Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 геапалітычных рызыкаў 2015 году


Пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў каля вёскі Пяскі на Данбасе
Пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў каля вёскі Пяскі на Данбасе

Кожны год у студзені амэрыканская кансалтынгавая фірма Eurasia Group рыхтуе сьпіс геапалітычных тэндэнцый, якія, найбольш верагодна, зьменяць сьвет у новым годзе. Часопіс TIME апублікаваў сьпіс 10 галоўных рызыкаў 2015 году паводле вэрсіі Eurasia Group.

1. Эўрапейская палітыка

Сытуацыя ў эўрапейскай эканоміцы не такая дрэнная, як яны была ў разгар крызісу эўразоны ў 2012 годзе, але палітыка кантынэнту ў цяперашні час у значна горшым стане. У ключавых краінах — такіх як Вялікабрытанія і Нямеччына, анты-эўразьвязаўскія палітычныя партыі працягваюць набіраць папулярнасьць, падрываючы здольнасьць урадаў праводзіць балючыя, але неабходныя рэформы. Растуць трэньні паміж эўрапейскімі дзяржавамі, бо пэрыфэрыйныя ўрады ўсё больш абураюцца ўплыву моцнай Нямеччыны, не кантраляванай з боку слабой Францыі ці адсутнай Вялікабрытаніі. Да таго ж, Расея зь яе крыўдамі і агрэсіўная «Ісламская дзяржава» дадуць клопату аб бясьпецы ў Эўропе.

2. Расея

Санкцыі і зьніжэньне цэнаў на нафту дастаткова аслабілі Расею, каб прывесьці ў шаленства прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, але не дастаткова, каб стрымліваць ягоныя дзеяньні. Масква працягне ціснуць на Украіну, і, у выніку, амэрыканскія і эўрапейскія санкцыі будуць узмацняцца. Так як эканоміка Расеі прасядае, рэйтынг Пуціна будзе ўсё больш залежаць ад яго гатоўнасьці супрацьстаяць Захаду. Заходнія кампаніі і інвэстары зробяцца верагоднымі мішэнямі — у рэальнасьці і ў кібэрпрасторы.

3. Уплыў кітайскага запаволеньня

Эканамічны рост Кітая замарудзіцца ў 2015 годзе, але гэта ўсё частка пляну Сі Цьзіньпіна. Яго гістарычна амбітныя эканамічныя рэформы залежаць ад пераходу яго краіны да спажывецкай эканамічнай мадэлі, якая будзе патрабаваць ніжэйшага, але больш ўстойлівага росту. Далейшае запаволеньне будзе мець нязначнае ўплыў ўнутры Кітая. Але пацерпяць такія краіны, як Бразылія, Аўстралія, Інданэзія і Тайланд, эканомікі якіх залежаць ад актыўнага гандлю з галодным да рэсурсаў Кітаем.

4. Мілітарызацыя фінансаў

На дадзены момант, амэрыканская грамадзкасьць стамілася ад войнаў і акупацый, але адміністрацыя Абамы па-ранейшаму хоча аказваць значны ўплыў па ўсім сьвеце. Вось чаму Вашынгтон у новым маштабе ператварае фінансы ў зброю. ЗША выкарыстоўваюць пернік (доступ да рынкаў капіталу) і бізун (розныя віды санкцый) у якасьці інструмэнтаў дыпляматыі прымусу. Перавагі такога падыходу зьяўляюцца значнымі, але ёсьць рызыка, што гэтая стратэгія можа нанесьці шкоду амэрыканскім кампаніям, якія патрапяць пад перастрэлку паміж Вашынгтонам і дзяржавамі, супраць якіх уведзеныя санкцыі. Трансатлянтычныя адносіны могуць пакутаваць з-за гэтай жа прычыны.

5. «Ісламская дзяржава» па-за межамі Іраку і Сірыі

«Ісламская дзяржава» сутыкаецца з ваеннымі няўдачамі ў Іраку і Сірыі, але яе ідэалягічны ўплыў будзе распаўсюджвацца на ўсім Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. У 2015 годзе яна будзе арганічна расьці шляхам стварэньня новых падразьдзяленьняў у Емэне, Ярданіі і Саудаўскай Аравіі, і яна будзе натхняць іншыя джыхадысцкія арганізацыі далучацца да сваіх шэрагаў — Ансар Байт аль Макдас у Эгіпце і ісламісты ў Лівіі ўжо прысягнулі на вернасьць «Ісламскай дзяржаве». Па меры росту ўплыву ваяўнічых груповак, рызыка для суніцкіх дзяржаў, такіх як Савудаўская Арабія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Эгіпет, будзе расьці.

