Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне: расейскія дывэрсанты ледзь не ўчынілі выбухі ў жылым доме ў Вільні


Літоўская паліцыя. Ілюстрацыйнае фота
Літоўская паліцыя. Ілюстрацыйнае фота

Апэрацыя расейскіх спэцслужбаў, якая завяршылася выбухамі пасылак у Нямеччыне, Вялікай Брытаніі і Польшчы, павінна была прайсьці ў чэрвені 2024 году, але сарвалася праз тое, што выканаўца, літоўскі грамадзянін, не знайшоў кватэру ў віленскай новабудоўлі, дзе пакінулі выбуховыя прылады.

Як адзначаецца ў расьсьледаваньні журналістаў польскіх выданьняў Frontstory і VSquare, латвійскага Re:Baltica, эстонскага Delfi, расейскага The Insider і Літоўскага нацыянальнага радыё і тэлевізіі (LRT), каб унікнуць выбуху ў жылым доме, агентам, імаверна завэрбаваным ГРУ, давялося тэрмінова зьняшкодзіць выбухоўку.

Для дастаўкі выбуховых прыладаў у Літву выкарысталі сувязі колішняга камандзіра савецкага падводнага чоўна К-387 Аляксандра Мірошнікава. Іх даставілі пад выглядам масажных падушак для шыі. Колішні падначалены Мірошнікава на флёце Мікалай Загародны на просьбу былога камандзіра патэлефанаваў агульнаму знаёмаму Андрэю Бабураву (таксама ў мінулым камандаваў падводным чоўнам) і папрасіў адвезьці ў Вільню пасылку, якая на той момант ужо знаходзілася ў Рызе. Яе мелі забраць сваякі Мірошнікава, але яны не змаглі гэта зрабіць.

У Латвію пасылку адправілі з Нарвы 24 чэрвеня грузам эстонскай лягістычнай кампаніі Omniva. Праз тры дні, 27 чэрвеня, яе забраў Васілій Ковач і адвёз у Літву. Але ён ня ведаў, што было ў пасылцы.

У Вільні ўкраінец Вячаслаў Чабаненка, які адседзеў у турме 5 гадоў за згвалтаваньне жонкі, даставіў пасылку ў кватэру па вуліцы Герулайчo ў Вільні. Ён усталяваў чатыры самаробныя бомбы сярод спартовага інвэнтару, сэкс-цацак і масажных падушак. Выбуховае рэчыва было замаскаванае пад цюбікі з касмэтыкай.

Забраць пакункі з пасылкамі мусіў літовец Аляксандар Шуранаў, але ён заблукаў у новабудоўлі і ня змог знайсьці патрэбную кватэру. Таму Чабаненка вымушаны быў тэрмінова вярнуцца ў кватэру і дэзактываваць выбухоўку. У выніку пакеты зь ёю перавезьлі ў Коўна.

Пэўны час пасылкі знаходзіліся ў розных краінах Эўропы, але 17 ліпеня Ковач і ягоныя пляменьнікі зноў адвезьлі пасылку ў Літву. У Вільні выбуховыя прылады атрымаў і прывёў у дзеяньне раней суджаны ўкраінец Уладзіслаў Дзеркавец, які потым перадаў пасылкі Шуранаву, а той, выкарыстоўваючы імя Ігара Пруднікава, адправіў дзьве пасылкі ў Вялікую Брытанію з цэнтру абслугоўваньня DHL каля Віленскага аэрапорту, а дзьве іншыя — праз плятформу DPD у Польшчу.

Першая пасылка выбухнула 20 ліпеня а 5:45 раніцы ў аэрапорце Ляйпцыгу ў Нямеччыне, другая — 21 чэрвеня а 02:15 раніцы ў прычэпе грузавіка пад Варшавай, трэцяя — 22 чэрвеня а 3:36 раніцы на складзе DHL у брытанскім Бірмінгеме. Чацьвёртую пасылку змагла перахапіць Служба ўнутранай бясьпекі Польшчы, супрацоўнікі якой знайшлі таймэр і выбухоўку ў масажнай падушцы.

17 верасьня Генэральная пракуратура і Бюро крымінальнай паліцыі Літвы заявілі аб выкрыцьці групы асобаў, якія арганізавалі чатыры тэрарыстычныя акты ў розных эўрапейскіх краінах.

Адзначалася, што тэракты каардынавалі грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, якія маюць сувязі з расейскімі вайскова-выведнымі службамі. Таксама сьцьвярджалі, што некалькі каардынатараў гэтых злачынстваў маюць непасрэднае дачыненьне да спробы тэрарыстычнага акту 9 траўня 2024 году ў Вільні, калі быў падпалены гандлёвы цэнтар IKEA.

Тым часам у Вялікай Брытаніі трое чалавек былі арыштаваныя недалёка ад Лёндана па падазрэньні ў «шпіянажы на карысьць Расеі». Двое мужчын і адна жанчына былі арыштаваныя ў Эсэксе па падазрэньні ў дапамозе расейскай выведцы, паведаміла паліцыя Лёндана.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG