Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мая абарона


Я выпіваю 150 старкі і іду на канцэрт.

На вуліцы «імжа, і склізота, і прыкрая золь». Горад прыбраны туманам, і вільгаць вісіць у паветры. Па дарозе да цэнтру «Primehall» мінаю гандлёвыя шапікі каля Палацу спорта: чырвона-зялёныя, яны амаль усе зачыненыя. Убогі аналяг Weihnachtsmarkt.

Я ўпершыню ў гэтай канцэртнай залі; яна прыемна зьдзіўляе, бо тут адчуваеш сябе спакойна. Людзі ўсё прыбываюць, яны замаўляюць сабе кактэйлі і каву, размаўляюць ні пра што і пра Пуціна, на сцэне ў гэты час беларускі гурт «Shuma», без вышыванак, але ў чорных адзеньнях, нібыта дзьве вядзьмаркі. Слоў амаль не чуваць і гук не надта адладжаны, але самая мэлёдыка разьнявольвае.

Да «Morcheeba» яшчэ амаль гадзіна. Я саджуся на выступе пры канцы dance-floor і гляджу на людзей у прыгожым эўрапейскім адзеньні. Для многіх гэта яўна шараговы вечар у прыемнай кампаніі. Пасьля бяссоннай ночы мне хочацца заплюшчыць вочы і падумаць. Час ёсьць.

Як адхінаецца гэтая заслона, я ня ведаю. З якога праса гадоў з 15 таму я пачуў гэты голас, заварожлівы і мяккі, бяздонны. Голас Skye. Для мяне яна ўсе тыя гады была толькі голасам, чамусьці нейкім прымхлівым шостым пачуцьцём я супраціўляўся фотаздымкам, уважаючы за лепшае ствараць уяўны партрэт. Ды і адкуль было ўзяць тыя здымкі ў 1990-х гадах у Пінску, горадзе без YouTube і Rolling Stone, дзе наяўнасьць «другога пня» (ён жа Pentium ІІ) лічылася безумоўным шыкам і наведнікі спэцыяльна прыходзілі глядзець, як шчасьлівы ўладальнік раскладае пасьянс. Музычнае паветра школы было сапсавана расейшчынай кшталту «Рукі ўверх» і астатнім шылам. Атручаны бацькавымі вініламі, я ўжо навучыўся абараняцца, то бок пасылаць усю гэтую геніяльную маскультурку на тры вясёлыя літары. Але чагосьці мне бракавала і ў старым рок-н-роле. Мабыць, вось гэтага нізкачастотнага жаночага вакалу, які ідзе з самой цішыні, нібыта на сэкунду адрываючыся ад яе.

I left my soul there,
Down by the sea
I lost control here
Living free

«The Sea» — здаецца, першая пачутая мной песьня — была нібы працягам пінкфлойдаўскай «The Great Gig in the Sky», бясслоўнай імправізацыі з бацькавага плыта. Якім далёкім здавалася мора і тая лёнданская дзяўчына, калі ты слухаеш песьню на старым касэтніку ў палескім райцэнтры. І вось яна тут, сьпявае для цябе.

...Я хачу сказаць, што мы не заўважылі, але Эўропа наблізілася. Яна, як тое мора, была тут, але адышла, адкацілася хваляй, на момант пакінуўшы непрывабную замуленую паверхню. І можа быць, менавіта музыка ў свой час не давала страціць надзею, што хваля сышла не назаўсёды...

Скай сьпявае ў Мінску збольшага альбом «Big Calm» 1998 году, крыху разбаўляючы яго хітамі з «Fragments of Freedom» (2000) і старым трып-хопам з першай плыткі. Ня дзіва, што з дыска «Antidote» (2005), на які гурт узяў новую вакалістку, не гучыць ніводнай песьні: Скай хоча ўспомніць і прадставіць менавіта ўласную «Morcheeba». Першы альбом «Who Can You Trust?» (1996) — клясычны трып-хоп: павольны, крыху дэпрэсіўны, цягучы^; тут голас Скай ідзе нібы ўпоравень з мэлёдыяй. «Big Calm» — дыск, на якім гурт «зьмяніў вэктар», стаў больш эмацыянальным, пачуцьцёвым, каб на трэцяй плытцы ператварыцца ў танцавальны.

