Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чачэнец Дадаеў заявіў, што не забіваў Нямцова


Заур Дадаеў
Заур Дадаеў

Абвінавачаны ў забойстве Барыса Нямцова былы чачэнскі паліцэйскі Заур Дадаеў адмовіўся ад ранейшых прызнальных паказаньняў і заявіў пра катаваньні.

Дадаеў распавёў сябрам Грамадзкай назіральнай камісіі, якія наведалі яго ў маскоўскім СІЗА «Ляфортава», у тым ліку карэспандэнту газэты «Маскоўскі камсамолец», што два дні ён правёў у кайданках, кайданах на нагах і з пакетам на галаве, чакаючы суду, каб заявіць аб сваёй невінаватасьці.

«Я 11 гадоў змагаўся са злачынцамі, абараняў інтарэсы Расеі, а мне не даюць слова, таму што я не пасьпеў вывучыць нейкі КПК? Дзе справядлівасьць?» — кажа былы супрацоўнік МУС РФ, дадаючы, што цяпер адчувае сябе ў бясьпецы.

Праваабаронцы наведалі таксама двух іншых абвінавачаных — братоў Анзора і Шагіда Губашавых, якія таксама паскардзіліся на катаваньні і зьбіцьцё пры затрыманьні.

У аўторак намесьнік камандуючага Ўнутранымі войскамі МУС Расеі Ігар Грудноў заявіў, што Заур Дадаеў, намесьнік камандзіра чачэнскага батальёна «Поўнач», быў звольнены пасьля забойства Нямцова — з 28 лютага, а з 27 студзеня знаходзіўся ў адпачынку.

Па справе аб забойстве Нямцова абвінавачваюцца яшчэ 2 чалавекі: Хамзад Бахаеў і Тамерлан Эскерханаў.

У аўторак кіраўніца Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева выказала сумнеў у тым, што замоўнікаў забойства Барыса Нямцова знойдуць. На яе думку, гэта маглі быць людзі, зьвязаныя з расейскімі ўладнымі структурамі, а не ісламісты.

«Прынцыпова важна даведацца, хто замоўнік. Колькі б ні арыштоўвалі чачэнцаў, я буду чакаць, калі нам назавуць замоўніка, але сумняюся, што дачакаюся. Гэтак жа, як з Паліткоўскай, як і са Старавойтавай — замоўнікаў забойства не назавуць», — заявіла Аляксеева «Інтэрфаксу».


Барыс Нямцоў быў застрэлены ў Маскве, на Вялікім Маскварэцкім мосьце 27 лютага позна ўвечары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG