапіць ва ўласную кватэру
Інвалід-вазочнік Юры Ляшэнка спрабуе патрапіць ва ўласную кватэру

У кватэры пасярод вузкага калідорчыка стаяць, як экспанаты, ванна з санвузлом. Гаспадары кажуць: «Пасьля „мадэрнізацыі“ ванна ў ранейшую нішу ня ўлазіць. Санвузел трэба ставіць наўскасяк, але ён тады загароджвае інваліду праезд да ванны».

Дзьвярэй у ванну, як, дарэчы, і на ўваходзе ў кватэру, няма. Рамы ў вокнах камунальнікі не мянялі. Столь гіпсакардонам падшыта неахайна, ды так, што вышыня кватэры заўважна зьменшана.

Пачуўшы размову пра рамонт, да інваліда прыйшла гаспадыня кватэры № 1, каб і яе недаробкі сфатаграфавалі.

«Вокны і ўваходныя дзьверы давялося купляць самой. Міжпакаёвую сьцяну камунальнікі вывелі на вакно. Нават трубы ацяпляльныя не замацавалі. І так на кожным кроку», — жаліцца суседка.

Ляшэнка тым часам дадае: «Цяпер разумееце, чаму я выехаў на плошчу з пратэстам?»

Пазнаёміў «Форд»

Інваліднасьць у Ляшэнкі зь дзяцінства. Маці нарадзіла Юру ў Гомелі, калі вясною 1968 году вярталася ў Беларусь з Інты, што ў Комі АССР, дзе працавала бухгальтаркай на шахце.

«Відаць, практыканты прымалі роды, бо яшчэ й вывіхі былі — так маці казала», — скрушна жартуе Ляшэнка.

Бацькі пераехалі ў Сьветлагорск, уладкаваліся на «Хімвалакно». Калі Юру было адзінаццаць, бацька пакінуў сям’ю.

Юра вучыўся дома, ды не абы-як — скончыў дзесяцігодку са срэбным мэдалём. Здолеў паступіць на юрыдычны факультэт дыстанцыйнага інстытуту ў Нальчыку — адзінай навучальнай установе для інвалідаў на ўвесь былы Савецкі Саюз. Праз два курсы пакінуў вучобу. Працаваў вядоўцам дыскатэкі ў Доме культуры.

«Хочаце верце, хочаце не, але першы відэасалён у Сьветлагорску я адкрыў», — не бяз гонару згадвае інвалід.

А потым у яго жыцьці была цяжкая аўтааварыя. Выжыў.

«Пасьля яе мне ўжо наагул нічога ня страшна», — ці то жартам, ці то ўсур’ёз зазначае Ляшэнка.

Больш за тое, Юры стаў арганізоўваць пасажырскія перавозкі. І ва ўсіх справах яму дапамагае жонка Алена.

«Дык мы зь Юрам праз аўтамашыну і пазнаёміліся, — апавядае Алена Сяргееўна. — Я раней працавала ў Менску на авіярамонтным заводзе. У мяне быў адпачынак, і я прыехала з сынам да сваіх знаёмых у Гатава сустракаць Новы год. Гаспадар займаўся шынамантажом. І акурат прыцягнулі „Форда“, мікрааўтобус Ляшэнкі — нешта ён сапсаваўся. Так і пазнаёміліся».

Яны размаўлялі цэлую ноч. Ляшэнка запрасіў Алену ў госьці. Завабліваў яе сьветлагорскімі барамі, дзе багата грыбоў і ягад, бо яна сама прызналася, што ахвочая іх зьбіраць. Абяцаў ня даць сумаваць, бо спраў багата.

Яна прыехала, пазнаёмілася з маці. Перш як пераехаць у Дзяржынск да свайго другога сына, Яўгенія Сьцяпанаўна жыла разам зь Юрам — бяз догляду й дапамогі яму няма як.

Алена вярнулася ў Менск, напісала заяву на звальненьне. Знаёмыя былі шакаваныя. Зь Менску ў Сьветлагорск? Замуж за інваліда?

Апоўдні Юры прыехаў у сталіцу на тым самым «Фордзе», які іх пазнаёміў, і забраў Алену ў Сьветлагорск.

5 траўня 2005 году яны афіцыйна зарэгістравалі шлюб.

«Мы ў той дзень так былі занятыя маршрутнымі перавозкамі, — сьмеючыся, узгадвае Алена, — што, дальбог, забыліся пра рэгістрацыю. Тэлефануюць нашы сьведкі: „Моладзь, дык мы ў ЗАГС едзем?“ Хуценька нашы памагатыя ўпрыгожылі „Газэль“ рознакаляровымі балёнікамі, мы прыбраліся — і хутчэй на рэгістрацыю».

Разам Юры і Алена ўжо цэлы дзясятак гадоў.

«Вядома, яму патрэбная дапамога 24 гадзіны ў суткі. Я адпачываю, — прызнаецца жанчына, — калі ён сьпіць. А калі ўстае, то ў нас пачынаецца грамадзкая праца».

І найпершы клопат — безбар’ернае асяродзьдзе ў горадзе, жыцьцё інвалідаў. Іх у Сьветлагорску — падумаць толькі! — больш як 600. Многія гадамі не выходзяць са сваіх кватэраў, бо ня могуць пераадолець усе гэтыя лесьвічныя маршы, парогі, прыступкі.

«Я неяк вазіў Алену ў Нямеччыну, каб паказаць ёй гэтую краіну. Спыняліся ў Франкфурце-на-Одэры. Дык яна зьдзівілася: «Гэта што, горад інвалідаў?» Там іх столькі на вуліцах — на электравазочках, аўтамашынах, мыліцах, — што дзіву даесься. Вось каб і ў нас так, каб не сядзелі людзі ўсё жыцьцё на сваіх паверхах, як закладнікі, — марыць інвалід-вазочнік са Сьветлагорску Юры Анатолевіч Ляшэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG