Надоечы давялося праходзіць праз дворык БДУ. Калісьці яго так і называлі «дворык», душэўнае было месца. Цяпер тут пануе няўтульная пустата зь відам на заднік галоўнага корпусу. Напэўна, забудуюць чым-небудзь неўзабаве. Як забудоўваюць-ушчыльняюць жылыя раёны і старыя паркі. Дарэчы, колішні «зялёны горад» Менск ужо даўно ніхто так не называе…
Для мяне, чалавека, які вырас у Менску, горад заўсёды быў важны сваім вобразам. А першае, што фармуе вобраз старога гораду – гэта памяць. Праўда, з памяцьцю пра самога сябе Менск не сябруе. Рэч у тым, што ва ўяўленьні калгаснага чалавека старасьць не зьяўляецца каштоўнасьцю. Стары будынак – наадварот – заганны. А паколькі начальства і новыя насельнікі Менску прыбывалі з калгасаў, усё старое яны зносілі і на яго месцы ставілі новае. Добра калі гэта былі архітэктурныя ансамблі, створаныя і ўпісаныя ў горад спэцыялістамі. Але так бывала даўно.
Словам, менскія вобразы ствараліся ня памяцьцю, а паваротамі вуліц, узгоркамі, згінамі ракі, кліматам-паветрам-пахам і гэтымі самымі ансамблямі. Аднак і тое канула ў вечнасьць.
Ясна было, што Менск будзе расьці – на дзьве-тры галавы падымецца агульная вышыня гораду. Бяда ў тым, што ён расьце кропкава, віхрамі, абы дзе і абы як, новае ўступае ў канфлікт ня тое што са старым, а з такім самым новым. Вобразы разбураюцца, не пасьпеўшы нарадзіцца і саступаючы месца таму, што называецца расейскім словам «безобразие» – адсутнасьць вобразу.
Вось дом Чыжа канчаткова ператварыў Траецкае прадмесьце ў набор lego. Вось «Кэмпінскі» закрыў сабою далёкі від на ўзгорак ЦК КПБ. Вось невядомая гаргара вырасла ў двары Дому пад шпілем, і той перастаў дамінаваць у краявідзе, прапаў. Увесь сталінскі ампір страціў сваю велічнасьць і таксама ператварыўся ў цацкі. У колішніх парках ні згубіцца немагчыма, ні схавацца – яны таксама сталі лялечнымі. Як тая Асмолаўка ці парк 40-годзьдзя Кастрычніка, на месцы якога зьявіўся гатэль «Пэкін». А што значыць цацкі? Лёгіка простая – рана ці позна гэтыя несур’ёзныя «карлікавыя» збудаваньні і паркі мусяць саступіць месца хмарачосам, якія будуць «под стать» дому Чыжа і «Кэмпінскі», а там прыйдзе чарга і дому Чыжа… Гадоў праз 20.
Заканамернасьць менскага «безобразия» адбілася і на нядаўняй славутасьці – нацыянальнай бібліятэцы. Той самай, якую нібыта будавалі ўсім народам, зьбіраючы грошы на суботніках, і на якой сёньня шыльда паведамляе, што ўзьведзеная бібліятэка за грошы з фонду прэзыдэнта. Хто б сумняваўся.
Дык вось. Сьмяяліся, вядома, з арыгінальнага будынку-«чупа-чупса». Называлі яго і самым пачварным праектам на сьвеце. Але як бы там ні было, бібліятэка стала візытоўкай сталіцы. І як ні круці, вялізны і дзіўны будынак у прасторы – глядзеўся на фоне пустак і нізкарослай забудовы пад неабдымным небам.
Але, як той казаў, не прайшло і паўгода… Новая гаргара нейкага многафункцыянальнага прызначэньня цалкам перакрыла від на бібліятэку з усходу. Бац! – і няма візытоўкі сталіцы. Прынамсі, для тых, хто едзе з Масквы. Зараз анансаваная звышвысотка Газпрому на месцы Ўсходняга вакзалу цалкам перакрые від з захаду. Бац! І будзе візытоўка гораду выглядаць шарыкам, які выпадкова закаціўся ў шчыліну бэтоннага каньёну.
Так і не набыўшы свайго адметнага вобразу.