Дзяржаўны сакратар Ватыкану, кардынал П’етра Паралін прыняў ўдзел ва ўсяночным моладзевым набажэнстве, якое прайшло ў ноч на нядзелю ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены.
На ўдзел у супольнай малітве з пасланьнікам Папы Рымскага прыехала моладзь з усіх абласьцей Беларусі — дыяцэзый Касьцёла.
Высокага госьця яны віталі ў нацыянальных строях і па-беларуску.
Зьвяртаючыся да моладзі, П’етра Параліна ўзгадаў Рыгора Барадуліна, ягоную, прасякнутаю духоўнасьцю, паэзію і адзначыў, што для яго ёсьць вялікай нечаканасьцю маліцца ў Чырвоным Касьцёле на плошчы Незалежнасьці ў Менску, куды «часта залятаюць вельмі розныя вятры...».
Ватыканскі кардынал таксама заклікаў моладзь «быць уважлівымі і асьцерагацца, каб ніхто ня змог падрэзаць крылы моладзі ілжывымі каштоўнасьцямі і імкненьнямі».
У нядзелю, у апошні дзень візыту, супрацоўнік Папы Францішка ўзначаліў імшу з удзелам дзяцей, якая адбылася ў галоўным каталіцкім храме — архікатэдральным Касьцёле на плошчы Свабоды ў Менску.
Прамаўляючы да дзяцей і дарослых, кардынал сказаў, што Папа Францішак хацеў бы быць сярод беларускіх вернікаў, аднак акалічнасьці гэта не дазваляюць. І таму ён паслаў свайго прадстаўніка ў Беларусь, каб выказаць павагу і дабразычлівасьць, якую мае да беларускага народа і каталіцкіх вернікаў.
«Папа добра ведае, што вас вельмі шмат у гэтай краіне і што вы ў вашай гісторыі зьведалі сапраўды цяжкія пэрыяды. Яшчэ зусім нядаўна высылалі сьвятароў, разбуралі сьвятыні, разганялі хрысьціянскія супольнасьці. А з дапамогай добра арганізаванай і навязьлівай прапаганды, імкнуліся сьцерці вобраз Бога з сэрцаў вернікаў. Яны ня ведалі, што гэты вобраз нельга сьцерці, бо ён адціснуты вельмі глыбока рукою самога Бога. Нядоля, якую вы перажылі была велізарнаю... Мяне вельмі ўразіў вобраз аднаго з вашых паэтаў, які малюе спусташэньне, пакінутае ваяўнічым атэізмам: «А-ні царквы ў крыжох, а-ні хаціны боскай. Так і жывуць удвох: Богам забытая вёска, вёскай забыты Бог...»
І ня ўпершыню здавалася, што Бог забыўся пра ваш народ: войны, пажары, разбурэньні, высылкі, забойствы... Вось ён — крыжовы шлях беларускага народа. Папа нізка схіляецца перад гэтай гісторыі пакутаў. Вы — як Божая маці стаіце пад крыжам Хрыста, непахісныя ў вашым болю на працягу ўсё вашай гісторыі і ў памяці пра гвалтоўна забраных ад вас блізкіх...», — сказаў П’етра Паралін.
Паводле кардынала, Папа паслаў яго сказаць, што пакуты дзеля веры зрабілі беларускіх вернікаў «найпрыгажэйшай кветкай у садзе касьцёлу, што вы патрэбныя нам, мы ня можам застацца бяз вас і ніколі вас не пакінем.
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ад імя каталіцкіх герархаў і беларускіх вернікаў яшчэ раз прасіў кардынала П’етра Параліна перадаць Папу Рымскаму просьбу наведаць Беларусь.
Урачыстай Імшой ў архікатэдральным касьцёле Менску афіцыйны візыт Дзяржаўнага сакратара Ватыкану П’етра Параліна ў Беларусь быў завершаны.
Адказваючы на запрашэньне, папскі пасланьнік сказаў:
«Я разумею, што па маім вяртаньні ў Рым маю вельмі важнае заданьне, якое павінны выканаць. Гэта перадаць Папу, што Беларусь яго чакае і чакае зь вялікай нецярплівасьцю: чакае моладзь, зь якой я сустракаўся падчас начнога чуваньня, якія шмат разоў настойліва гэта паўтарала. Яго чакаюць дзеці, якія гэтаксама з энтузіязмам запрасілі Папу ў Беларусь. Таму я спадзяюся, што Бог паскорыць надыход гэтага дня, калі споўніцца вашае жаданьне, якое супадае і з жаданьнем Папы, і ён зможа прыехаць да вас».
Урачыстай імшой ў архікатэдральным касьцёле Менску афіцыйны візыт Дзяржаўнага сакратара Ватыкану П’етра Параліна ў Беларусь быў завершаны.