Першую песьню Скай выконвае нібы ацэньваючы менскую публіку: гэта «Trigger Hippie» зь першага альбому. Голас яе, крыху прыцішаны, адрозьніваецца ад студыйнага. Зрэшты, і ёй не 22, як на запісе, а 40, таму шмат якія відэазапісы паказваюць, што голас яе не такі моцны, як раней. Таксама і Fender Telecaster Роса Годфры, працяжлівы на дысках, узмоцнены «wah-wah» i «chorus», на канцэрце падаецца сушэйшым.

Людзі ў фан-зоне сьпяваюць уголас і прымаюць гурт на ўра. Хтосьці працягвае наперад пачак алоўкавых партрэтаў гурту, пасьля чаго настрой на сцэне зьмяняецца на цалкам пазытыўны. «Фантастыка, вы ж ведаеце ўсе тэксты. Мы ўпершыню тут, але чаму? Чаму так? Відаць, вы нас не запрашалі?» — усьміхаецца Скай. Патлумачыць гэтае «чаму?» даволі цяжка. «Мы да вас прыехалі ледзь не на Каляды. Што, у вас яшчэ не Каляды? А калі ў вас Раство, 1 студзеня?» Публіка спрабуе тлумачыць розьніцу грыгарыянскага і юліянскага календароў. Рос Годфры задумліва адзначае: «Крута. Я заўсёды думаў, што 25-га — гэта зарана».

Атмасфэра такім чынам зьмяняецца непазнавальна. Музыкі радуюцца таму, што цэлая краіна, пра якую яны былі ні сном ні духам, слухала «Morchеeba» і завочна любіла іх усе гэтыя 15 гадоў. Таму яны стараюцца выкладвацца напоўніцу, як быццам хочуць адпрацаваць свае даўгі перад беларускай публікай. Асабліва актыўнаму фану з першага шэрагу, які ведае на памяць усе песьні, наліваецца шклянка ці то соку, ці то тэкілы. Пад найбольш папулярную сваю песьню «Rome Wasn’t Built In A Day» гурт сыходзіць.

Мы пляскаем і ня ведаем дакладна, ці выйдзе «Morcheeba». Зрэшты, гэтага ніколі ня ведаеш дакладна. Але калі б нават і Джон Ленан прызямліўся ў гэты вечар у Менску, выклікаць яго на «біс» было б цалкам натуральна. Скай выходзіць толькі ўдваіх з Росам Годфры, ён нясе з сабою акустычную гітару і адразу пачынае яе наладжваць. Што граць, яны як быццам яшчэ не вырашылі. «Як вам мая сукенка?» — паварочваецца Скай на 180 градусаў у сваёй чорнай сукні і выклікае авацыю. Яна сама шые сабе адзеньне, і некалі браты Годфры ледзьве адарвалі яе ад мадэльерства на карысьць вакалу. «Undress me now. You know how...» — напявае яна і зьвяртаецца да Пола — «Ты памятаеш, як гэта іграць?» Той сьмяецца і скрушна круціць галавой (у гэты момант мне чамусьці згадваецца канцэрт «Генералы айчыннага року» 2004 году і самотныя Кася Камоцкая і Слава Корань на вялізнай сцэне Лядовага палацу). Урэшце, гітара наладжана і пачынаецца ціхая «Over and Over». Гульлівы настрой не пакідае Скай, і яна перадае мікрафон хлапцу з першага шэрагу, а той старанна басіць: «I’m falling over and over and over and over again now», што выклікае дабрадушны сьмех у публікі.

Адна з апошніх песень, «Fear and Love», праходзіць з узьнятымі ўгору смартфонамі: Скай просіць уключыць ліхтарыкі. Я азіраюся, і не заўважаю вакол ніводнай запальнічкі.

...Вяртаюся дамоў. Пераскокваючы праз раскапаныя камунальніцкія траншэі, дабіраюся да кіёску, каб купіць вінаграду і міжволі падслухоўваю размову:

— А на Украіне як яго любяць
— Да і ў Расіі тожэ!

Fear can stop you loving
Love can stop your fear

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG