Ангела Мэркель заявіла, што анэксія Крыму «ня проста анэксія», а парушэньне «эўрапейскага сьветапарадку». Тым часам Пуціну здаецца, што гэта навядзеньне зь яго боку нейкай «летапіснай справядлівасьці». Ён увесь у мітах і легендах, таму ня можа пагадзіцца з Мэркель.
Як вядома, «хрысьціцель Русі» князь Уладзімер Краснае Сонейка захапіў «маці гарадоў рускіх» Кіеў, прыбыўшы з дружынай з Ноўгараду. Вось і сучасны Ўладзімер, ня доўга думаючы, пра Кіеў паведаміў аднойчы «гораду і сьвету»: без праблем магу яго ўзяць. Ну сапраўды: чым ён горшы за старажытнага князя?
Але Кіева будзе замала, каб застацца ў гісторыі. Патрэбныя дадатковыя ляўры. Трэба хрысьціць Русь, як зрабіў князь Уладзімер. А калі гэта даўно пройдзены этап, узьнікае думка аб «хрышчэньні» ў «рускі мір» тых, хто знаходзіцца па-за межамі РФ. І трэба «заваяваць Ерусалім», але свой, рускі. Не гісторык паводле адукацыі, Уладзімер Пуцін мог даведацца пра хрышчэньне самога князя Ўладзімера ў крымскай Корсуні (славянская назва Херсанэсу) з раману «Востраў Крым», некалі «антысавецкага».
Пуцін заяўляе, што Крым для рускіх — гэта ўсё роўна як Храмавая гара ў Ерусаліме для мусульман і юдэяў, мае «сакральнае» значэньне, таму «тэрыторыя стратэгічна важная». Дзеля важкасьці ён спаслаўся на летапісцаў і паўлегендарную гісторыю з хростам князя Ўладзімера. Высокамоўныя фармулёўкі на царкоўныя тэмы гучаць з вуснаў кіраўніка сьвецкай дзяржавы, былога афіцэра дзяржбясьпекі прынамсі не да месца. Такая тэматыка болей пасавала б патрыярху. Аднак ён, адрозна ад Пуціна, бадай, разумее катастрафічнасьць агрэсіі супраць Украіны і дыпляматычна маўчыць.
Ну каму больш патрэбная царква ў Херсанэсе? Крамлёўскаму начальніку ці патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі? Адказ зразумелы. Аднак яго, патрыярха Кірыла, таксама дарэчы на сьвецкі лад Уладзімера (Уладзімер Гундзяеў), магло задавальняць, што ў Крыме і ва Ўкраіне агулам грунтоўна прысутнічае Руская праваслаўная царква і што там мірнае неба. Так, былі праблемы, але хіба іх можна параўнаць з тымі, што ўзьніклі пасьля анэксіі Крыму і вайны ў Данбасе? Ня кажучы, што на крымскім алтары цяпер кроў прынамсі пяці тысяч чалавек. Калі Пуцін не разумее, што такой не павінна быць «дарога да храму», то што ён тады ўвогуле можа разумець?
Адкуль жа ўзялася гэтая ідэя з крымскім хростам? Прыдворны гісторык Карамзін рабіў (1804) ідэалягічнае забесьпячэньне для свайго мэцэната цара Аляксандра І. У славутай «Гісторыі дзяржавы Расейскай» яму хацелася абгрунтаваць думку аб надзвычайнай карысьці для Расеі моцнай самадзяржаўнай улады. Карамзін знайшоў летапіс, дзе распавядалася гісторыя аб хрышчэньні князя Ўладзімера ў Корсуні. Калі б летапісу не было, яго варта было прыдумаць. Толькі нядаўна памерла Кацярына другая (1796), далучыўшы да Расейскай імпэрыі Крым (1783). А тут пісьменьнік Карамзін літаратурным стылем падмацуе гэты вайсковы трафэй царкоўна-гістарычна: маўляў, Расея мела правы на Крым яшчэ ў старадаўнія часы.
Князь Уладзімер, аднак, ня быў такім «чыстым», калі зірнуць на яго зь цяперашняй прававернай пазыцыі Крамля. Летапісы захавалі зьвесткі аб тым, што напачатку яму было ўсё роўна – хрысьціць Русь ці ісламізаваць. Да яго прыходзілі ў Кіеў «лаціньнікі» з прапановай рымскага хросту, сам ён паслаў чатырох набліжаных людзей у Харэзм, каб высьветліць магчымасьць прыняцьця ісламу. Была таксама думка «пахрысьціць» рускіх людзей у юдаізм. (Хто памятае: гэтую гісторыю выкарыстаў у «Хазарскім слоўніку» Павіч). І толькі потым, пасьля гутаркі з грэцкім філёзафам, Уладзімер нарэшце вызначыўся. Хоць навукоўцы і гісторыю з выбарам рэлігіі схільныя лічыць легендарнай. З такой адлегласьці часу праўду ад выдумкі адрозьніць бывае цяжка.
Існуюць таксама зьвесткі, што Ўладзімер пахрысьціўся ў самім Кіеве, паколькі ў горадзе ўжо існавалі храмы, альбо побач — у Васількове. Аднак гэтыя вэрсіі Карамзін перакрэсьліў, жадаючы ідэалягічна падмацаваць менавіта крымскія заваёвы нябожчыцы імпэратрыцы.
Вось такі жарт згуляла гісторыя з Пуціным, ён трапіў у палон «мітаў і паданьняў». Калі б яго звалі інакш, скажам, Мікалаем ці Пятром, то можа ён бы так не захапіўся гісторыяй з Уладзімерам Красным Сонейкам.
Ня лішнім будзе нагадаць і пра «беларускі сьлед» любімага сёньня Крамлём князя Ўладзімера. Ён сваім часам захапіў Полацак, згвалціў тамтэйшую князёўну Рагнеду на вачах бацькоў, забіў яе бацьку Рагвалода і двух братоў. Пасьля чаго прымусам забраў Рагнеду сабе ў жонкі. Адпомсьціў, што не пажадала раней сама «разуць рабыніча» перад сужэнскім ложкам, нагадаўшы тым самым, што ён сын наложніцы. Так што герой быў яшчэ той.
Дарэчы, пра Ерусалім. Захапіўшы яго, кіраўнік крыжовага паходу праявіў «сьціпласьць», не прыняўшы каралеўскі тытул, назваўся «абаронцам Дамавіны гасподняй». Ня выключана, мы неўзабаве пачуем пра новы тытул «абаронцы рускага міру», які пачаў з «рускага Ерусаліму».