Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сем песень 50-гадовага, якіх няма ў топе Pearl Jam


Эдзі Вэдэр
Эдзі Вэдэр

23 сьнежня спаўняецца пяцьдзясят гадоў Эдзі Вэдэру, сьпеваку рок-гурту Pearl Jam з амэрыканскага Сіэтлу.

Pearl Jam атрымалі шалёную папулярнасьць у 1990-я, зрабіўшыся адной з іконаў стылю «грандж». Калі б Эдзі Вэдэр тады паўтарыў лёс галоўнай зоркі гранджу, Курта Кобэйна, дык няма сумневу, што на шмотках зь ягоным партрэтам нехта зарабіў бы дадатковыя мільёны.

На шчасьце, гэтага ня здарылася, і Pearl Jam працягваў запісваць альбомы і даваць канцэрты, байкатуючы пры гэтым арганізатараў-манапалістаў. Музыкі на нейкі час адмовіліся рабіць відэа і даваць інтэрвію, таму ў 2006 годзе часопіс Rolling Stone напісаў, што ўсё папярэдняе дзесяцігодзьдзе яны «наўмысна разбуралі ўласную славу».

Нягледзячы на гэта, Pearl Jam мае каля 60 мільёнаў прададзеных дыскаў і дзясяткі мільёнаў праглядаў на youtube. Тут сем песень у выкананьні Эдзі Вэдэра, якіх няма на першых радках у хіт-парадах і рэйтынгах праглядаў.

1) Deep.

У адрозьненьне ад хітоў "Alive", "Even Flow" і "Jeremy", гэтая песьня зь першага і найбольш папулярнага альбому Pearl Jam “Ten” не гучала на кожнай амэрыканскай ФМ-станцыі рок-фармату на пачатку 90-х. Але менавіта яна прымусіла мяне некалі запісаць альбом на касэту.

2) Wash.

Паколькі запісвалі той першы альбом мае галяндзкія прыяцелі, дык на касэце апынуўся і бонус, які патрапіў толькі ў эўрапейскае выданьне. Адна з трох «дадатковых» песень дагэтуль застаецца сярод любімых.

3) Rearview Mirror.

Песьня з другога альбому гурту – «Vs». Амаль мільён асобнікаў гэтага дыску раскупілі за першы ж тыдзень па яго выхадзе ўлетку 1993-га. Але Вэдэр ужо сьпявае, што на некаторыя рэчы лепей глядзець у аўтамабільнае люстэрка задняга віду.

4) Smile.

Чацьверты альбом Pearl Jam, які выйшаў у 1996-м, – «No Code» – упершыню не зрабіўся «мультыплятынавым», то бок не разышоўся як мінімум двухмільённым накладам у ЗША. Сам Вэдэр называў гэты запіс спробай набыць іншую пэрспэктыву.

5) Nothing As It Seems.

Запіс зь мяжы тысячагодзьдзяў з шостага студыйнага альбому «Binaural», які гэтым разам упершыню не зрабіўся нават проста «плятынавым», мільённым. Час мяняўся і разам зь ім мяняліся носьбіты музыкі – жывыя і мёртвыя. Нездарма Вэдэр сьпявае: «Усё ня так, як здаецца».

6) No Ceiling.

У 2007 годзе Эдзі Вэдэр запісаў першы сольны альбом – музыку да мастацкага фільму «Into the Wild». Яго песьні з розных бакоў чапляюцца за гісторыю хлопца, які сышоў жыць на самоце на Алясцы і там загінуў.

«Гэта праўда, як тое, што я дыхаю і сумую
Захаваю гэтую мудрасьць у сваім целе
Сыходжу з большай верай чым раней
І ёсьць прычына, чаму я вярнуся».

7) Getaway

Апошні на сёньня студыйны альбом Pearl Jam — «Lightning Bolt» — выйшаў у кастрычніку 2013-га. У нейкім сэнсе гурт вярнуўся да старога гуку, а ў гэтай песьні Эдзі Вэдэр нагадаў, што ня варта навязваць сваю веру іншым.
Здавалася б, што можа быць банальнейшым. Але словы «маё гэта маё, і тваё ня зойме яго месца» — фактычна галоўная тэма рок-музыкі. Толькі што сфармуляваная больш ветліва, чым вядомая фраза зь песьні гурту Rage Against the Machine: «F... you, I won’t do what you tell me!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG