Удзельнікі пісалі тэкст аўтарства Зоські Верас, напісаны ў 1916 годзе. Раней яна была актывісткай Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, які дзейнічаў у горадзе да Першай сусьветнай вайны. Чытала дыктоўку паэтка Ала Петрушкевіч. Пасьля заканчэньня выступіў бард Віктар Шалкевіч.
Гарадзенская дыктоўка была прысьвечаная стагодзьдзю беларускай школы. Але гісторык Андрэй Чарнякевіч зазначыў, што першая афіцыйная беларуская школа паўстала ў Вільні 13 лістапада 1915 году. У Горадні школка адкрылася крыху пазьней, аб чым паведаміла 21 сакавіка 1916-га газэта «Гоман». Разьмяшчалася яна на вуліцы Маставой пры праваслаўным манастыры, на месцы якога цяпер драмтэатар. Настаўнікамі працавалі Тэкля Станішэўская і Аляксандар Грыкоўскі, абое памерлі ад сухотаў праз тры гады.
Напачатку 1920-га ў горадзе нядоўгі час існавалі тры беларускія школкі. Пры канцы году нават была заснаваная гімназія. Пазьней адзін час у беларускай школе ў Горадні налічвалася каля чатырохсот вучняў і восем настаўнікаў. Канец беларускамоўнай адукацыі ў горадзе быў пакладзены ў 1927 годзе. Пасольскі клюб «Змаганьне» рабіў захады, каб аднавіць навучаньне дзяцей на беларускай мове. Аднак польскія ўлады гэтага не дазволілі.