6. Слабыя кіраўнікі пры ўладзе

Слабыя палітычныя лідэры, многія з якіх былі ледзь пераабраныя ў мінулым годзе, стануць важнай тэмай 2015 году. У Бразыліі Дылма Русэф, у Калюмбіі Хуан Мануэль Сантас, у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы Джэйкаб Зума, у Нігерыі Гудлак Джонатан, а ў Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган — кожная зь іх сутыкнецца з сур’ёзнай апазыцыяй і значнымі перашкодамі на шляху да ажыцьцяўленьня сваіх палітычных праграм.

7. Рост стратэгічных сэктараў

Глябальныя кампаніі ў 2015 годзе ўсё больш будуць залежаць ад ня схільных да рызыкі урадаў, якія ў большай ступені арыентаваныя на палітычную стабільнасьць, чым на эканамічны рост. Гэтыя ўрады падтрымліваюць кампаніі, якія працуюць у адпаведнасьці зь іх сваімі палітычнымі мэтамі і караюць тых, хто гэтага не робіць. Мы ўбачым гэтую тэндэнцыю на рынках разьвіцьцёвых краін, дзе дзяржава ўжо гуляе больш значную ролю ў эканоміцы, і ў краінах-ізгоях, якія шукаюць зброю для барацьбы з больш магутнымі ўрадамі. Але мы таксама ўбачым яе ў ЗША, дзе прыярытэты нацыянальнай бясьпекі разьдзьмулі ваенна-прамысловы комплекс, які цяпер уключае ў сябе тэхналягічныя, тэлекамунікацыйныя і фінансавыя кампаніі.

8. Савудаўская Арабія супраць Ірану

Суперніцтва паміж шыіцкім Іранам і суніцкай Савудаўскай Арабіяй — рухавік канфлікту на Блізкім Усходзе. Улічваючы ўсё большае нежаданьне Вашынгтону і іншых зьнешніх сіл ўмешвацца ў рэгіёне, усё больш складаную ўнутраную палітыку ў гэтых двух краінах і рост напружаньня з нагоды бягучых перамоў па ядзернай праграме Ірана, мы можам чакаць, што ў 2015 годзе Тэгеран і Эр-Рыяд больш чым калі будуць чужымі рукамі распальваць праблемы ў іншых краінах Блізкага Ўсходу.

9. Тайвань / Кітай

Адносіны паміж Кітаем і Тайванем будуць рэзка пагаршацца ў 2015 годзе пасьля пераканаўчай перамогі апазыцыйнай Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі над кіруючай нацыяналістычнай партыяй на мясцовых выбарах у мінулым лістападзе. Калі Кітай вырашыць, што яго стратэгія эканамічнага ўзаемадзеяньня з Тайванем не дазволіла яму прасунуцца да сваёй канчатковай мэты ўзьяднаньня, Пэкін можа адмовіцца ад існуючых гандлёвых і інвэстыцыйных угодаў і істотна ўзмацніць жорсткасьць сваёй рыторыкі. Такі крок, несумненна, выкліча варожасьць грамадзтва ў Тайвані і надасьць яшчэ больш анты-мацерыковых настрояў у палітыку выспы. Любы камэнтар ЗША аб адносінах паміж Кітаем і Тайванем хутка павялічыць крыўды паміж Пэкінам і Вашынгтонам.

10. Турцыя

Зьніжэньне цэнаў на нафту дапамагло, але прэзыдэнт Эрдаган выкарыстаў выбарчыя перамогі ў 2014 годзе, каб паспрабаваць адцясьніць сваіх шматлікіх палітычных ворагаў і перарабіць палітычную сыстэму краіны, каб мацней трымаць сваю ўладу. Але ён наўрад ці сёлета атрымае паўнамоцтвы, якіх хоча, ствараючы болей спрэчак з прэм’ер-міністрам, зьмяншаючы ўзгодненасьць палітыкі і пагаршаючы палітычную непрадказальнасьць. Калі ўлічыць нестабільнасьць паблізу межаў Турцыі, дзе ідзе вайна супраць «Ісламскай Дзяржавы», дык гэта дрэнная навіна. Ўцекачы з Сірыі і Іраку прыўносяць ў краіну больш радыкалізму ў краіне і дадаюць эканамічных цяжкасьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG