Каляднае архіпастырскае пасланьне архіяпіскапа Наваградзкага, першагерарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Сьвятаслава Логіна.
«Хрыстос родзіцца, слаўце, Хрыстос зь нябёсаў, сустракайце.» (Ірмас 1-е песьні Каляднага Канону)
Любыя браты і сёстры ў Хрысьце !
Надышло адно з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў — Нараджэньне Госпада Нашага Ісуса Хрыста, званае ў нашым народзе — Каляды. Сьвяткаваньне гэтай гістарычнай падзеі штогод нагадвае нам пра Тайну прыйсьця на зямлю Сына Божага, які нясе мір і добрую волю ў дамы і сэрцы людзей. Таму Хрысьціянская вера яднала людзей і розныя народы паміж сабою.
Але не заўсёды людзі стваралі зямныя законы ў згодзе з законамі Боскімі. Часта імпэрыі намагаліся зьнішчыць іншыя краіны, у тым ліку і Беларусь. І цяпер суседні брацкі ўкраінскі народ вядзе змаганьне за сваю волю й незалежнасьць з усходнім агрэсарам, які выдаваў сябе за брата, а сёньня пагражае хрысьціянскім эўрапейскім народам.
Эвангельле дае чалавеку разуменьне таго, што ёсьць ад Бога, а што — ад нячыстага, і гэтым вучыць нас, як нам думаць і паступаць у розных выпадках нашага зямнога жыцьця.
Ці можа дзяржаўны імпэрыялізм і такі ж царкоўны «рускі мір», мець нешта супольнае з Хрыстовым вучэньнем?
Другая асоба Прасьвятое Тройцы — Сын Божы, прыйшоўшы на Зямлю болей за дзьве тысячы гадоў таму, абвясьціў, што ўсе людзі, як і ўсе народы — роўныя перад Богам і ёсьць братамі. Таму Беларуская Царква заўсёды моліцца за тое, каб наш народ быў вольным сярод вольных і каб незалежная Беларусь была на роўных зь іншымі дзяржавамі.
Зычу Беларускаму народу, што жыве на Бацькаўшчыне і ў замежжы, прасьвяднага мірнага неба і шчасьця ў Новым 2015 годзе ад Н.Х.!
Хрыстос нарадзіўся! Слаўце Яго!
Зь любасьцю й малітвамі,
+ Сьвятаслаў Логін,
Архіяпіскап Наваградзкі, Першаярарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.
Каляды 2014/2015 л.Б.