Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытаньні папраўкі ў Падатковы кодэкс, якія прадугледжваюць, у прыватнасьці, павышэньне падаходнага падатку з 12 да 13%.
Пра гэта піша БелаПАН.
Як паведаміў намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі па бюджэце і фінансах Аляксандар Мякінік, дэпутаты «разумеюць, у якім цяжкім стане знаходзіцца краіна». Аднак, падкрэсьліў ён, падатковая нагрузка ў Беларусі ў наступным годзе будзе захаваная на ўзроўні падатковай нагрузкі Расеі і Казахстана, што «дазваляе быць канкурэнтаздольнымі ў рамках Мытнага саюза».
Акрамя павышэньня стаўкі падаходнага падатку, папраўкамі прадугледжваецца магчымасьць прадастаўленьня маёмаснага падатковага выліку па дамовах лізінгу з наступным выкупам жылога дома або кватэры для грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў.
Стаўкі акцызаў на нафтапрадукты будуць зьніжаныя ў сярэднім на 22% да ўзроўню 2014 году, стаўкі падатку на прыбытак для банкаў і страхавых арганізацыяў — павялічаныя з 18 да 25%.
Законапраект дае права мясцовым саветам дэпутатаў павялічваць (або зьмяншаць) ня больш чым у 2,5 разы стаўкі падатку на нерухомасьць і зямельнага падатку асобным катэгорыям плацельшчыкаў.
Таксама ў 2015 годзе будуць павялічаныя стаўкі акцызаў на ўсе групы падакцызных тавараў, за выключэньнем аўтамабільнага паліва і піва. На моцны алькаголь акцызы павысяцца на 6%, на цыгарэты — на 15-30%.
Будзе ўзьняты памер падатку на доступ аўтасродкаў да дарожнага руху: на 1 базавую велічыню — на легкавыя аўтамабілі, якія належаць фізычным асобам, а на 2 базавыя велічыні — на астатнія віды транспартных сродкаў.
Адначасова з гэтым уводзіцца льгота ў памеры 50% ад стаўкі дзяржаўнага мыта ў дачыненьні да транспартнага сродку, уладальнікам якога зьяўляецца пэнсіянэр паводле ўзросту, інвалід I або II групы.