Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абнародавала справаздачу аб стане правоў чалавека ў 160 краінах сьвету.
У справаздачы сярод самых сур’ёзных праблемаў адзначаецца канфлікт ва Ўкраіне і звужэньне прасторы для свабоды выказваньня ў Расеі і ў краінах Цэнтральнай Азіі.
Асаблівую заклапочанасьць арганізацыі выклікае рост гвалту з боку недзяржаўных узброеных груповак, такіх як «Ісламская дзяржава» ў Сірыі і Іраку, «Бока Харам» у Нігерыі. Гвалт з боку падобных груповак фіксаваўся летась у 35 краінах.
Amnesty International адзначае, што ў Сірыі, Іраку, Газе, Ізраілі і ва Ўкраіне Рада бясьпекі ААН ня здолела справіцца з крызісамі і канфліктамі, якія суправаджаюцца жудаснымі злачынствамі супраць цывільных асобаў.
Арганізацыя заклікае скасаваць права вэта для сталых сяброў Рады бясьпекі ААН, бо на думку Amnesty International Расея карыстаецца гэтым правам для блякаваньня высілкаў па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.
«2014 год быў катастрафічным для мільёнаў людзей, якія сталі ахвярамі гвалту. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый была створаная 70 гадоў таму, каб гарантаваць, што мы ніколі больш ня ўбачым жахі, сьведкам якіх мы сталі падчас Другой сусьветнай вайны. Цяпер мы бачым гвалт у масавым маштабе і велізарны крызіс уцекачоў, выкліканы гэтым гвалтам,» — падкрэсьліў Саліл Шэці, генэральны сакратар Amnesty International.
«Больш за мільён цывільных жыхароў сталі ўцекачамі і тысячы загінулі падчас канфлікту ва Ўкраіне, які характарызаваўся неаднаразовым парушэньнем законаў і правілаў вайны абодвума бакі — у тым ліку абстрэлам жылых кварталаў гарадоў. У Расеі ўлады ўзмацнілі ціск на свабоду слова, пачалі трактаваць недзяржаўныя арганізацыі як „замежных агентаў“ і несправядліва зьнявольвалі палітычных актывістаў», — адзначае Джон Далхузэн, дырэктар праграмы Amnesty International па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.
Паводле арганізацыі, шмат якія краіны ў межах барацьбы з тэрарызмам практыкавалі адвольныя рэпрэсіі, катаваньні і гвалтоўныя зьнікненьні. Такую практыку арганізацыя адзначае ў Аўганістане, Кеніі, Нігерыі, Пакістане, Турэччыне, ў Расеі і ў краінах Цэнтральнай Азіі.
У разьдзеле справаздачы, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца, што гэта — адзіная краіна ў Эўропе, дзе працягвае выконвацца сьмяротнае пакараньне. Права на свабоду выказваньня ў Беларусі жорстка абмежаванае, журналісты зазнаюць перасьлед. Свабода сходаў па-ранейшаму жорстка абмежаваная.
У справаздачы адзначаецца, што летась прынамсі тры чалавекі ў Беларусі былі пакараныя сьмерцю. У красавіку ўлады пачалі выкарыстоўваць перасьлед пазаштатных журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ. Паводле ўладаў, яны павінны акрэдытавацца ў якасьці замежных журналістаў у МЗС. Прынамсі 4 журналісты на працягу году былі аштрафаваныя на сумы, эквівалентныя 450 далярам.
У справаздачы прыгадваюцца масавыя арышты ўдзельнікаў "Чарнобыльскага шляху", прэвэнтыўныя затрыманьні напярэдадні і падчас правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску і перасьлед палітычнага актывіста Юрыя Рубцова, які напрыканцы году быў асуджаны да турэмнага зьняволеньня па абвінавачваньні ў абразе судзьдзі.
Amnesty International нагадвае, што вязень сумленьня і былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, асуджаны на 6 гадоў у 2011 годзе, з 2012 году знаходзіцца ў калёніі строгага рэжыму.
Справаздача таксама таксама адзначае справу беларускай праваабаронцы, грамадзянкі Расеі Алены Танкачовай, якой паводле фармальнай падставы быў скасаваны дазвол на жыхарства ў Беларусі.