Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы сабралі інтэрнэт-базу прарасейскіх баевікоў і памагатых. Хто зь беларусаў туды трапіў?


Народны дэпутат Украіны Антон Герашчанка некалькі тыдняў таму прэзэнтаваў праект па зборы дадзеных пра сэпаратыстаў, які стварыла група аднадумцаў, каб дапамагчы МУС і СБУ. Сайт называецца «Міратворац».

Паводле стану на 8 студзеня на сайце сабрана і апрацавана інфармацыя пра 9 тысяч імаверных баевікоў і іх саўдзельнікаў. Як кажуць стваральнікі, сайт «Міратворац» нарабіў нямала шуму ў сэпаратысцкіх колах. Дзякуючы базе дадзеных, сабранай праектам «Міратворац», на блёк-пастах пры выезьдзе з зоны АТА былі затрыманыя каля 150 тэрарыстаў і іх памагатых.

У базе сайту можна пабачыць імёны і фатаздымкі меркаваных баевікоў. Да кожнага прыкладаюцца спасылкі, а таксама дадзеныя з сацыяльных сетак — напрыклад, сэлфі з аўтаматамі ці здымкі з поля бою.

Хапае на сайце і тых, хто паходзіць зь Беларусі. Адзін зь іх адзначаны ў катэгорыі «тэрарыст» — Анатоль Малчанаў, пазыўны «Собр». Сьцьвярджаецца, што ён браў удзел у акупацыі Крыму, за што атрымаў мэдаль ад уладаў акупаванай рэспублікі.

Сяргей Ясюкевіч (справа)
Сяргей Ясюкевіч (справа)

Яшчэ адзін «тэрарыст» — Сяргей Ясюкевіч, 1990 году нараджэньня, зь Іўя. На ягоным профілі «Ўкантакце» сапраўды шмат фотак у вайсковай форме з георгіеўскай стужкай — як мяркуецца, зь іншымі баевікамі «ДНР»-«ЛНР». На адным са здымкаў, загружаным у сьнежні 2014 году, ён зьняты ў акупаваным Данецку.

Аляксей Фокаў, як адзначаецца на сайце, ваюе на баку «ДНР»-«ЛНР» ва Ўкраіне. Былы актывіст РНЕ і баец мар’інагорскага спэцназу публікаваў у сацыяльных сетках багата сваіх здымкаў, якія сьведчаць пра яго датычнасьць да падзеяў на Данбасе. Акрамя таго, на ягоных старонках зьявіўся заклік: «Ідзе вайна рускіх супраць Захаду... Вазьмі ўдзел у гэтай вайне, каб вайна заўтра не прыйшла ў твой дом».

Сярод нетэрарыстаў у базе ёсьць, напрыклад, Дзьмітры Кардаш з Ваўкавыску. У сьпісе ён адзначаны як «правакатар і ўкраінафоб». Сапраўды, у сацыяльных сетках ён перапошчвае антыўкраінскія допісы з суполак кшатлту «Антымайдан», актыўна бярэ ўдзел у дыскусіях пра расейска-ўкраінскі канфлікт на баку сэпаратыстаў.

Зь вядомых асобаў у базе ёсьць загадчык карпункту расейскага тэлебачаньня Андрэй Качура, узнагароджаны мэдалём ордэна «За заслугі перад Айчынай» «за аб’ектыўнае асьвятленьне падзеяў у Крыме», знакамітая снайпэрка з Барысава Натальля Красоўская, а таксама былы актывіст НБП з Салігорску Ігар Шчука.

Дадзеныя зьбіралі валянтэры. Мяркуецца, што пасьля матэрыялы сайту будуць скарыстаныя ў судах і стануць доказам «разьвязваньня Пуціным вайны».

Многія з «герояў» праекту ўжо пазакрывалі свае акаўнты ў сацыяльных сетках, а некаторыя, як кажуць стваральнікі, пачалі тэлефанаваць на гарачую лінію СБУ з пытаньнем, як атрымаць гарантыі амністыі ў выпадку добраахвотнага пераходу на ўкраінскі бок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG