Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унітаз па-беларуску


«Вот, например, какие есть белорусские соответствия для российских терминов „унитаз“ и „стояк“?» — спыталася неяк сёлета ў Фэйсбуку адна віцебская змагарка супраць навязваньня беларускай мовы. Пытаньне відавочна задумвалася як рытарычнае — у духу апакрыфічнага выказваньня аднаго рэктара аднаго беларускага экзыльнага ўнівэрсытэту: «Да полноте, ну какой, в самом деле, Гегель по-чувашски...»

Але ж і праўда — пошук беларускіх адпаведнікаў для словаў з самых розных жыцьцёвых сытуацыяў часта стварае немалыя праблемы адукаваным амаль выключна ў расейскай мове беларусам. Нарматыўныя акадэмічныя слоўнікі задавальняюць не заўсёды — яны часта бываюць занадта сухія, нешматслоўныя і афіцыёзныя. Тэкст, перакладзены з дапамогай афіцыйнага слоўніка, будзе гучаць як службовая інструкцыя або артыкул у раённай газэце.

Што рабіць, калі вы ня вырасьлі пад сялянскай страхой у дарэвалюцыйнай беларускай вёсцы, або калі не перачыталі шмат разоў, вывучыўшы ледзь не на памяць, творы найлепшых майстроў беларускага слова — і таму ня можаце зь лёгкасьцю выказаць любую думку, эмоцыю, пачуцьцё сакавітай ідыяматычнай беларускай мовай?

Вось тут на дапамогу нам прыходзяць слоўнікі неафіцыйныя, нестандартныя — слоўнікі аўтарскія. Гэтая зьява ў беларускай лексыкаграфіі ня новая, аўтарскімі ў большай або меншай ступені можна лічыць старыя беларускія слоўнікі — Івана Насовіча, Вацлава Ластоўскага, Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, Міколы Байкова і Сьцяпана Некрашэвіча, Янкі Станкевіча. Ствараюцца такія слоўнікі і цяпер — тут перадусім варта згадаць працы Юрася Пацюпы.

Сёлета да сьпісу аўтарскіх слоўнікаў дадаўся яшчэ адзін — «Слоўнічак расейска-беларускіх адпаведнікаў» паэта Алега Мінкіна. (Слоўнік разьмешчаны на беларускім кніжным партале kamunikat.org.)

Сам аўтар тлумачыць прынцып арганізацыі слоўніка і яго мэты так: «У „Слоўнічку расейска-беларускіх адпаведнікаў“, у левай графе, пададзеныя расейскія словы й словаспалучэньні (выслоўі, устойлівыя выразы, параўнаньні ды інш.), на якіх мы найчасьцей „спатыкаемся“, робячы мэханічны пераклад з расейскай мовы, ствараючы „кальку“ замест праўдзівага беларускага адпаведніка. У правай графе складальнік паспрабаваў, паводле собскага густу й дасьведчанасьці, паказаць сапраўдныя моўныя адпаведнікі. Гэткім парадкам, „Слоўнічак адпаведнікаў“ трэ’ разглядаць з-пад увагі, што гэта ня проста „Расейска-беларускі слоўнік“, а, перадусім, спроба выбавіцца зь верхменаванага „калькаваньня“. Маім галоўным заданьнем было стварыць практычны дапаможнік для шырокага карыстальніка — для ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай».

У працы над «Слоўнічкам», тлумачыць аўтар, ён выкарыстаў як свае ўласныя напрацоўкі, так і знаходкі іншых асобаў, неабыякавых да праблемы «кáлек-калéк» у сучаснай беларускай мове. «Слоўнічак» Мінкіна, магчыма, ня вытрымаў бы строгай і прынцыповай лексыграфічнай крытыкі, у ім зьмешаныя розныя прынцыпы і падыходы, не распрацаваны апісальны апарат, беларускія адпаведнікі маюць розны статус — ад стандартных варыянтаў перакладу да сьмелых паэтызмаў, дыялектызмаў і аказіяналізмаў. Аднак Алег Мінкін і не прэтэндуе на акадэмічную дасканаласьць сваёй працы — ён папярэджвае, што ён «ніякі не мовазнаўца, а проста моўны практык». А пры гэтым — дадамо — яшчэ і адзін з найлепшых паэтаў свайго пакаленьня, чуйны да беларускага слова, што надае «Слоўнічку» дадатковую каштоўнасьць.

Каб вы адчулі дух «Слоўнічка», падам у якасьці ілюстрацыі слоўнікавае гняздо лексэмы место з усімі магчымымі канатацыямі:

место ме`сца
место (на ландшафте) мясьці`на
место (заболоченное) за`балаць, ба`гнішча
место (сухое, на болоте) устру`гавіна
место (топкое) топель, агі`ба, валога, жыме`рва, крактаві`ньне
место (мокрое, низкое) мокуць, артэ`па, жыватока
место (чудотворное) прошча
место (голое) га`ла, гало, агальча`к
место (низкое) смужаві`на
место (возвышенное, сухое, на низине) бурвэ`лак, бурвала`к
место (укромное) за`цішак, зату`лак
место (в углу под иконами) покуць
место (покрытое пнями) пне`вішча
место (под пнём) пні`ва
место (под окнами) павоканьне
место (где было озеро) азяры`шча
место (где растёт вереск) верасаві`шча
место (где стоял замок) за`мчышча
место (где была мельница) млына`рышча
место (где стоял хлев) хле`вішча
место (где стелят) сьце`лішча
место (за забором) заплоцьце
место (за гумном) загуме`ньне
место (грибное) грыбовішча
место (глухое) за`падзь
место (открытое) буй
место (где ссыпают) ссы`пішча
место (сплава брёвен) рум...

Безумоўна, карыстаньне аўтарскімі слоўнікамі — справа рызыкоўная. Колькі моўных монстраў і хімэраў спарадзілі свайго часу безаглядныя адэпты моватворчасьці Вацлава Ластоўскага або Янкі Станкевіча... Карыстацца аўтарскімі слоўнікамі — а гэта датычыць і згаданага «Слоўнічка адпаведнасьцяў» — трэба адказна і асьцярожна, узважваючы кожнае слова, прыслухоўваючыся да мэлёдыі сказу, у якім яно ўжытае, уяўляючы сабе як яно будзе ўспрынятае і зразуметае слухачом. Аўтарскія слоўнікі вырываюцца за рамкі стандарту, нарматыўныя слоўнікі спрабуюць гэтую творчую стыхію ўтаймаваць. Задача ўдумлівага карыстальніка — знайсьці раўнавагу паміж гэтымі палюсамі.

Алег Мінкін падкрэсьлівае, што ягоны «Слоўнічак» — адкрыты праект, і запрашае ўсіх чытачоў і зацікаўленых асобаў да супрацоўніцтва, каб супольна стварыць «нешта больш дасканалае».

...Ну а сапраўды — якія ж беларускія адпаведнікі «расейскіх» тэрмінаў «унитаз» і «стояк»? Cлоўнічак Алега Мінкіна адказаў на гэтае пытаньне не дае. Пакуль што.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG