Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінчанка: Аптымістычны сцэнар — калі перамір’е працягнецца год


Расейскі палітоляг, прэзыдэнт холдынгу «Minchenko consulting» Яўген Мінчанка мяркуе, што па выніках сёньняшніх менскіх пагадненьняў Кіеў ня будзе выконваць палажэньні аб канстытуцыйнай рэформе, сэпаратысты — пункты аб перадачы Кіеву кантролю над мяжой. З экспэртам гутарыў Юрый Дракахруст.


Мінчанка: Калі спыняцца баявыя дзеяньні, то галоўны выйгрыш атрымаюць жыхары памежных раёнаў, якіх абстрэльвалі з абодвух бакоў. Калі людзей спыняць забіваць — гэта вялікая справа. Я ня веру ў тое, што гэтыя пагадненьні будуць працаваць працяглы тэрмін. На мой погляд, добры варыянт — калі спыняцца абстрэлы, аднавіцца выплата пэнсій, сацыяльных выплат жыхарам Данбасу, спыніцца блякада іх тэрыторыі. Пры гэтым украінскі бок будзе зацягваць ці прафанаваць прыняцьце зьменаў у Канстытуцыю, Луганск і Данец паводле прынцыпу «раніцай — грошы, ўвечары — крэслы» будзе перашкаджаць пераходу мяжы пад кантроль украінскіх уладаў і гэта працягнецца ў лепшым выпадку год. Потым ваенныя дзеяньні адновяцца. Гэта аптымістычны сцэнар.

РС: Чым цяперашнія менскія пагадненьні адрозьніваюцца ад леташніх верасьнёўскіх?

Мінчанка: У прынцыпе нічым. Асабліва ўлічваючы той факт, што ад Украіны цяперашнія пагадненьні падпісаў пэнсіянэр Кучма, які падпісаўся, як другі прэзыдэнт Украіны, а не як прадстаўнік прэзыдэнта Парашэнкі. Для ўкраінскага боку гэта паперка, якая нічога не вартая.

РС: Сытуацыя крыху дзіўная: лідэры Нямеччыны, Расеі, Ўкраіны і Францыі амаль суткі вялі напружаныя перамовы, але яны не падпісалі гэта дакумэнт. Чаму?

Мінчанка: Таму што ад іх не залежыць яго выкананьне. Хіба Пуцін ці Мэркель могуць адвесьці цяжкое ўзбраеньне? Не, ня могуць. Хіба яны могуць прыняць зьмены ў Канстытуцыю Ўкраіны? Не, ня могуць. Таму і не падпісалі.

РС: Ці прадугледжаны ў новых менскіх пагадненьнях мэханізм кантролю за іх выкананьнем?

Мінчанка: Гэта місія АБСЭ ў Данбасе і кантактная група ў Менску.

РС: На ваш погляд, якой будзе рэакцыя расейскага і ўкраінскага грамадзтваў і іх палітычных элітаў на гэтыя пагадненьні?

Мінчанка: Рэакцыя расейскай грамадзкай думкі будзе пазытыўнай, бо расейская грамадзкая думка за мір. Што тычыцца ўкраінскага грамадзтва, то большая яго частка будзе за, але яны будуць маўчаць, а ў СМІ будзе гістэрыка пад лёзунгам «раздушыце гадзіну».

РС: А працэс канстытуцыйных рэформаў ва Ўкраіне, які прадугледжаны пагадненьнямі — гэта магчыма, гэта адбудзецца?

Мінчанка: Нічога гэта ня будзе. Будзе працэс, але ня будзе выніку.

РС: Як гэтыя пагадненьні паўплываюць на адносіны паміж Захадам, Эўропай і Расеяй?

Мінчанка: Па ідэі павінны былі б паўплываць. На мой погляд лягічным наступствам было б скасаваньне новага этапу санкцый, рашэньне аб якім было нядаўна прынятае кіраўнікамі МЗС дзяржаваў-чальцоў ЭЗ і якія павінны ўступіць у дзеяньне на наступным тыдні.

РС: А што тычыцца іншых, ранейшых санкцый?

Мінчанка: У сакавіку споўніцца год з моманту ўвядзеньня санкцый. Трэба іх скасоўваць. ЭЗ працягнуў іх яшчэ на год. Трэба ад гэтага адмовіцца.

РС: Гэта вы лічыце, што трэба іх скасоўваць, ці яны могуць прыйсьці да такога меркаваньня?

Мінчанка: Я лічу, што калі яны шчырыя, то павінны гэта зрабіць. А калі трымаюць фігу за сьпіной, тады ня зробяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG