Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі саміт-2: ці зьявяцца на ўсходзе Ўкраіны беларускія міратворцы


«Нармандзкая чацьвёрка» ў кастрычніку 2014.
«Нармандзкая чацьвёрка» ў кастрычніку 2014.

11 лютага ў Менску павінен адбыцца саміт «нармандзкай чацьвёркі» дзеля ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Чаму стала магчымаю такая сустрэча? Якіх мэтаў рэальна дасягнуць на гэтых перамовах? Ці могуць беларускія вайскоўцы стаць часткаю міратворчых сілаў на ўсходзе Ўкраіны?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і журналіст Юры Сьвірко з Кіева.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:13:44 0:00
Наўпроставы лінк

Чаму стала магчымаю такая сустрэча?

Валер Карбалевіч: «Якія прычыны падштурхнулі бакі да таго, каб сядаць за стол перамоваў?»

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў: «Адбыўся наступ сэпаратыстаў. І перад Захадам паўстала пытаньне пра дапамогу Ўкраіне лятальнай зброяй. Таму і зьявілася ініцыятыва Мэркель і Алянда, якія паляцелі ў Кіеў і Маскву, каб не даводзіць справу да абвастрэньня сытуацыі».

Карбалевіч: «Але, здаецца, спачатку зьявіўся ліст Пуціна да Мэркель і Алянда, а тыя адрэагавалі».

Юрый Сьвірко: «Сёньня паведамляецца пра наступ украінскіх вайскоўцаў пад Марыюпалем. Чаму перамовы плянуюцца ў Менску? Таму што быў „Менск-1“ летась у верасьні. Захад заклікае Расею выконваць дамоўленасьці, якія былі дасягнутыя тады, хоча, каб мір быў заключаны на базе тых пагадненьняў. Таму лягічна зьяўленьне „Менск-2“. Да таго ж Беларусь — нэўтральная пляцоўка.

Юры Сьвірко
Юры Сьвірко

Дарэчы, у Кіеве шмат хто не разумее, чаму за справу вырашэньня ўкраінскага крызісу ўзяліся Нямеччына і Францыя, хоць Будапэшцкі мэмарандум 1994 году, які гарантаваў Украіне незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць, падпісалі Расея, ЗША і Вялікая Брытанія».

Якіх мэтаў рэальна дасягнуць на гэтых перамовах?

Карбалевіч: «Шмат хто з экспэртаў даволі скептычна ацэньвае пэрспэктыву Менскага саміту. Бо вельмі вялікія супярэчнасьці між бакамі. Калі немагчыма дасягнуць усёабдымнага вырашэньня канфлікту, то, можа, рэальна дабіцца спыненьня баявых дзеяньняў і проста замарозіць канфлікт?»

Фёдараў: «Калі б нават удалося дасягнуць такой абмежаванай мэты, то было б вельмі добра. Але я пэсымістычна гляджу на магчымасьць дамовіцца цяпер у Менску. Дарэчы, я зусім ня ўпэўнены, што гэты Менскі саміт адбудзецца.

Апошнім часам зьявілася новая супярэчнасьць: лінія разьмежаваньня бакоў. Сэпаратысты настойваюць, каб яна праходзіла па той мяжы, якой яны дасягнулі падчас наступу апошніх дзён. Кіеў лічыць, што трэба трымацца той лініі, якая была на момант дасягненьня пагадненьняў „Менск-1“ 5 верасьня».

Сьвірко: «Я таксама з пэсымізмам гляджу на пэрспэктыву Менскага саміту. Украінскі бок ставіць тры мэты: мір, мяжа і маніторынг».

Фёдараў: «Галоўная праблема палягае ў тым, што Пуцін не зацікаўлены ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. Ён ставіць мэту не пусьціць Украіну ў НАТО і ўрэшце прымусіць яе ўступіць у Эўразійскі эканамічны саюз».

Ці могуць беларускія вайскоўцы стаць часткаю міратворчых сілаў на ўсходзе Ўкраіны?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: «Шмат хто з экспэртаў кажа, што паўнавартаснага замірэньня паводле дамовы „Менск-1“ не ўдалося дасягнуць таму, што не разьвялі канфліктуючыя бакі. А гэта магчыма зрабіць толькі пры ўмове, што паміж імі стануць міжнародныя міратворчыя сілы. Калі такія міратворчыя сілы зьявяцца, то якая імавернасьць, што сярод іх будуць беларускія вайскоўцы?»

Сьвірко: «Наўрад ці магчыма, каб там зьявіліся беларусы. Бо Лукашэнка шмат заяўляў, што ня будзе нікуды пасылаць сваіх вайскоўцаў.

Украіна супраць зьяўленьня міратворцаў на ўсходзе сваёй краіны. Расейскія міратворцы былі ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, і ўсе памятаюць, чым гэта скончылася.

Малаверагодна зьяўленьне нейкага іншага міжнароднага міратворчага корпусу, бо ні ААН, ні іншыя структуры гэтага не прапаноўвалі. Увогуле, усур’ёз у Кіеве гэтае пытаньне не абмяркоўваецца».

Фёдараў: «Думаю, увогуле зьяўленьне міратворцаў на ўсходзе Ўкраіны выглядае вельмі сумнеўна. Бо першае пытаньне: хто гэта можа быць? Беларускія вайскоўцы там ня могуць зьявіцца паводле азначэньня, бо Беларусь — блізкі вайсковы саюзьнік Расеі, таму Ўкраіна не пагодзіцца з гэтым. Таму што беларускія міратворцы мала чым будуць адрозьнівацца ад расейскіх. Увогуле, у Эўропе ўсе краіны — альбо чальцы АДКБ, альбо чальцы НАТО».

Карбалевіч: «Не праблема. Можна запрасіць міратворцаў з краін Афрыкі, Азіі ці Лацінскай Амэрыкі».

Фёдараў: «Можна паспрабаваць разьвесьці бакі на 50–70 кілямэтраў, паставіць каля расейскіх войскаў ці ўзброеных сілаў ДНР і ЛНР натаўскія часьці, а каля ўкраінскіх вайскоўцаў — беларускія часьці. Але гэта з разраду фантастыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG