Каля трыццаці стужак зь беларускім арнамэнтам, якія актывісты раздавалі сёньня ў Менску, застануцца ў Савецкім РУУС.
Прыкладна а 12-й гадзіне каля Камароўскага рынку, дзе знаходзіўся адзін з пунктаў раздачы стужак, супрацоўнікі міліцыі затрымалі удзельнікаў акцыі і журналістаў: дырэктара Арт Сядзібы Паўла Белавуса, Францішка Вячорку, фотажурналіста Уладзіміра Грыдзіна і валянтэрку Кацярыну Хвайніцкую. Затрыманых адвезьлі ў Савецкі РУУС нібыта для праверкі дакумэнтаў.
Міліцыянты патлумачылі затрыманьне скаргай ад кагосьці з грамадзянаў, на якую яны былі вымушаныя адрэагаваць.
У РУУС у затрыманых узялі тлумачэньні, а таксама абшукалі асабістыя рэчы. У Паўла Белавуса канфіскавалі 30 стужак, як патлумачылі супрацоўнікі міліцыі, «на праверку». Павал Белавус даў тлумачэньне, што акцыя мае прамацыйны характар і прымеркаваная да Дня вышыванкі, які адбудзецца 13 сьнежня ў Палацы мастацтва.
Фотажурналіста Ўладзя Грыдзіна адпусьцілі у 14:40. У РУУС ён правёў дзьве з паловай гадзіны.
У 15:20 вызвалі Францішка Вячорку, трошкі пазьней — астатніх.
Стужкі сёньня раздаюць у больш чым 30 пунктах Менску як на вуліцы, так і ў дзяржаўных установах, у тым ліку на факультэтах БДУ.