Гэта адбылося амаль праз восем гадоў ад пачатку палёту. «Сьвітанак» мае быць на арбіце Цэрэры 18 месяцаў, фатаграфуючы паверхню і спрабуючы высьветліць, чым выклікана сьвячэньне некаторых частак плянэты. Навукоўцы лічаць, што гэта можа быць альбо лёд з астэроідаў, якія трапілі на яе паверхню, альбо запасы солі.
Сярод мэтаў місіі таксама высьветліць ці магчымае існаваньне на Цэрэры мікраарганізмаў.
Цэрэра (1 Ceres) — карлікавая плянэта ў Сонечнай сыстэме. Назва паходзіць ад імя багіні ўрадлівасьці ў старажытнай рымскай міталёгіі. Дыямэтар: ~1000 км. Маса: 1/4400 зямной. Цэрэра адносіцца да каменных астэроідаў (малых плянэт). Пасьля апублікаваньня правіла Тыцыюса-Бодэ ў канцы 18 стагодзьдзя пачаліся пошукі «пятай плянэты» між Марсам і Юпітэрам. Цэрэра стала першым адкрытым астэроідам. У 2006 годзе Цэрэра была пераклясыфікаваная ў малыя плянэты.